Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РСКІ ЛЕС (Bayrischer Wald),
складкава-глыбавы крышт. хрыбет на ПдУ Германіі. Даўж. каля 90 км, выш. да 1121 м (г. Эйнёдрыгель). Паверхня згладжаная, з асобнымі завостранымі вяршынямі. Паўн.-ўсх. схілы адносна пакатыя, паўд.-заходнія стромка спадаюць да даліны р. Дунай. Да выш. 800 м укрыты ялова-букавымі, вышэй — ялова-піхтавымі лясамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ЛЕС,
нізіннае балота на Пд Кобрынскага (24,4 тыс.га) і Драгічынската (15,7 тыс.га) р-наў Брэсцкай вобл., у вадазборы Дняпроўска-Бугскага канала і р. Мухавец. Пл. 40,1 тыс.га, у межах прамысл. пакладаў 24,8 тыс.га. Глыб. торфу да 5,6 м, вял. плошчу займаюць забалочаныя мінер. глебы і мелказалежныя тарфянікі. Месцамі ёсць сапрапель і мергель магутнасцю да 3 м. На неасушаных землях пераважае хмызняк і драбналессе з вярбы, вольхі, бярозы; травяное покрыва пераважна з асок. Балота падзелена пясчанымі градамі (агульная пл. 1,2 тыс.га) на некалькі масіваў. Асобныя грады пад лесам з вольхі і бярозы, хмызняком з ляшчыны і вярбы, месцамі ворыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗІМО́ВЫ ЛЕС»
(«Waldwinter»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад 3-й і 4-й Беларускіх, «За Савецкую Беларусь», Сіроцінскай, «Няўлоўныя», атрадаў Бел. дыверсійнай брыгады імя Леніна, некалькіх спецгруп у трохвугольніку чыгунак Віцебск—Невель—Полацк 27.12.1942—25.1.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 286-й ахоўнай і падраздзяленнямі 391-й вучэбна-палявой дывізій, зондэркаманд з гасп. камендатуры Віцебска. Была працягам карнай аперацыі «Клетка малпы». Пасля жорсткіх баёў уздоўж р. Обаль большасці партыз. фарміраванняў удалося прарвацца цераз чыг. Полацк—Невель і вывесці з сабой тысячы мясц. жыхароў.
У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі 1627 чал., 2041 чал. вывезлі ў Германію, поўнасцю спалілі вёскі Аржавухава, Белае, Чарбамыслы з большасцю жыхароў, захапілі 7468 галоў жывёлы, 446,8 т збожжа і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІВА́НКА»,
бел.нар. гульня. На зямлі чарцілі круг («лес»), а ў сярэдзіне крута квадрацік («дом лесавіка»). У квадрацік змяшчалі «Іванку» (ляльку ці любы прадмет) і выбіралі «лесавіка». Астатнія ўдзельнікі гульні — «лебедзі». Яны заляталі ў «лес», спрабавалі забраць «Іванку», а «лесавік» — злавіць «лебедзя» рукой або дакрануцца да яго галінкай. Злоўленыя «лебедзі» выбываюць з гульні. «Лебедзь», якому ўдасца вынесці з «ле́су» «Іванку», становіцца «лесавіком», і гульня пачынаецца спачатку. Гульня заканчваецца, калі злоўлены ўсе «лебедзі» або па жаданні ўдзельнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРАНІ́Н (Арсень Міхайлавіч) (н. 13.3.1949, в. Малыя Краглі Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з жонкай І.Данілавай). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыпціх «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст.навуч. устаноў, «Песня пра зубра» (1995), для абл.драм.т-ра — усе ў Гомелі, «Лес» (1996) і інш. Творчасць адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТЧЭЛ (Mitchell),
горная вяршыня ў Блакітным хр. (масіў Чорныя горы); самая высокая вяршыня Апалачаў у Паўн. Амерыцы. Выш. 2037. Складзена з кварцытаў. На схілах — хваёвы лес, на вяршыні — лугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
штучныя лясныя насаджэнні. Ствараюцца пасевам, пасадкай дрэў і кустоў на плошчы, раней укрытай лесам, або пад полагам лесу (аднаўленне лесу), а таксама дзе лес адсутнічаў (лесаразвядзенне). Адрозніваюць Л.к. суцэльныя (на ўчастках, дзе лес прыродна не аднаўляецца або адсутнічае), частковыя і падполагавыя (дзе лес аднаўляецца нездавальняюча), папярэднія (пад полагам лесу, прызначанага для высечкі). Суцэльныя Л.к. бываюць чыстыя (з 1 пароды дрэў) і мяшаныя. У якасці гал. парод у зоне мяшаных лясоў культывуюць хвою, елку, дуб, таполю, лістоўніцу і інш., спадарожных — бярозу, ясень, граб, ліпу і інш. Л.к. пашыраюць плошчу высокапрадукц. насаджэнняў, ахоўваюць глебу ад эрозіі, паляпшаюць мікракліматычныя, сан.-гігіенічныя, гасп., рэкрэацыйныя і інш. якасці асяроддзя. Адзін з відаў Л.к. — ахоўныя лясныя насаджэнні: водаахоўныя лясы, зялёныя зоны, лясныя палосы. На Беларусі з 1950-х г. Л.к. створаны на пл. каля 1,6 млн.га, з іх хваёвых — 74% плошчы, яловых — каля 15%, дубовых — каля 8%.
Літ.:
Редько Г.И. Родин А.Р., Трещевский И.В. Лесные культуры. М., 1980;
Сироткин Ю.Д., Праходский А.Н. Лесные культуры. Мн., 1988.