ДЭ́ЙВІСА МО́РА (Davis Sea),

ускраіннае мора Індыйскага ак., каля берагоў Усх. Антарктыды. Абмывае Бераг Праўды. Пл. 21 тыс. км². Глыб. да 1369 м. Салёнасць 33—33,5‰. Круглы год укрыта льдамі. На ўзбярэжжы — антарктычная навук. станцыя Мірны (Расія). Названа ў гонар капітана аўстрал. экспедыцыйнага судна «Аўрора» Дж.​К.​Дэйвіса.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ТА (Barito),

рака на Пд в-ва Калімантан, у Інданезіі. Даўж. 880 км, пл. бас. каля 100 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах хр. Мюлер, цячэ з Пн на Пд па забалочанай раўніне, упадае ў Яванскае м. Паўнаводная круглы год. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. У дэльце порт Банджармасін.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МУНДСЕНА МО́РА,

ускраіннае мора Ціхага ак., каля зах. берагоў Антарктыды, паміж 100° і 123° зах. д. Пл. 98 тыс. км². Найб. глыб. 585 м. Сярэднегадавая т-ра вады ніжэй 0 °C. Круглы год укрыта лёдам. Водзяцца марскія леапарды, кіты, пінгвіны, цюлень Роса, цюлень Уэдэла; з птушак — буравеснікі, альбатросы і інш. Названа ў гонар Р.Амундсена.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня свяшчэннага ачага рым. абшчыны, курыі, дома. Уяўлялі Весту з тварам, закрытым пакрывалам, з чашай, факелам, скіпетрам і паладыем. Круглы храм Весты стаяў на Рым. форуме, унутры яго знаходзіўся ачаг Весты, у якім вясталкі падтрымлівалі вечны агонь. Да аднаго культу з Вестай належалі Пенаты. У стараж.-грэч. міфалогіі Весце адпавядае Гестыя.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НЧЫЯ ПСЫ (лац. Canes Venatici),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Размешчана пад «ручкай каўша» Вялікай Мядзведзіцы. Гал. зорка (α Гончых Псоў) — падвойная, 3-й візуальнай зорнай велічыні; 30 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У паўн. частцы Гончых Псоў знаходзіцца спіральная туманнасць. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Гончыя Псы.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁХВАЛЯВО́Д,

канал (хвалявод), уздоўж якога распаўсюджваюцца радыёхвалі. Для Р. характэрна, што яго папярочныя памеры параўнальныя з даўжынёй перададзеных хваль. Бываюць трубчастыя металічныя круглага, прамавугольнага ці інш. папярочнага сячэння, а таксама стрыжнёвыя дыэлектрычныя (суцэльныя ці пустацелыя). Выкарыстоўваюцца як элементы ЗВЧ-ланцугоў радыётэхн. апаратаў.

Радыёхваляводы: 1 — прамавугольны; 2 — круглы; 3 — П-падобны; 4 — Н-падобны; 5 — кааксіяльны; 6 — з паверхневай хваляй.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБІРЫ́НТ (ад грэч. labyrinthos) у садова-паркавым мастацтве, квадратны або круглы ў плане ўчастак парку з мудрагелістым размяшчэннем дарожак, аформленых шпалерамі ці баскетамі. Звычайна ў цэнтры меў пляцоўку з фантанам. Пашыраны ў рэгулярных парках Еўропы стыляў рэнесансу і барока. На Беларусі вядомы ў 17—18 ст. (паркі «Альба» пад г. Нясвіж, у гарадах Карэлічы і Крычаў, Бачэйкаўскі парк і інш.).

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЖА ў архітэктуры,

круглы аконны праём у раманскіх і (пераважна) гатычных збудаваннях, які мае каменны пераплёт у выглядзе радыяльных прамянёў з цэнтра круга. Звычайна размяшчалася над уваходным парталам. Р. наз. і аналагічнага выгляду дэкар. матыў, што вянчае стральчатыя аконныя праёмы гатычных будынкаў. Вядомы таксама ў збудаваннях стылю несапраўднай готыкі.

Да арт. Ружа ў архітэктуры. Акно-ружа сабора Парыжскай Божай Маці.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РМЫ, барма,

шыйныя каралі або круглы каўнер на ўрачыстым убранні візант. імператараў 10—15 ст., рус. вял. князёў і цароў (14—пач. 18 ст.). Вырабляліся з золата, серабра, парчы і інш. тканіны, упрыгожваліся жэмчугам, самацветамі, выявамі святых. Надзяваліся на каранацыі і ўрачысты выхад. На Русі бармы ўпершыню згадваюцца ў духоўнай грамаце Івана Каліты, пад назвай «оплечья» вядомы з 1216.

Бармы 12 ст., знойдзеныя ў г. Разань.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПТУ́Р,

традыцыйны бел. галаўны ўбор замужніх жанчын; паўшарападобная ці плоская прызбораная на патыліцы шапачка з вушкамі, да якіх прышывалі стужкі для завязвання пад барадой. Бытаваў у Цэнтр. і Зах. Беларусі да пач. 20 ст. Шылі з фабр. тканін пераважна чырвонай гамы; вушкі і перад аздаблялі вышыўкай, тасьмой, рознакаляровымі стужкамі, бісерам. Надзявалі на тканку (круглы валік, на які накручвалі валасы), зверху часта завівалі намітку, завязвалі хустку.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)