ПРЫЧА́СЦЕ, еўхарысція,
галоўны абрад, адно з 7 таінстваў у праваслаўнай і каталіцкай цэрквах. Займае цэнтр. месца ў літургіі. У час П. веруючыя з’ядаюць кавалачак асвячонага хлеба і выпіваюць лыжачку віна, якія сімвалізуюць «цела і кроў» Ісуса Хрыста, і тым самым далучаюцца да «боскай сутнасці». Лічыцца, што ў час апошняй трапезы Ісус Хрыстос частаваў сваіх вучняў віном і хлебам, ператвараючы іх у цела і кроў сваю, наказваў захоўваць гэты абрад у памяць аб ім. У пратэстанцкіх цэрквах П. разглядаецца як сімвалічны абрад, а не як таінства.
т. 13, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАТЭМІ́Я (ад азот + грэч. haima кроў),
празмерная колькасць у крыві азотазмяшчальных прадуктаў бялковага абмену. Абумоўліваецца недастатковасцю выдзяляльнай функцыі нырак і мочавыдзялення, павышаным распадам бялку.
т. 1, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКЕМІ́Я (ад грэч. glykys салодкі + haima кроў),
наяўнасць цукру ў крыві. Пры некаторых хваробах колькасць цукру ў крыві можа павышацца (гіперглікемія) ці паніжацца (гіпаглікемія).
т. 5, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМАНА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
рэгуляцыя жыццядзейнасці арганізма жывёл і чалавека або яго асобных сістэм, якая ажыццяўляецца з дапамогай гармонаў; адна з сістэм самарэгуляцыі функцый, цесна звязана з нерв. і гумаральнай сістэмамі рэгуляцыі і каардынацыі функцый. Гармоны выдзяляюцца ў кроў залозамі ўнутр. сакрэцыі, разносяцца па ўсім арганізме і ўплываюць на стан і дзейнасць розных органаў і тканак. Гарманальная рэгуляцыя абмену рэчываў забяспечвае нармальнае функцыянаванне органаў і тканак. Пры ўдзеле гарманальнай рэгуляцыі ў выпадку неабходнасці адбываецца мабілізацыя магчымасцей арганізма. Напр., пры небяспецы і мышачным напружанні ўзмацняецца паступленне ў кроў адрэналіну, які павышае ўзровень цукру ў крыві і павялічвае забеспячэнне крывёй сэрца і мозга.
т. 5, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАЛІТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ, эрытрабластоз плода,
прыроджаная, спадчынная хвароба дзяцей. Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя дні пасля нараджэння ад несумяшчальнасці крыві маці і плода па рэзус-фактары або інш. групавых асаблівасцях (гл. Групы крыві). Рэзус-фактар, які трапляе ў кроў рэзус-адмоўнага чалавека, выклікае імунную рэакцыю з утварэннем антырэзусных цел. Стан сенсібілізацыі да рэзус-фактара пры першай цяжарнасці можа не развіцца і дзіця нараджаецца здаровым, пры наступных цяжарнасцях дзеці могуць нараджацца хворымі. У аснове хваробы — гемоліз (распад) эрытрацытаў і назапашванне ў крыві атрутнага рэчыва (непрамога білірубіну, гл. Кроў). Прыкмета гемалітычнай хваробы нованароджаных: анемія, жаўтуха, парушэнне дзейнасці ц. н. с. (ад атручэння). Лячэнне: заменнае пераліванне крыві, гемасорбцыя, увядзенне плазмы; фотатэрапія.
т. 5, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАТАЭНЦЭФАЛІ́ЧНЫ БАР’Е́Р,
фізіялагічны механізм, які рэгулюе абмен рэчываў паміж крывёй, спіннамазгавой вадкасцю і мозгам, ахоўвае нейроны ад антыгенаў; адзін з відаў гістагематычных бар’ераў. Паняцце ўвялі сав. фізіёлаг Л.С.Штэрн і швейц. вучоны Р.Гацье (1921). Гематаэнцэфалічны бар’ер ажыццяўляе таксама ахоўныя функцыі, перашкаджае пранікненню ў ц. н. с. некат. уведзеных у кроў чужародных рэчываў або прадуктаў парушанага абмену рэчываў. Ад пранікальнасці гематаэнцыфалічнага бар’ера залежыць стан нерв. клетак галаўнога і спіннога мозга. Праз розныя ўчасткі гематаэнцыфалічнага бар’ера з крыві ў ц. н. с. пранікаюць розныя рэчывы, неабходныя для жыўлення і дзейнасці нерв. утварэнняў. Гематаэнцыфалічны бар’ер можа перашкаджаць пранікненню ў ц. н. с. ўведзеных у кроў лекаў.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГА́НГЛІІ (ад пара... + гангліі),
эндакрынныя залозы пазваночных жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць пераважна катэхаламіны, з’яўляюцца таксама дадатковымі органамі нерв. сістэмы, што ажыццяўляюць хемарэцэпцыю. Некат. П. (мазгавое рэчыва наднырачнікаў, паяснічны, аартальны) маюць сакраторныя храмафінныя клеткі, у эмбрыягенезе ўзнікаюць разам з нейрабластамі сімпатычнай нерв. сістэмы. Выдзяляюць у кроў адрэналін ці норадрэналін. Інш. П. (пераважна ў месцах разгалінавання парасімпатычнай нерв. сістэмы, вочныя, лёгачныя, касцёвамазгавыя, абалонак мозга, каратыдны і П. па ходу сасудаў тулава і канечнасцей) з’яўляюцца нехрамафіннымі і паходзяць з эмбрыянальных закладак па ходу IX і X пар чэрапна-мазгавых нерваў. Выдзяляюць у кроў, магчыма, ацэтылхалін і поліпептыдныя гармоны. Сакрэты П. ажыццяўляюць рэгуляцыю агульных і мясц. фізіял. рэакцый і мабілізацыю сістэм арганізма пры стрэсе.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЫ,
крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл. таксама Крывяносная сістэма.
т. 4, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РТАЎ (Дзіга) (сапр. Каўфман Дзяніс Аркадзевіч; 2.1.1896, г. Беласток, Польшча — 12.2.1954),
савецкі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў дакумент. кіно. З 1918 працаваў у аддзеле кінахронікі Маск. кінакамітэта. Першыя яго фільмы зманціраваны з кінахронікі: «Гадавіна рэвалюцыі» (1919), «Бой пад Царыцынам» (1920), «Гісторыя грамадзянскай вайны» (1922) і інш. У кіначасопісе «Кіна-Праўда» (1922—25), фільмах «Кіна-Вока» (1924), «Шостая частка свету» (1926), «Чалавек з кінаапаратам» (1929), «Калыханка» (1937) імкнуўся да паэтычнага, вобразна-публіцыстычнага паказу жыцця. У Вял. Айч. вайну зняў фільмы «Кроў за кроў, смерць за смерць» (1941), «У гарах Ала-Тау» і «Клятва маладых» (1944). У 1944—45 выпускаў кіначасопіс «Навіны дня». Новыя прынцыпы кінадакументалізму тэарэтычна абгрунтаваў у арт. «Мы. Варыянт маніфеста», «Кінавока» і інш.
Тв.:
Статьи. Дневники. Замыслы. М., 1966.
т. 4, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛІВА́ННЕ КРЫВІ́ гематрансфузія,
увядзенне ў крывяносную сістэму хворага (рэцыпіента) крыві здаровага чалавека (донара); эфектыўны лек. метад. Выкарыстоўваюць у хірург. практыцы, пры крывацёках, раненнях, шоках, апёках, анеміях, лейкозах, гемафіліі і інш. Адрозніваюць прамое П.к. (непасрэдна ад донара), непрамое (кансерваваная кроў), аўтагематрансфузію (уліванне хвораму ўласнай крыві), абменнае (частковае або поўнае выдаленне крыві з сасудзістага рэчышча хворага з адначасовым замяшчэннем яе адэкватным аб’ёмам донарскай крыві). Пералітая кроў аднаўляе нармальны кровазварот і газаабмен, спыняе крывацёк, уплывае на абмен рэчываў і кроваўтварэнне, звязвае таксіны ў арганізме. Пераліваюць таксама плазму крыві, клетачныя кампаненты крыві (эрытрацытарная, трамбацытарная, лейкацытарная масы і інш.), кровазаменныя вадкасці. Пры П.к. абавязкова ўлічваюцца групы крыві. На Беларусі даследаванні па П.к. вядуцца ў Гематалогіі і пералівання крыві навукова-даследчым інстытуце.
т. 12, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)