апошні на тэр. Беларусі стадыял дняпроўскага зледзянення. Адбыўся 140—230 тыс.г. назад у час распаду ледавіковага покрыва. Ледавіковы фронт займаў паўн. частку Беларускай грады, яму былі ўласцівы актыўныя асцыляцыі, што стварылі разнастайныя гляцыядыслакацыі. У час Ашмянскага стадыялу ўзніклі ледавікова-акумулятыўныя ўзвышшы паўн. галіны Беларускай грады (Ашмянскае, Докшыцкая галіна Мінскага узв. і інш.) і марэнна-водналедавіковы рэльеф каля яе падножжа. Некаторыя даследчыкі антрапагену Беларусі лічаць, што Ашмянскі стадыял адбыўся ў час сожскага зледзянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́ВЕНЬ-КА́МЕНЬ»,
помнік прыроды ў Беларусі, каля дарогі в. Крэва — г. Маладзечна, за 3 км на Пд ад в. Вавукі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.Ледавіковы валун ружовага граніту рапаківі з авоідамі палявога шпату. Даўж. 3 м, шыр. 2,7 м, выш. над паверхняй зямлі 1,7 м, у абводзе 9 м, аб’ём 7 м³, маса каля 20 т. Формаю круглаваты, пастаўлены рубам, верхняя ч. нагадвае завітую грыву каня. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс.г. назад з раёна г. Выбарг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРЭ́ЗСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды ў Беларусі, каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны. За 2 км на Пд ад в. Забрэззе Валожынскага р-на Мінскай вобл. Вялікі ледавіковы валун ружавата-шэрага сярэднезярністага мігматыту. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,6 м, выш. 1,7 м, у абводзе 12,8 м, аб’ём 15 м³, маса каля 40 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад з паўд. Карэліі. На паверхні З.в. захавалася вял. паглыбленне (50—70 см у папярочніку, да 10 см глыбіні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎ (Канстанцін Канстанцінавіч) (20.5.1905, г. Выбарг Ленінградскай вобл., Расія, — 1980),
расійскі географ, геамарфолаг. Акад.АНСССР (1970). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). Удзельнік экспедыцый на Памір, Цянь-Шань, Д. Усход, у Сібір і тройчы ў Антарктыду (1955—60). Навук. працы па даследаванні чацвярцічнага перыяду на тэр.СССР, геамарфалогіі, палеагеаграфіі, тэорыі фіз. геаграфіі, геаграфіі Антарктыды і Сусветнага ак. Аўтар (разам з І.П.Герасімавым) зводкі «Ледавіковы перыяд на тэрыторыі СССР» (1939). Удзельнік стварэння «Атласа Антарктыкі» (т. 1—2, 1966—69). Дзярж. прэмія СССР 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ АСТРАВІ́ТА,
гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл.Засн. ў 1979 з мэтай захавання унікальных вадаёмаў Бел. Паазер’я і месцаў росту палушніку азёрнага, занесенага ў Чырв. кнігу Беларусі. Пл. 168 га (1996). Размешчаны на тэр. Арлейскага лясніцтва, уключае азёры Гваздок, Вялікае Астравіта і прылеглую ч. водазаборнай плошчы, укрытую лесам. Заказнік знаходзіцца на ПнУ Полацкай нізіны. Рэльеф азёрна-ледавіковы. У раслінным покрыве пераважае хвоя, на Пд і ПдЗ трапляюцца ельнікі і бярэзнікі. Воз. Вялікае Астравіта з устойлівым гідралагічным балансам і высокімі якаснымі паказчыкамі гідрахім. складу вады; аб’ект маніторынгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РСКАЕ ПААЗЕ́Р’Е (Pojezierze Pomorskie),
узгорыстая раўніна на ПнЗ Польшчы паміж ніжнімі цячэннямі р. Одэр на З і р. Паслэнка на У (дзе мяжуе з Мазурскім Паазер’ем), берагам Балтыйскага м. на Пн і стараж. далінай Варты — Нотаці на Пд. Выш. да 329 м (г. Вяжыца). Характэрны ледавіковы плейстацэнавы рэльеф з градамі канцавых марэн. У міжмарэнных паніжэннях — азёры. На Пн і Пд — зандравыя раўніны. Пашыраны штучныя насаджэнні хвоі, рэшткі дубова-букавых лясоў, верасоўнікі, тарфянікі. П.П. — таксама агульная назва Паўднёва-Балтыйскіх Паазер’яў, сярод якіх вылучаюць Заходне-, Паўднёва- і Усходне-Паморскае Паазер’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЧАНСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды ў Беларусі. За 0,5 км на Пд ад в. Зарэчча Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Буйны ледавіковы валун светла-ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў. Даўж. 3,3 м, шыр. 2,2 м, выш. 2,2 м, у абводзе 8,6 м, аб’ём 8,5 м³, маса каля 22 т. Прынесены ледавіком каля 220—110 тыс.г. назад з Выбаргскага масіву. Мае 33 штучныя паглыбленні паўсферычнай формы (4—6 см у папярочніку, да 2 см глыбіні), зробленыя чалавекам каля 2—2,5 тыс.г. назад. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́НЕЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды на Беларусі. За 0,2 км на Пн ад в. Зенеўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Буйны ледавіковы валун ружова-бурага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў. Даўж. 4,7 м, шыр. З м, выш. 2,1 м, у абводзе 9,6 м, аб’ём 16 м³ маса каля 42 т. Прынесены ледавіком каля 220—110 тыс.г. назад са Скандынавіі. На бакавой паверхні захавалася 25 штучных паглыбленняў паўсферычнай формы (1—5 см у папярочніку, да 2,5 см глыбіні), зробленых чалавекам каля 2—2,5 тыс.г. назад. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЦАБЫ́К, мускусны бык (Ovibos moschatus),
жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Трапляецца ў Грэнландыі і на некаторых а-вах Канадскага арктычнага архіпелага. Колькасць невялікая, ахоўваецца. У ледавіковы перыяд жыў на Беларусі.
Даўж. цела да 2,5 м, выш. ў карку да 1,45 м, маса да 300 кг. Поўсць цёмна-бурая, доўгая (да 0,9 м) і густая. Рогі ў самцоў і ў самак, даўж. да 0,73 м. Корміцца лішайнікамі, мохам, травой. Цяжарнасць каля 9 месяцаў. Нараджае 1 цяля раз у 2 гады. Акліматызаваны ў Нарвегіі і на в-ве Шпіцберген, распачата акліматызацыя на в-ве Урангеля і на п-ве Таймыр. У шэрагу краін аўцабыкоў трымаюць на фермах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСКРЫ́ЛАЯ ГАГА́РКА (Piguinus impennis),
нелятаючая птушка сям. чысцікавых. Жыла на ўзбярэжжах Атлантычнага ак. Еўропы і Паўн. Амерыкі. На Атл. узбярэжжы ЗША даходзіла да Фларыды, у Еўропе — да прыбярэжных раёнаў Францыі і Паўд. Іспаніі; у ледавіковы перыяд жыла і на Пд Італіі. Апошняя пара бяскрылай гагаркі і іх яйцо знішчаны ў 1844 на в-ве Элдзі-Року каля паўд. ўзбярэжжа Ісландыі. Захаваліся шкуркі, шкілеты, тушкі і яйцы.
Даўж. да 75 см, маса да 5 кг. Падобная да пінгвіна. Афарбоўка цела зверху чорная, знізу белая. Наперадзе вачэй 2 вял. белыя плямы. Крылы недаразвітыя, дзюба шчыльная, вострая. Кармілася рыбай, несла 1 яйцо. Мела першагатунковы тлушч пад скурай, таму знішчана.