МЕЯРО́ЎСКІ (Анатоль Сямёнавіч) (17.4.1936, Мінск),
бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Д-рс.-г.н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі, з 1993 у Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства (нам. дырэктара). Навук. працы па меліярац. глебазнаўстве, урадлівасці меліяраваных глеб, лугаводстве. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Справочник по мелиоративной географии. Мн., 1981 (разам з В.С.Аношкам);
Система удобрения культурных сенокосов и пастбищ // Применение удобрений в интенсивном земледелии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ФНЕТ (Ofnet),
дзве палеаліт. пячоры (Вялікі і Малы О.) на Пд Германіі на ПнЗ ад г. Аўгсбург. Маюць па некалькі культурных пластоў, якія перакрываюць адзін аднаго і належаць да розных стадый позняга палеаліту, мезаліту, неаліту і эпохі металаў. У пячоры Вялікі О. выяўлена мезалітычнае пахаванне чалавечых чарапоў стараж. еўрапеоідаў. У адным паглыбленні 27 чарапоў, у другім — 6. Чарапы тваравымі часткамі павернуты да ўвахода ў пячору і густа пасыпаны вохрай. Побач знойдзены ўпрыгожанні з ракавін і зубоў аленяў. Большасць чарапоў належала жанчынам і дзецям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ЗВОН»,
газета, орган Цэнтральнага саюза бел.культурных і гаспадарчых арг-цый. Выдавалася штотыднёва з 6.1.1931 да 2.12.1932 у Вільні на бел. мове. Змяшчала матэрыялы пра паліт.-эканам. і культ. жыццё ў Польшчы, Зах. Беларусі, БССР, пра дзейнасць бел.культ. і навук. устаноў і арг-цый, артыкулы па гісторыі Беларусі, пра яе выдатных людзей. Выступала супраць КПЗБ. Напярэдадні прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера заклікала падтрымліваць нацыянал-сацыялістаў Германіі. Мела матэрыяльную падтрымку ад улад. Рассылалася бясплатна. Выйшла 58 нумароў. Спыніла існаванне з-за распаду «Цэнтрасаюза».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎСК,
тры стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля в. Галоўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на паўд. ускраіне тарфяніку Крывіна. На 1-й стаянцы выяўлены 2 культ. гарызонты: у ніжнім — крамянёвыя і касцяныя вырабы, абломкі гладкасценных слабаарнаментаваных гаршкоў крывінскага варыянта нарвенскай культуры 2-й пал. 3-га тыс. да н.э.; у верхнім — рэшткі пабудоў з кары і жэрдак, прылады працы з рогу і косці, крамянёвыя вырабы паўночнабеларускай культуры 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. Знаходкі астатніх стаянак адпавядаюць знаходкам з культурных пластоў 1-й стаянкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНЫ ЗВОН»,
газета, орган Цэнтральнага саюза беларускіх культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза). Выдавалася з 10.10 да 16.12.1930 у Вільні на бел. мове. Апублікавала адозву гал. выбарчага к-та Цэнтрасаюза да выбаршчыкаў у сувязі з выбарамі ў польск. сейм і сенат восенню 1930, «Наказ» кандыдатам у дэпутаты як праграму дзеянняў. Акцэнтавала ўвагу на барацьбе за паляпшэнне сац.-эканам. становішча насельніцтва і бел. асветы ў Зах. Беларусі ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму ў Польшчы. Змясціла інфармацыю пра арышты дэфензівай вучняў Клецкай бел. гімназіі, пратэст Цэнтрасаюза супраць арыштаў работнікаў навукі і культуры ў БССР. Выйшла 7 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЫЛЕ́ННЕ,
перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЖНЕЎ (Дзмітрый Данілавіч) (7.11.1905, в. Пісклава Курскай вобл., Расія — 4.4.1982),
савецкі селекцыянер і генетык. Акад. УАСГНІЛ (1956), Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Варонежскі с.-г.ін-т (1933). У 1937—41 і 1949—79 у НДІ раслінаводства ў Ленінградзе (з 1965 дырэктар). Навук. Працы па біялогіі агароднінных культур, прапанаваў арыгінальныя метады селекцыі на імунітэт. Пад кіраўніцтвам Брэжнева распрацавана сістэма насенняводства цяплічных сартоў агароднінных раслін. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Тв.:
Овощеводство в США М., 1961;
Томаты. 2 изд. Л., 1964;
Овощеводство в субтропиках и тропиках. М., 1977 (разам з П.Ф.Кананковым);
Дикие сородичи культурных растений флоры СССР. Л., 1981 (разам з В.М.Каровінай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛІРО́ЎКА (ад лац. oculus вока),
спосаб прышчэплівання раслін роставай пупышкай (вочкам). Найб. пашыраны спосаб размнажэння многіх пладовых дрэў. Спячым вочкам часцей за ўсё прышчэпліваюць сеянцы дзікіх відаў і культурных сартоў. Акуліроўка патрабуе найменшага расходу прышчэпачнага матэрыялу і забяспечвае адносна высокую прыжывальнасць прышчэпак. Прышчэпа прыдатная да акуліроўкі ў час летняга руху сокаў (ліпень—жнівень), калі ў раслін добра адстае кара. У першую чаргу акуліруюць костачкавыя культуры, потым грушу, насенныя прышчэпы яблыні і апошнімі — клонавыя прышчэпы.
Акуліроўка: а — паўмесяцавы надрэз кары прышчэпы; б — падоўжны разрэз кары; в — пачатак зрэзу шчытка з пупышкай; г — размяшчэнне шчытка пад кару; д — абцісканне кары пасля размяшчэння шчытка; е — пачатак абвязкі; ж — паслядоўнасць абвязкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія),
сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.