Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙЦЮ́НІШСКІ ДОМ-КРЭ́ПАСЦЬ,
Гайцюнішскі «замачак», помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 17 ст. ў в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 уладальнікам вёскі, «каралеўскім будаўнічым», выхадцам з Нідэрландаў П.Нонхартам разам з інж. ван Дадэнам. Сіметрычны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак накрыты вальмавым дахам, фланкіраваны па вуглах 4 круглымі вежамі, завершанымі шатрамі.
Цэнтр гал. фасада вылучаны 3-яруснай прамавугольнай вежай-брамай з мураваным ганкам на слупах (дабудаваны ў канцы 19 ст.). Фасады амаль не маюць арх. дэкору. Тоўстыя (каля 1,5 м) сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вежаў — вокнамі-байніцамі. У інтэр’еры сцены мелі жывапісную размалёўку, ляпныя ўпрыгожанні і інш. аздобу. У 1970-я г. да ганка зроблена мураваная лесвіца, да дваровага фасада прыбудаваны 1-павярховы цагляны корпус.
У.М.Пярвышын.
т. 4, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ-ГЕРО́Й,
мемарыяльны комплекс у Брэсце. Створаны ў 1969—71 на тэр. Брэсцкай крэпасці на ўшанаванне подзвігу яе абаронцаў (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). Скульпт.-арх. ансамбль аб’ядноўвае ўцалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крапасныя валы і творы сучаснага манум. мастацтва. Адкрыты 25.9.1971. Аўтары: скульпт. А.Кібальнікаў (гал. маст. кіраўнік), А.Бембель, У.Бабыль, арх. У.Кароль, В.Волчак, В.Занковіч, Ю.Казакоў, А.Стаховіч, Г.Сысоеў. Комплекс размешчаны ва ўсх. частцы Цытадэлі. Уключае манум. галоўны ўваход, вырашаны ў выглядзе прарэзанай у бетоннай сцяне 5-канцовай зоркі, гал. манумент, штык-абеліск, пл. Цырыманіялаў, тэрасы-трыбуны, некропаль-калумбарый, дзе пахаваны урны з прахам абаронцаў крэпасці, пад’езды і плошчы. Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляюцца гал. манумент «Мужнасць» — абагульнены вобраз воіна-пераможцы (бетон, выш. 33,5 м) і штык-абеліск (абліцаваны тытанам, выш. 100 м). На краі плошчы размешчана скульпт. кампазіцыя «Смага» — фігура распластанага на зямлі салдата, які цягнецца з каскай да вады. У складзе комплексу Брэсцкай крэпасці-героя музей, Святамікалаеўская правасл. царква.
Л.Г.Лапцэвіч.
т. 3, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ АБАРО́НА 1812,
дзеянні рус. войскаў па абароне і прыкрыцці Бабруйскай крэпасці ў час вайны 1812. Крэпасць была важным апорным пунктам рус. арміі на шляху паўд. фланга напалеонаўскага войска. Франц. 17-я пях. дывізія Я.Г.Дамброўскага і інш. часці (усяго каля 12 тыс. чал.) 4 вер. блакіравалі Бабруйск, перакрыўшы дарогі ў крэпасць, гарнізон якой налічваў каля 5 тыс. чал. Спроба рус. атрадаў Баранава і Дрэева прарвацца ў крэпасць з боку Жлобіна не мела поспеху. Але гал. сілы рус. корпуса Ф.Ф.Эртэля (каля 5 тыс. чал.) выбілі 14 вер. з Глуска слабы польскі гарнізон і рушылі на Бабруйск. У баі каля в. Гарбацэвічы 15 вер. рус. часці перамаглі, але Эртэль не развіваў наступлення, а, знішчыўшы франц. склады ў Глуску і ваколіцах, вярнуўся ў Мазыр. Дамброўскі, які быў вымушаны прыкрываць мінскі напрамак, 12 кастр. фактычна зняў блакаду і адышоў на Ігумен (сучасны Чэрвень). За час блакады крэпасць выконвала функцыю ўмацаванага фарпоста рус. арміі.
т. 2, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́КСА,
бел. дойлід 2-й пал. 13 ст., які паводле загаду валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча ў 1276 залажыў крэпасць Камянец на р. Лясная. Мяркуюць, што Алекса ў 1271—89 пабудаваў Камянецкую вежу.
т. 1, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СЫ,
у скандынаўскай міфалогіі асноўная група багоў, якую ўзначальваў Одзін; азначэнне багоў увогуле. Паводле міфалогіі, жывуць у нябесным пасяленні Асгардзе (крэпасць багоў). Часам Асы супрацьпастаўлялі ніжэйшым духам — альвам (адсюль выраз «асы і альвы»).
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСК,
горад у Расіі, цэнтр раёна ў Стаўрапольскім краі. Засн. ў 1777 як крэпасць. 73,9 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Металаапр., лёгкая, біяхім., харч. прам-сць. У Георгіеўску быў заключаны Георгіеўскі трактат 1783 паміж Расіяй і Картлі-Кахецінскім царствам.
т. 5, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ АБАРО́НА 1941, абарона сав. войскамі Брэсцкай крэпасці ў пач. Вял. Айч. вайны (22 чэрв. — канец ліп.). Напярэдадні вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралк. дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га асобнага інж. палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей (усяго 7—8 тыс. воінаў). Крэпасць штурмавалі 2 пях. і 2 танк. дывізіі ворага пры падтрымцы авіяцыі і часцей ўзмацнення з ліку тых, што ўдзельнічалі ў захопе горада. Праціўнік меў амаль у 10 разоў большыя сілы. Ён ставіў за мэту авалодаць крэпасцю да 12 гадз першага дня вайны. Дзякуючы ўпартаму супраціўленню сав. воінаў і пагранічнікаў каля паловы асабовага складу і параненыя змаглі пакінуць крэпасць. У 1-ы дзень баёў да 9 гадз раніцы крэпасць была акружана, пачаліся яе артабстрэл і бамбардзіроўка, 23 чэрв. горад быў заняты. Праз Цярэспальскае ўмацаванне вораг прарваўся ў Цытадэль і пачаў наступаць у напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот. Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. У поўным акружэнні, без вады і прадуктаў, пры нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6—8 атак за дзень. Разам з байцамі змагаліся жанчыны і дзеці з сем’яў ваеннаслужачых. Да канца чэрв. вораг захапіў большую частку крэпасці. 29—30 чэрв. гітлераўцы правялі генеральны штурм крэпасці, выкарыстоўваючы агнямёты. Абставіны перашкодзілі ажыццявіць агульнае кіраўніцтва абаронай, таму яна распалася на шэраг ізаляваных ачагоў супраціўлення, якія адзначаны нават пасля 20 ліп. 8.5.1965 крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». Удзельнікі абароны ўзнаг. ордэнамі і медалямі, П.М.Гаўрылаву і А.М.Кіжаватаву прысвоена званне Героя Сав. Саюза. На тэр. крэпасці створаны Брэсцкай крэпасці-героя музей, адкрыты мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой.
Т.М.Ходцава.
т. 3, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́Ў,
горад у Рас. Федэрацыі, у Растоўскай вобл. Порт на р. Дон, за 7 км ад упадзення ракі ў Таганрогскі заліў Азоўскага мора. Чыг. станцыя. 81 тыс. ж. (1992). Машынабудаўнічая (кавальска-прэсавае, гандл. абсталяванне, рыбалавецкія судны), лёгкая, харч. прамысловасць. Гіст.-краязнаўчы музей.
У 10—11 ст. Азоў у складзе Тмутараканскага княства. Каля 1067 захоплены полаўцамі (назвалі яго Азак). З 13 ст. горад у Залатой Ардзе, з 1471 тур. ваен. крэпасць. У 1637—42 Азовам валодалі данскія казакі. У 1696 узяты войскамі Пятра І, у 1711 вернуты Турцыі. З 1739 у Расіі. У 1775—82 цэнтр Азоўскай губ., пазней ваен. крэпасць. З 1810 пасад Растоўскага пав. Екацярынаслаўскай губ.
т. 1, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)