помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1769—80 у г. Ельск Гомельскай вобл. Мае рысы класіцызму. 5-зрубны крыжова-купальны храм. Цэнтр. 8-гранны зруб (даўж. 23 м, шыр. 14 м, выш. 11,8 м) завершаны масіўным светлавым васьмерыком з купальным пакрыццём. Прамавугольны бабінец, гранёныя алтарныя і бакавыя зрубы накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з вальмамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. У 1870—71 да бабінца прыбудавана званіца (васьмярык на 2 чацверыках), завершаная высокім шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РПЛІШЧАНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 1-й пал. 17 ст. ў в. Порплішча Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1627, перабудавана ў 1794 з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лац. крыжа. Зрубы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Над сяродкрыжжам масіўны 8-гранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал 5-граннага алтарнага зруба невял. прамавугольныя ў плане рызніцы. У 1883 да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім 4-схільным шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІ САБО́Ру С.-Пецярбургу,
помнік архітэктуры рус. класіцызму. Пабудаваны ў 1801—11 арх. А.Н.Вараніхіным. Крыжова-купальны будынак. Прылеглая да бакавога фасада магутная паўкруглая каланада з 6-калонным порцікам утварае плошчу, якая ўваходзіць у склад ансамбляў Неўскага праспекта. Малая плошча перад гал. уваходам абнесена манум. чыгуннай рашоткай. Інтэр’ер вырашаны як калонная зала свецкага характару, аздоблены скульптурай (І.П.Мартас, І.П.Пракоф’еў, Ф.Ф.Шчадрын і інш.), размалёўкамі (У.Л.Баравікоўскі, А.Я.Ягораў). У саборы былі змешчаны трафеі рус. войск у Айч. вайне 1812. У 1813 тут пахаваны М.І.Кутузаў. У 1837 перад саборам пастаўлены помнікі яму і М.Б.Барклаю дэ Толі (скульпт. Б.І.Арлоўскі, арх. В.П.Стасаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ САБО́Р АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рус. кірунку. Закладзены ў 1864 у гонар адмены прыгоннага права. Буд-ва завершана ў 1868. Цагляны крыжова-купальны храм з бабінцам, рызніцамі і чатырохвугольнай апсідай. Над асн. кубічным аб’ёмам васьмігранны светлавы барабан (купал не захаваўся). Рызніцы далучаны да крылаў трансепта. Да вуглоў, утвораных плоскасцямі сцен рызніц і трансепта, прымыкаюць невял. прыдзелы з бакавымі ўваходамі. Фасады вырашаны ў стрыманай пластыцы. Сцены гал. фасада, апсіды і тарцовай ч. трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі. Партал вылучаны накладным несапраўдным порцікам з паўкруглым франтонам. На саборы мемар. дошка на ўшанаванне памяці рус. салдат, якія загінулі ў вайну 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 16—19 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана паміж 1533—50 як царква базыльянскага манастыра. Пасля пажару 1865 перабудавана ў рэтраспектыўна-рус. стылі. Мураваны 5-купальны храм падоўжна-восевай кампазіцыі ўключае амаль квадратны ў плане асн. аб’ём, паўкруглую апсіду з рызніцай і прамавугольны бабінец, да якога ў 1780-я г. прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з мураваным 1-м, драўлянымі 2-м і 3-м ярусамі, завершаная 8-гранным шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане. Да пабудоў 1870-х г. адносяцца 5 несапраўдных купалаў над асн. аб’ёмам. Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ЦАРКВА́ АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры эклектыкі ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1870 з цэглы на месцы мураванага храма (згарэў у 1858). Крыжова-купальны храм мае 3 закругленыя рознавял. апсіды, якія асвятляюцца высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Над сяродкрыжжам — шлемападобны купал на 8-гранным светлавым барабане. Такі ж па форме, але меншых памераў купал на высокай 2-яруснай званіцы, размешчанай над бабінцам. Тарцы трансепта завершаны трохвугольнымі шчытамі.
Парталы і аконныя праёмы акаймаваны дэкар. валікам. Пад карнізам па перыметры будынка праходзіць аркатурны пояс. Перад царквой брама ў выглядзе паўцыркульнай аркі, над якой узвышаецца невял. назіральная вежа. Абапал яе размешчаны невысокія галоўкі. Вароты ажурныя, чыгуннае ліццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КНЯ́ЖАЦКІ ХРАМ Існаваў у 12—16 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. на тэр. Верхняга замка. Рэшткі выяўлены М.Каргерам у час археал. раскопак 1966—67. Храм мураваны, 3-нефавы, 6-стаўповы, крыжова-купальны (24 × 16 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размяшчаліся ў тоўшчы сцяны). Цэнтр. неф з У завяршаўся паўкруглай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У цэнтры ўзвышаўся купал на круглым светлавым барабане. Да бакавых нефаў былі прыбудаваны прытворы з самаст. апсідамі. Багатую пластыку фасадам надавалі пілястры складанага профілю, аркатурныя паясы, дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, закамары. Інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі, падлога выкладзена з паліваных керамічных плітак.
А.А.Трусаў.
Полацкі княжацкі храм. Рэканструкцыя П.А.Рапапорта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ТУПІЧЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у сярэдзіне 17 — пач. 20 ст. на ўсх. ускраіне г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.Засн. як мужчынскі (з 1886 жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гасп. пабудоў. Абнесены спачатку драўлянай, з канца 19 ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гасп. пабудовы былі пераважна драўляныя. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы, брамы, капліц 19 ст. У выніку археал. даследаванняў выяўлены культ. пласт 16—18 ст.Святадухаўская царква (пабудавана ў 1641) — крыжова-купальны храм (25 × 25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Напачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца 19 ст. — бляхай. Інтэр’ер аздоблены размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі). Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы арх. антуражу, выявы жывёл сведчаць, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі нар.выяўл. мастацтва Магілёўшчыны 17—18 ст. У некат. кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Іканастасы аздоблены дэкар. разьбой і пазалотай. Увядзенская царква (пабудавана ў 1771) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12 × 7 м) купальнае збудаванне. У канцы 19 ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментам і размалёўкай на рэліг. сюжэты. Мікалаеўская царква (існавала да 1839) — збудаванне (9 × 8 м) на 2-м ярусе надбрамнай званіцы. Успенская царква (пабудавана ў 1891—95 у псеўдарус. стылі) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы. Комплекс амаль цалкам спалены ў Вял.Айч. вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1950 — пач. 1960-х г. У 1980-я г. на тэр. М.Т.м. праводзіў раскопкі А.А.Трусаў.
А.А.Трусаў, Л.Л.Чарняўская, Ю.А.Якімовіч.
Успенская царква Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) у 1701—1850-я г.Засн. ў 1701 трокскім кашталянам М.К.Коцелам (яго нашчадкі валодалі Беніцай да 1810). Мураваны Троіцкі касцёл асвячоны ў 1704 віленскім біскупам К.К.Бжастоўскім. Спачатку кляштар быў драўляным, але «найвыгаднейшым», як паведамляюць бернардзінскія гісторыкі. Пазней пабудаваны мураваны корпус. Першым гвардыянам (настаяцелем) быў К.Коцел. Пры касцёле існавала брацтва Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Прыкладна ў 1780—1842 пры касцёле працавала школа. У 1850-я г. кляштар скасаваны, у канцы 19 ст. жылы будынак разбураны ўласнікам Беніцы. Касцёл у 1866 перароблены на царкву, у 1919 вернуты католікам, каля 1945 закрыты. Касцёл аднанефавы, крыжова-купальны з двухвежавым гал. фасадам; неф завершаны пяціграннай апсідай, перакрыты скляпеннем з распалубкамі. Захаваліся рэшткі алтароў і стукавых надмагілляў. У сутарэннях былі пахаваны Коцелы і Швыкоўскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ ПАКРО́ЎСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў 1924—31 у г. Баранавічы. Мураваны крыжова-купальны храм з 3 паўкруглымі апсідамі. Да асн. квадратнага ў плане аб’ёму (перакрыты вял. купалам) прымыкае 3-ярусная вежа-званіца, завершаная шлемам са шпілем. Бакавыя фасады вылучаны ўваходамі з 3-калоннымі порцікамі, увянчаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны і нішы разнастайнай формы з прафіляванымі абрамленнямі. Сабор упрыгожваюць 7 з 16 мазаічных кампазіцый з сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве: «Маці Божая з дзіцем» (маст. В.Васняцоў), «Сабор архістратыга Міхаіла», «Маці Божая з анёламі» (маст. М.Бруні), «Спас з данатарам» і «Дэісус» (маст. М.Кошалеў), партрэтныя выявы Іосіфа Волацкага і мітрапаліта Аляксія (маст. В.Думітрашка). Кампазіцыі на кардонах (простым і адваротным наборам шліфаванай смальты) выкананы ў 1902—11 у майстэрні У.Фралова ў Пецярбургу.