раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ЦЯЗЬ,
возера ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Моўчадзь, за 22 км на Пд ад г. Навагрудак, на тэр. ландшафтнага заказніка Свіцязянскі. Пл. 2,24 км², даўж. 1,7 км, найб.шыр. 1,6 км, найб.глыб. 15 м. Пл. вадазбору 14 км². Катлавіна прасадачнага (суфазійнага) тыпу. Схілы спадзістыя, параслі лесам, на Пд і ПдЗ забалочаныя, тарфяністыя. Прыбярэжная ч. возера да глыб. 3—5 м выслана пяском, глыбакаводная — ілам. Вада слабамінералізаваная (да 35 мг/л), празрыстасць 4—5 м. Слаба зарастае. У возеры растуць лабелія Дортмана і палушнік азёрны, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі. Выцякае р. Сваротва. На возеры пансіянат «Свіцязь», шматлікія зоны адпачынку. С. услаўлена А.Міцкевічам у баладах «Свіцязь» і «Свіцязянка». На зах. беразе С., каля в. Валеўка, выяўлена стаянка позняга палеаліту; знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл, мікраліты, скрабкі, нуклеўсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац.Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).