ПРАКСІ́ЦЕ́ЛЬ (Praxitelēs; каля 390 да н.э., Афіны — каля 330 да н.э.),
старажытнагрэчаскі скульптар. Выступіў наватарам кампазіцыйнай пабудовы скульптуры — перанёс цэнтр цяжару цела на вонкавую апору. Працаваў пераважна ў мармуры. Зберагліся ў арыгінале група «Гермес з дзіцем Дыянісам» (каля 340 да н.э.), ант. копіі «Афрадыта Кнідская» (каля 350 да н.э.), «Сатыр адпачывае». Ў творах адлюстроўваў геданічны ідэал Грэцыі перыяду крызісу поліснай сістэмы. Творчасць П. паўплывала на майстроў элінізму, асабліва на александрыйскую школу.
Праксіцель Фрагмент статуі Афрадыты Кнідскай. Каля 350 г. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНЧ ((Bunche) Ральф Джонсан) (7.8.1904, г. Дэтройт, ЗША — 9.12.1971),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ЗША. Адукацыю атрымаў у Каліфарнійскім і Гарвардскім ун-тах. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Хартыі Аб’яднаных Нацый (1944). У студз. 1946 дэлегат ад ЗША на 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН. З 1947 супрацоўнік ААН (у 1967—71 нам.Ген. сакратара). Спрыяў падпісанню мірных араба-ізраільскіх пагадненняў (1949), у час Суэцкага крызісу (1956) узначальваў сілы ААН у Егіпце, прымаў удзел ва ўрэгуляванні ваен. канфлікту паміж Індыяй і Пакістанам (1965). Узначальваў марш за грамадз. правы (1965), арганізаваны М.Л.Кінгам. Нобелеўская прэмія міру 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Джэймс Гаральд (11.3.1916, г. Хадэрсфілд, Вялікабрытанія — 24.5.1995), дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т, з 1937 выкладаў там эканоміку. У 1940—44 ва ўрадавым апараце, з 1945 чл. парламента, у 1947—51 міністр гандлю. З 1952 чл. выканкома, з 1963 лідэр Лейбарысцкай партыі. Прэм’ер-міністр у 1964—70 і 1974—76. Эканам. праграма Вільсана — жорсткія абмежавальныя меры для выхаду з фін.крызісу, дэвальвацыя фунта і інш. Пры Вільсане Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, узмацніла сувязі з НАТО. Пасля трэцяй перамогі на выбарах 1976 нечакана пайшоў у адстаўку. Працы па эканам. пытаннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБА́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (АСП).
Засн. ў 1941 як Камуністычная партыя Албаніі, у 1948—91 наз. Албанская партыя працы. У 1941 — 44 узначальвала барацьбу супраць італьян. і ням.-фаш. акупантаў. У 1948 прыняла праграму пабудовы сацыялізму. На практыцы гэта прывяло да стварэння казарменнай мадэлі грамадства, ізаляцыі ад знешняга свету, культу асобы Э.Ходжы, збяднення насельніцтва. У 1986 прынята праграма выхаду з крызісу. У сак. 1992 АСП, якая доўгі час была кіруючай партыяй, пацярпела паражэнне на ўсеаг. выбарах. У 1994 налічвала 130 тыс.чал., лідэр Ф.Нана. Цэнтр. орган — газ. «Zëri i Populit» («Голас народа», з 1942).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСУ́РДУ ДРА́МА,
плынь зах.-еўрап. авангардысцкай драматургіі і тэатра 1950—60-х г., дзе паняцце «абсурд» з’яўляецца асн. атрыбутам рэчаіснасці, якая ў выніку агульнага крызісу ідэалогіі постіндустрыяльнага грамадства часам траціць унутр. сэнс і становіцца ірацыянальнай. Тэрмін «абсурду драма» ўзнік пасля парыжскіх прэм’ер п’ес Э.Іанеска «Лысая спявачка» (1950) і С.Бекета «У чаканні Гадо» (1952). У іх выявіліся асн. рысы абсурду драмы: гратэскна-камічная дэманстрацыя бессэнсоўнасці формаў (у т. л. моўных), у якіх праходзіць паўсядзённае жыццё «сярэдняга» чалавека, а таксама метафарычная перадача яго шокавага стану, калі ён разумее, што вырвацца з гэтых жорсткіх ціскоў немагчыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
баланс кампанентаў асяроддзя і прыродных працэсаў, які забяспечвае працяглае існаванне экалагічных сістэм і біясферы ў цэлым. Падтрымліваецца сукупнасцю фактараў, што склаліся ў працэсе эвалюцыі: пастаянства біятычнага кругавароту рэчываў, суадносіны аўтатрофаў і гетэратрофаў, адаптацыі арганізмаў адзін да аднаго і навакольнага асяроддзя і інш. Прыродныя згуртаванні арганізмаў здольны процістаяць разнастайным шкодным уздзеянням і вяртацца ў зыходны стан, але пры ваганнях умоў асяроддзя, што выходзяць за пэўныя межы, узнікаюць парушэнні Р.э., якія могуць весці да крызісу экалагічнага ці экалагічнай катастрофы. Захаванню Р.э. і яе падтрыманню спрыяюць рацыянальнае прыродакарыстанне і мерапрыемствы па ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМА́НСКІ САЮ́З (Alldeutscher Verband),
нацыяналістычная паліт.арг-цыя ў Германіі ў 1891—1939. Засн. ў крас. 1891 пры дапамозе прадпрымальніка А.Гугенберга і калан.паліт. дзеяча К.Петэрса. Да 1.7.1894 наз. Усеагульны ням. саюз (Allgemeiner Deutscher Verband). Дзейнічаў у кантакце з Калан. т-вам, Флоцкім саюзам, Імперскім аб’яднаннем супраць сацыял-дэмакратыі, Нацыянал-ліберальнай і Кансерватыўнай партыяй. З часоў Мараканскага крызісу 1911 знаходзіўся ў апазіцыі да палітыкі рэйхсканцлера Т. фон Бетман-Гольвега. У 1914—18 налічваў 30—40 тыс.чл. Пасля 1918 страціў паліт. актыўнасць. Ідэалогія — пангерманізм. Старшыні — Э.Хасе (1893—1908), Г.Клас (1908—39). Друкаваны орган — «Alldeutschen Blätter» («Пангерманскія лісты»). Забаронены нацыстамі вясной 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАНО́МНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,
аб’яднанне бел. епархій абнаўленчай царквы (гл. ў арт.Абнаўленцы). Існавала ў 1924—34. Утворана ў маі 1924 на чале са Свяшчэнным сінодам і мітрапалітам магілёўскім і беларускім на 1-м Бел. абласным царк. саборы ў Магілёве. Падзялялася на 5 епархій, налічвала каля 500 парафій (пераважна ва ўсх. рэгіёне; у снеж. 1924 прыходы Дубровенскага р-на абвясцілі ўласную незалежнасць). Выдавала час. «Белорусский православный вестник» (Магілёў, 1924—27). Мітрапаліты Уладзімір (1924—26), Іосіф (І.П.Крачатовіч; 1926—34). З пач. 1930-х г., ва ўмовах пераходу сав. дзяржавы да жорсткай антырэліг. палітыкі і агульнага крызісу абнаўленства, аўт. царква пачала траціць пазіцыі і спыніла існаванне. Парафіі вярнуліся пад уладу Маскоўскага патрыярхату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЦКІ (Леў Сямёнавіч) (17.11.1896, г. Орша Віцебскай вобл. — 11.6.1934),
псіхолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). У 1919—23 жыў і працаваў у Беларусі. З 1924 у Маскоўскім ін-це эксперым. псіхалогіі, потым у заснаваным ім Ін-це дэфекталогіі. Даследаваў грамадскую, дзіцячую, пед. і клінічную псіхалогію. Крытычна прааналізаваў тагачасныя філас. і псіхал. канцэпцыі («Сэнс псіхалагічнага крызісу», рукапіс, 1926). У кн. «Гісторыя развіцця вышэйшых псіхічных функцый» (1930—31, апубл. 1960) выклаў культ.-гіст. тэорыю развіцця псіхікі. Вывучаў таксама структуру свядомасці («Мысленне і мова», 1934), якую лічыў дынамічнай сэнсавай сістэмай, што знаходзіцца ў адзінстве афектыўных, валявых і інтэлектуальных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЕ́Ц (Сяргей Міхайлавіч) (1909, в. Дубна Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.4.1945),
бел.паэт. Вучыўся ў Беластоцкім пед. ін-це (1940—41). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1930 працаваў цесляром у Гродне, пасля ў Беластоку. З 1944 у Чырв. Арміі, загінуў у баях пад Гдыняй. Друкаваўся з 1928. Многія яго творы (вершы, эпіграмы, апавяданні) распаўсюджваліся ў рукапісах. Пісаў пра цяжкае жыццё рабочых ва ўмовах крызісу 1930-х г. (у вершах «Думы безработнага», «Крызіс» і інш. пачуццё безнадзейнасці і адчужанасці беспрацоўнага), паэтызаваў ідэю сац. і нац.-вызв. барацьбы, салідарнасць працоўных.