НЕАНТАЛО́ГІЯ [ад неа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],

комплекс біялагічных навук пра сучасны арган. свет. Вывучае будову і функцыян. асаблівасці жывых арганізмаў, іх індывід. развіццё, роднасныя сувязі, пашырэнне, узаемаадносіны з навакольным асяроддзем і паміж сабой. Пры вывучэнні слаба змененых рэшткаў арганізмаў з антрапагенавых адкладаў (напр., трупаў мамантаў) мяжуе з палеанталогіяй.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫКАЛО́ГІЯ (ад лац. codex кніга + ...логія),

спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае стараж. і сярэдневяковыя рукапісныя кнігі; раздзел кнігазнаўства. Даследуе сучасны стан стараж. кнігі, пераплёт, запісы і бібліятэкарскія паметы, нумарацыю сшыткаў і аркушаў і інш. надпісы, што не адносяцца да тэксту кнігі; разглядае кнігу як аб’ект, які змяшчае звесткі пра яе геаграфію і гісторыю.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯЛО́ГІЯ (ад крыя... + ...логія),

навука пра прыродныя аб’екты і працэсы, якія адбываюцца ў крыясферы. Даследуе фіз., хім. і мінералагічныя змены вады пры т-ры ніжэй пункта яе замярзання, а таксама прыродныя целы, якія ўзнікаюць пры адмоўных т-рах (атм. льды, наземныя і марскія зледзяненні, шматгадовая мерзлата). Падзяляецца на гляцыялогію і геакрыялогію.

Крыяліт.

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛО́ГІЯ (ад ды... + ...логія),

два самастойныя паводле будовы творы, звязаныя агульнасцю задумы, сюжэта, дзейных асоб. Найчасцей сустракаецца ў прозе (раманы А.​Кулакоўскага «Расстаёмся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях»; раманы А.​Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», аб’яднаныя пад агульнай назвай «Партызаны»), рэдка — у паэзіі (Д. «Грозная пушча» А.​Куляшова складаецца з паэм «Стрэчны агонь» і «Грозная пушча») і драматургіі.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯЛО́ГІЯ (ад мія... + ...логія),

раздзел анатоміі, які вывучае будову мышачнай сістэмы. Сістэм. апісанне анатоміі мышцаў зрабіў А.Везалій. На Беларусі даследаванні ў галіне М. праводзяцца ў мед. ін-тах, Акад. фіз. культуры і спорту, Ін-це фізіялогіі Нац. АН (А.​С.​Дзмітрыеў) і інш. Вывучаюцца пытанні развіцця, гісталагічнай будовы, тапагр. анатоміі, гістахіміі, біяхіміі, фізіялогіі мышачнай сістэмы, яе дзейнасці ў розных умовах.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАЛО́ГІЯ (ад аэра... + ...логія),

раздзел метэаралогіі, які вывучае фіз. працэсы і з’явы ў свабоднай атмасферы (вышэй за прыземны слой) і распрацоўвае метады іх даследавання. Даследуе састаў і будову атмасферы Зямлі, утварэнне воблакаў і ападкаў, цеплаабмен у свабоднай атмасферы, паветр. плыні, узаемадзеянне паветр. масаў і інш. Выкарыстоўвае метады зандзіравання атмасферы, электронную апаратуру, радыёлакацыю, авіяцыйную, ракетную і метэаралагічную спадарожнікавую тэхніку. Назіранні праводзяцца на аэралагічных станцыях і ў абсерваторыях.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТАЛО́ГІЯ (ад планеты + ...логія),

комплекс навук, якія вывучаюць паверхневую і ўнутр. будову, фіз. стан і хім. састаў рэчыва планет Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў, распрацоўвае гіпотэзы і тэорыі іх утварэння і эвалюцыі. Даследаванні вядуцца апаратурай з касм. караблёў, аптычнымі назіраннямі з Зямлі і непасрэдна геал. метадамі на ўзорах парод з Месяца і метэарытах. Гл. таксама Касмагенныя мінералы, Касмагонія, Касмалогія, Касмахімія, Касмічнае землязнаўства.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМАТАЛО́ГІЯ (ад прыматы + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае прыматаў, іх анатомію, эмбрыялогію, фізіялогію, паходжанне, сістэматыку, распаўсюджванне і лад жыцця. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 2-й пал. 1950-х г. (М.​Ф.​Нестурх, 1960). П. медыцынская — адзін з навук. кірункаў у эксперым. медыцыне, які вывучае паталогію чалавека ў доследах на малпах. Гл. таксама Антрапалогія.

Літ.:

Нестурх М.Ф. Приматология и антропогенез. М., 1960;

Фридман Э.П. Приматы. М., 1979.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАЛО́ГІЯ (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...логія),

навука, якая вывучае заканамернасці ўзнікнення, развіцця і вынікі хвароб; тэарэтычная аснова медыцыны. Дае магчымасць выявіць сутнасць хваробы; яе функцыян. і структурныя праявы, вызначыць прынцыпы прафілактыкі і лячэння. Найб. агульныя прычыны і заканамернасці паталаг. працэсаў (алергіі, атрафіі, гарачкі, дыстрафіі, запалення, некрозу, парушэнняў лімфа- і кровазвароту) вывучае агульная П., канкрэтныя хваробы — асобная П. Падзяляецца на паталагічную анатомію і паталагічную фізіялогію.

Літ.:

Пауков В.С., Хитров Н.К. Патология. М., 1995.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТЫМАЛО́ГІЯ (ад лац. victima ахвяра + ...логія),

навука, што даследуе псіхал. і маральныя рысы асобы — ахвяры злачынства і любыя формы праяўлення грамадскай паталогіі, у выніку якіх прычыняецца шкода асобе. У больш вузкім сэнсе (у т. л. ў крыміналогіі) вывучае тыпы ахвяр — віноўнікаў злачынства, чые паводзіны могуць быць небяспечнымі для іх саміх і ствараюць павышаную верагоднасць замаху на іх; умовы, спрыяльныя для ўчынення злачынства; даследуе сувязі ахвяры і злачынца, ролю ахвяры ва ўчыненым злачынстве, а таксама адносіны да ахвяры органаў правасуддзя.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)