ШКАЛА́ЕВА-АПІЁК (Тамара Іванаўна) (н. 18.3.1943, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). У 1966—74 працавала ў Гродзенскім абл. драм. т-ры. З 1975 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. роляў. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца тонкім пранікненнем у псіхалогію характару, яркім тэмпераментам, жаночай пяшчотай і мужнасцю, спалучэннем глыбокіх пачуццяў з мяккім лірызмам. Сярод роляў: у Гродзенскім т-ры — Надзя («Трыбунал» А.​Макаёнка), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.​Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Наташа («104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага), Турандот («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы), Кацярына («Навальніца» А.​Астроўскага), Алена Тальберг («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана) і інш; у т-ры імя Я.​Купалы — Наталля Мікалаеўна і Тамара Паўлаўна («Пагарэльцы» і «Верачка» Макаёнка), Вера («Радавыя» А.​Дударава), Каця («Эшалон» М.​Рошчына), Шындзіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.​Гельмана), сакратарка («Святая святых» І.​Друцэ), Яна («Віват, імператар!» Э.​Іанеска), Ала Кастрова («Курыца» М.​Каляды), маці Гаральда («Гаральд і Мод» К.​Хігінса, Ж.​К.​Кар’ера), генеральша Крахоткіна («Вечны Фама» У.​Бутрамеева паводле Ф.​Дастаеўскага) і інш.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГО́ЛІН (Зіновій Эмануілавіч) (н. 15.2.1960, Мінск),

бел. мастак тэатра. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў т-рах Беларусі і Расіі. Ў рознай творчай манеры аформіў спектаклі: у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Пэпі» У.​Дашкевіча (1987), «Прынцэса цырка» І.​Кальмана (1989); у Бел. т-ры імя Я.​Купалы — «Жудасныя бацькі» Ж.​Както (1985), «Курыца» М.​Каляды (1992) і «Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1993); у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Рэцэпт Макропуласа» К.​Чапека (1995); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — «Візіт дамы» С.​Картэса (1995); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «Хрыстос і Антыхрыст» Дз.​Меражкоўскага (1991); у Дзярж. маладзёжным т-ры Беларусі (у 1988—98 гал. мастак) — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле У.​Караткевіча (1990), «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера (1991), «Пры зачыненых дзвярах» Ж.​П.​Сартра і «Ягоныя сны» («Тайнае жыццё Сальвадора Далі») паводле дзённікаў С.​Далі (1993), «Хітрыкі Скапэна» Мальера (1994), сцэнаграфія якіх выканана пераважна ў жорсткай алегарычна-знакавай манеры з выкарыстаннем метал. канструкцый і натуральных матэрыялаў урбаністычнага свету. У творчасці апошніх гадоў — уплыў ідэй канцэптуалізму і функцыян. сцэнаграфіі. Лаўрэат «Пражскай квадрыенале-95» (сярэбраны медаль).

Літ.:

Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;

Мальцаў У. Медыяутопіі Зіновія Марголіна // Мастацгва. 1996. № 12.

У.​В.​Мальцаў.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́ВІЧ (сапр. Дунаеў) Еўсцігней Афінагенавіч

(10.8.1878, С.-Пецярбург — 16.2.1952),

бел. драматург, рэжысёр, педагог, адзін са стваральнікаў бел. т-ра. Нар. арт. Беларусі (1940). Праф. (1945). Скончыў школу малявання пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драм. мастацтва імя Волкава. Прафесійную сцэн. дзейнасць пачаў у 1900 у Пецярбургу як акцёр і рэжысёр. З 1919 працаваў на Беларусі. Акцёр і рэжысёр Мінскага гарнізоннага т-ра (1919), Т-ра рэв. сатыры («Тэрэўсат», 1921), рус. т-ра «Шануар» (1922). Маст. кіраўнік Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1921—31, у 1941—45 рэж.), Гомельскага ТРАМа (з 1932), Гомельскага калгасна-саўгаснага (з 1935) і Бел. юнага гледача (1937—40) т-раў, Рэсп. тэатр. вучылішча (1938—41). З 1945 маст. кіраўнік і заг. кафедры майстэрства акцёра Бел. тэатр. ін-та. З 1904 выступаў як драматург. Першыя п’есы «Алекуны» (нап. 1904), «Гнілыя ўстоі» (нап. 1905), «Сучасны вампір» («Жах часу») і «Ноч мільянера» (абедзве нап. 1906, забаронены царскай цэнзурай). З дакастр. п’ес і сатыр. сцэнічных мініяцюр папулярнасцю карысталіся «Графіня Эльвіра», «Тэатр купца Япішкіна» (паст. Бел. тэлебачаннем 1978, Т-рамстудыяй кінаакцёра 1993), «Вова прыстасаваўся», «Крутавертаў і сын». Некаторыя персанажы гэтых п’ес сталі назыўнымі. У п’есах «Машэка» (першая п’еса на бел. мове, пач. назва «У часы даўнейшыя», паст. 1923) і «Каваль-ваявода» (паст. 1925) шырока выкарыстаў фалькл. сюжэты, традыцыі бел. нар. драмы. Драм. творы М. вызначаліся жанрава-тэматычнай шырынёй, сцэнічнасцю, глыбінёй пранікнення ў псіхалогію герояў. Укладам у развіццё сатыр. жанраў бел. л-ры з’явілася яго камедыя «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (паст. 1925). П’еса «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1923, экранізавана 1928) — першая спроба стварэння гіст. драмы на Беларусі. У драме «Перамога» (паст. 1926) упершыню ў сав. драматургіі выкарыстаў «кінематаграфічныя» кампазіцыйныя элементы. Паслядоўнік вучэння К.​Станіслаўскага, рэжысёр высокай тэатр. культуры, М. узбагаціў бел. сцэну лепшымі традыцыямі сусв. і рус. рэаліст. мастацтва. Гал. прынцып рэжысуры — творча асэнсаваная і ўвасобленая на сцэне жыццёвая праўда, дакладная распрацоўка псіхалогіі характараў, стварэнне сцэн. твора ў суладдзі з аўтарскай канцэпцыяй, логікай паводзін персанажаў, ансамблевасць выканання. Шырока апіраўся на нар. традыцыі, выкарыстоўваючы элементы фальклору і этнаграфіі як вобразны кампанент спектакля, сродак вобразнага ўздзеяння на гледача. Шмат увагі аддаваў распрацоўцы нар. масавых сцэн. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне бел. нац. акцёрскай школы і рэжысуры. Сярод пастановак: «На Купалле» М.​Чарота (1921), «Пасланец» Л.​Родзевіча, «Вучань д’ябла» Б.​Шоу (абодва 1922), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Змрок» В.​Шашалевіча, «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава (абодва 1927), «Гута» Р.​Кобеца (1930), «Гадзіншчык і курыца» І.​Качаргі (1935), «Даходнае месца» А.​Астроўскага (1936), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (1939) і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Праз усё жыццё» (1978). У 1998 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы пастаўлена п’еса «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» паводле твораў М., створаных для «Інтымнага тэатра», якім ён кіраваў у Пецярбургу.

Тв.:

П’есы. Мн., 1957.

Літ.:

Пятровіч С.А. Еўсцігней Міровіч. 2 выд. Мн., 1978.

С.​С.​Лаўшук, К.​Б.​Кузняцова (тэатр).

Е.А.Міровіч.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)