ЛУ́НІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1997 з мэтай аховы прыродных комплексаў Палесся. Пл. 9283 га. Хвойнікі, дубровы, дубова-грабавыя лясы, астраўныя ельнікі. Балоты. Журавіннікі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: венерын чаравічак, зубніца клубняносная, тайнік яйцападобны, цыбуля мядзведжая (чарамша), купальнік горны, грыб-баран; у воз. Белае рэліктавыя лабелія Дортмана і палушнік азёрны.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак пра аб’екты, што складаюць прамысловыя рэсурсы краіны, рэгіёна. Змяшчае прамысл.-біял. характарыстыку аб’ектаў (класіфікацыя, дынаміка відаў і папуляцый, ступень іх даследаванасці, нормы здабычы, меры аховы і інш.), сац.-эканам. ацэнку, картаграфічныя і стат. звесткі, рэкамендацыі па рацыянальным выкарыстанні, напр., Дзярж. кадастр жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь (уключае кадастравыя кнігі паляўнічых і прамысл. жывёл) і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫ ФОН,

асобныя фізічныя, хім. і інш. паказчыкі, якія характарызуюць прыроднае асяроддзе ці ўмовы пэўнай мясцовасці і выражаюць узровень уздзеяння розных прыродных фактараў. Дазваляе праводзіць колькасную і якасную ацэнку ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. Напр., геахім. фон падземных вод, канцэнтрацыя азону ў атмасферы, фон тэхнагенных таксікантаў у глебе і інш. На Беларусі з’яўляецца адным з аб’ектаў Нац. сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАВО́Е ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

форма фізічнага забруджвання навакольнага асяроддзя, звязаная з перыяд. або пастаянным перавышэннем узроўню натуральнай асветленасці мясцовасці ў выніку інтэнсіўнага выкарыстання крыніц штучнага асвятлення. Характэрна для індустр. цэнтраў, вял. гарадоў і іх кангламерацый. Самастойна або ў спалучэнні з інш. формамі забруджвання здольна прыводзіць да анамалій развіцця жывых арганізмаў, быць прычынай іх вымушанай міграцыі, негатыўна ўплывае на здароўе людзей, біял. рытмы.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак, якія колькасна і якасна характарызуюць пэўны від прыродных рэсурсаў (або прыроднае асяроддзе) з мэтай іх вывучэння, уліку і планавання выкарыстання. Змяшчае фіз.-геагр. характарыстыкі мясцовасці, класіфікацыю, дынаміку, ступень даследаванасці рэсурсаў, сац.-эканам. ацэнку і інш. Складанне П.р.к. — капітала- і навукаёмістае мерапрыемства. На Беларусі складаюцца П.р.к.: водны, зямельны, лясны, кліматычны, атм. паветра, нетраў, жывёльнага і расл. свету, тарфянога фонду, адходаў.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

забруджванне навакольнага асяроддзя ў выніку с.-г. дзейнасці чалавека; адна са значных праблем аховы прыроды, у т. л. водных аб’ектаў. Узнікае пры выкарыстанні пестыцыдаў, фунгіцыдаў, дэфаліянтаў (асабліва пры парушэнні тэхналогіі іх захоўвання і выкарыстання); унясенні мінер. угнаенняў у колькасці, большай за неабходную (засваяльную) раслінам (асабліва пры паверхневым сцёку з палёў у вадаёмы); паступленні адходаў і сцёкаў жывёлагадоўчых ферм; эксплуатацыі і абслугоўванні с.-г. тэхнікі і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛІ́НСКА-БЯРО́ЗАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 для аховы, рацыянальнага выкарыстання і ўзнаўлення прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 7,9 тыс. га.

Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі (імшыстыя, верасовыя і інш.) і чорнаалешнікі (крапіўныя, асаковыя і інш.). З лек. раслін пашыраны ландыш майскі, брусніцы, ядловец звычайны, крапіва двухдомная, талакнянка звычайная, цмен пясчаны, святаяннік прадзіраўлены, а таксама купальнік горны, занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс. экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСГА́С,

прадпрыемства лясной гаспадаркі. Складаецца з лясніцтваў. Арганізуе ўлік і рацыянальнае выкарыстанне ляснога фонду, мерапрыемствы па лесаразвядзенні, меліярацыі і аднаўленні лясоў, паляпшэнні іх пароднага складу, павышэнні прадукцыйнасці, ахове лесу ад пажараў, шкоднікаў, хвароб, парубак; па нарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны і інш. прадуктаў лесакарыстання. Пры Л. ствараюць лясныя гадавальнікі, лесапаляўнічыя гаспадаркі, цэхі і ўчасткі па вытв-сці тавараў нар. спажывання. На Беларусі першыя Л. створаны ў 1929. На 1998 дзейнічала 88 Л. агульнай пл. 6,7 млн. га; існуюць таксама Л. навучальна-доследныя, навукова-даследчыя, ваенныя і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛУ́ЦКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1977 з мэтай захавання унікальных насаджэнняў інтрадукаваных лясных культур і паляпшэння ўмоў іх росту. Пл. 508 га. Лесапасадкі з пач. 20 ст. Узрост лясных культур 30—100 гадоў. З мясц. парод пераважаюць чыстыя і мяшаныя насаджэнні хвоі і елкі звычайнай, дубу летняга, ясеню звычайнага. З інтрадукаваных відаў растуць лістоўніцы еўрапейская і сібірская, хвоі Мурэя і веймутава, дугласія, елка канадская, дуб чырвоны, ясень пенсільванскі, арэх маньчжурскі, аксаміт амурскі, таполі канадская, валасістаплодная і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)