АДЭ́СКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на ПдЗ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 33,3 тыс. км². Нас. 2639 тыс. чал. (1993), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Адэса. Найб. гарады: Ізмаіл, Белгарад-Днястроўскі, Катоўск.

Прырода. Большая ч. тэр. — Прычарнаморская нізіна, паўн. ч. — Падольскае узв. (выш. да 220 м), паміж Днястром і Прутам адгор’і Малдаўскага узв. (выш. да 223 м). Карысныя выкапні — буд. матэрыялы: гнейсы, граніты, вапнякі, гліны, пясок. Ёсць графіт, каменная соль, шмат мінер. крыніц. Клімат умерана кантынентальны, цёплы, з недастатковым увільгатненнем. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C да -5 °C, ліп. ад 21 °C да 23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 400 мм. Гал. рэкі: Дунай, Днестр. Прэсныя азёры Кагул, Ялпуг, салёныя — Шаганы, Алібей, Бурнас. Глебы пераважна чарназёмныя, на Пд пераходзяць у цёмна-каштанавыя слабасаланцаватыя. Паўн. ч. знаходзіцца ў лесастэпавай, астатняя — у стэпавай прыроднай зоне, якая амаль поўнасцю ўзараная. Лясы захаваліся на невял. плошчах (дуб, граб, ясень, клён). Запаведнік Дунайскія Плаўні.

Гаспадарка. Адэская вобласць — высокаразвіты ў эканам. адносінах раён Украіны з машынабуд., хім., нафтахім., лёгкай, харч. прам-сцю, шматгаліновай сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, развітым транспартам і курортнымі зонамі. Машынабудаванне і металаапрацоўка (станкі, с.-г. машыны і прылады, пад’ёмныя транспарцёры; кавальска-прэсавае, гандл., мед., паліграф. абсталяванне; электратэхніка і кінаапаратура, выліч. машыны, кабель, прыладабудаванне, вытв-сць стальных канатаў), харч. (кансервавая, мукамольная, цукр., мясная, малочная, рыбная, вінаробная і інш.), камбікормавая, лёгкая (джутавая, футравая, тэкст., абутковая), хім. (аміяк, суперфасфат, лакі і фарбы), хім.-фармацэўтычная, мэблевая, цэлюлозна-папяровая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Развітая збожжавая гаспадарка (пшаніца, кукуруза, ячмень, рыс), вырошчванне тэхн. культур (цукр. буракоў, сланечніку), агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінаводства, птушкагадоўля, рыбагадоўля. Буйныя арашальныя сістэмы. Суднаходства па Дунаі і Днястры. Марскія парты: Адэса, Ільічоўск, Ізмаіл і інш. Марскі чыг. паром Ільічоўск—Варна (Балгарыя). Чыгункі: Адэса—Масква, Адэса—С.-Пецярбург і інш., Адэская група курортаў.

т. 1, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРГУ́НДЫЯ

(Bourgogne),

гістарычная вобласць у Францыі, у бас. р. Сона. Уключае дэпартаменты Кот-д’Ор, Сона і Луара, Эн, часткова Іона. Пл. каля 30 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1990). Гал. горад — Дыжон. Займае паўд.-ўсх. ўскраіну Парыжскага басейна, паўн.-ўсх. адгор’і Цэнтр. масіву (лясістае плато Марван выш. да 902 м), раўніну па р. Сона, зах. схілы гор Юра. Клімат умераны. Рэкі бас. Соны, Луары звязаны каналамі. Славутая вінаробчая вобласць. Асн. індустр. вузел — раён Ле-Крэзо, дзе развіты здабыча каменнага вугалю, чорная металургія, металаапрацоўка, машынабудаванне. Вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, алейных і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Асн. трансп. вузел — г. Дыжон. Пячоры Арсі-сюр-Кур; рэгіянальны прыродны парк Марван; некалькі курортаў.

У 5 ст. на тэр. рассялення ням. племя бургундаў узнікла каралеўства Бургундыя з цэнтрам у Ліёне. У 534 далучана да Франкскай дзяржавы. У 843 падзелена на 2 каралеўствы: Верхняя (Транс’юранская) і Ніжняя (Цыс’юранская) Бургундыя, якія ў 933 аб’яднаны Рудольфам II у адзінае каралеўства Бургундыя, або Арэлят (цэнтр у Арлі). З 1032 у складзе Свяшчэннай Рым. імперыі. У 14 ст. б.ч. Бургундыі ўвайшла ў склад Франц. каралеўства, паўд.-ўсх. ч. — у склад Швейцарскага саюза. На частцы тэр. каралеўства бургундаў, якая ў 843 адышла да Зах.-франкскага каралеўства, утварылася герцагства Бургундыя са сталіцай у Дыжоне. У 1031—1361 пад уладай пабочнай лініі франц. дынастыі Капетынгаў. У 14—15 ст. бургундскія герцагі пераўтварылі герцагства Бургундыя ў самастойную дзяржаву. Герцаг Філіп Смелы [1364—1404], які заснаваў новую дынастыю бургундскіх герцагаў — Валуа, далучыў да Бургундыі Фландрыю, Артуа і Франш-Кантэ. Яго ўнук Філіп Добры |1419—67] далучыў графствы Булонь, Нідэрланды і Люксембруг. Бургундыя стала моцнай дзяржавай, цэнтрам рыцарскай культуры Зах. Еўропы. Герцаг Карл Смелы [1467—77] імкнуўся далучыць да Бургундыі Латарынгію і Эльзас, але пацярпеў паражэнне ў т.зв. бургундскіх войнах, якія вёў з франц. каралём Людовікам XI. У выніку Бургундская дзяржава распалася. Тэр. Бургундскага герцагства (разам з Пікардыяй) увайшла ў склад Франц. каралеўства і стала правінцыяй Бургундыя з самакіраваннем; у 1790 падзелена на дэпартаменты Сона і Луара, Эн, Кот-д’Ор, Іона. Нідэрл. ўладанні перайшлі да Габсбургаў (канчаткова ў 1482 пасля смерці дачкі Карла Смелага Марыі Бургундскай і спынення бургундскай дынастыі).

т. 3, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,

мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.

На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродаенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел. дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел. політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.Афанасьева, І.Рудэнка, А.Сычова, В.Шальнікоўская, І.Шпіт, Б.Юрцін і інш).

Літ.:

Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;

Сычева АВ. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;

Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.

А.В.Сычова.

Да арт. Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.
Да арт. Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.
Ландшафтная архітэктура.

т. 9, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)