АМЁБІЯЗ, амёбная дызентэрыя,

хвароба чалавека, якая выклікаецца паразітаваннем у яго арганізме дызентэрыйнай амёбы (Entamoeda histolytica) і характарызуецца язвавым пашкоджаннем тоўстага кішэчніка. Цысты ўзбуджальніка выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе з калам, у вадзе могуць захоўваць жыццяздольнасць да 8 месяцаў; трапляюць у арганізм праз брудныя рукі, прадметы ўжытку, забруджаную агародніну, ваду. Інкубацыйны перыяд да 1,5 месяца. Хвароба пачынаецца слабасцю, зніжэннем апетыту, болямі ў жываце. Надворак пачашчаецца да 5—15 разоў за суткі, вадкі, са сліззю і крывёй. Развіваюцца з’явы інтаксікацыі. Без лячэння магчымы пераход у хранічную форму з ускладненнямі (разрывы кішак і абсцэсы ў печані і мозгу). Лячэнне толькі ў стацыянары з наступным наглядам урача.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАРЫ́ДЫ (Ascaridae),

сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).

Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.

Аскарыда чалавечая.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУЛІ́ЗМ (ад лац. botulus каўбаса),

вострая атручальна-інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджаннем нерв. сістэмы. У чалавека выклікаецца таксінамі бактэрыі Clostridium batulinum, якія трапляюць у арганізм з няякаснымі харч. прадуктамі (мяса, рыба, кансервы і інш.). Большасць выпадкаў батулізму звязана з дамашнім кансерваваннем. Мікробы батулізму распаўсюджаны ў глебе ў выглядзе спораў, вадзе, кішэчніку рыб, у хворых жывёл і чалавека. У працэсе вегетацыі і размнажэння (пры адсутнасці кіслароду) яны ўтвараюць таксін.

Прыкметы хваробы: агульная слабасць, моцны галаўны боль, параліч мышцаў. У некаторых хворых моташнасць, ірвота, панос, сухасць слізістых рота, смага. Адначасова ці пазней назіраюцца спецыфічныя сімптомы батулізму: парушэнне зроку («туман», «мушкі», «сетка» перад вачамі), дваенне прадметаў, хворы не можа чытаць, расшырэнне зрэнкаў, апушчэнне павекаў, нерухомасць вочных яблыкаў; замінка глытання («камяк» у горле, боль пры глытанні); невыразная мова, слабы, гугнявы голас або поўная яго адсутнасць (афанія). Пры цяжкай форме батулізму — расстройства дыхання (цяжкасць і ціск у грудзях, не хапае паветра, парушэнне рытму дыхання), што можа выклікаць запаленне лёгкіх. Тэмпература цела нармальная або крыху павышаецца, свядомасць захоўваецца. Лячэнне: спецыфічная антытаксічная сываратка і антыбіётыкі, салявыя растворы з аскарбінавай кіслатой, какарбаксілазай, прамыванне страўніка і кішак. Прафілактыка: выкананне асн. санітарна-гігіенічных правілаў апрацоўкі, транспарціроўкі, захавання і прыгатавання харч. прадуктаў. У жывёл атручэнне бывае ад няякаснага корму, у якім ёсць таксін палачкі батулінусу. Крыніца інфекцыі — глеба, а таксама трупы звяркоў (кратоў, мышэй, пацукоў). Асн. сімптомы — параліч мускулатуры, пераважна жавальнага і глытальнага апаратаў. Часцей атручваюцца коні, птушкі, радзей буйн. раг. жывёла і свінні, з пушных звяроў — норкі. Інкубацыйны перыяд 24 гадз — 10—12 дзён. Хвароба цягнецца 1—5, радзей 5—10 дзён. Лек. сродкі: слабіцельныя і полівалентныя сывараткі, прамыванне страўніка растворам марганцавакіслага калію, содай.

П.​Л.​Новікаў.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)