галыновы камень, мінерал класа сульфатаў KaAl3[SO4]2(OH)6. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Шчыльныя і рыхлыя масы, радзей крышталі, валакністыя і зярністыя агрэгаты. Колер белы, шараваты, жаўтаваты, буры. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 3,5—4,5; крохкі. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Алуніт — сыравіна для атрымання галыну, сульфату алюмінію, часткова калійных соляў, сернай кіслаты. Гл. таксама Алунітавая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІ́Т (ад лац. albus белы),
пародаўтваральны мінерал групы плагіяклазаў Na[AlSi3O8]. Крышталі таблітчастыя трыкліннай сінганіі. Агрэгаты зярністыя, буйна- і дробнапласціністыя. Колер белы, жаўтаваты, чырванаваты. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 6—6,5; крохкі. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Тыповы мінерал гранітных пегматытаў, нефелінавых і шчолачных сіенітаў і інш.; цалкам складае горныя пароды метасаматычнага паходжання — альбітыты. Выкарыстоўваецца ў шкляной, керамічнай, абразіўнай вытв-сцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕЙКІ́Т (ад прозвішча бел. геолага І.І.Дамейкі),
мінерал, прыродны арсенід медзі, Cu3As. Крышталізуецца ў кубічнай і гексаганальнай сінганіях з т-рай пераходу 225 °C. Агрэгаты шчыльныя, пупышка- і гронкападобныя. Колер серабрыста-белы, шэры, з жаўтавата-бурай пабегласцю. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 7,5 г/см³. Крохкі. Гідратэрмальнага паходжання, асацыіруе з самароднымі меддзю, серабром, сульфідамі медзі і арсенідамі нікелю, кобальту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К,
дванаццатая літара беларускага алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай К («кака»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Κ («капа»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «к», «к’» («камень», «кислый»). Мела таксама лічбавае значэнне «дваццаць». У пач. 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя заднеязычныя зычныя гукі «к», «к’» («клопат», «крохкі» — «крохк’і», «ракіта» — «рак’іта»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЭЛЕ́ІТ,
мінерал падкласа простых аксідаў, двухвокіс цырконію (ZrO2). Мае ў сабе 96,5—99% ZrO2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі каротка- або доўгапрызматычныя, таблітчастыя. Колер жоўты, зялёны, карычневы, чорны. Бляск тлусты, шкляны. Цв. 6,5. Крохкі. Шчыльн. 5,4—6 г/см³. Трапляецца ў карбанатных і ультраасноўных шчолачных пародах, алмазаносных і інш. россыпах. Сыравіна для керамічнай прам-сці, вытв-сці абразіваў, ферасплаваў і атрымання метал. цырконію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎСМАНІ́Т (ад прозвішча ням. мінералога І.Гаўсмана),
мінерал падкласа складаных аксідаў, аксід марганцу Mn2+Mn23+O4. Прымесі жалеза, цынку, барыю, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі псеўдаактаэдрычныя. Пераважна зярністыя або шчыльныя агрэгаты. Колер карычнева-чорны. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,9 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага, гідратэрмальнага ўтварэння. Уваходзіць у састаў марганцавых руд. Руда для выплаўкі ферамарганцу і легіраваных чыгуноў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЛЬЦІ́Н.
кобальтавы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід кобальту і мыш’яку CoAsS. Змяшчае кобальт да 34%, прымесі жалеза да 16% (феракабальцін). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі октаэдрычныя, кубічныя. Агрэгаты зярністыя, у крапіны, пражылкі. Колер серабрыста-белы з ружаватым адценнем. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. 6,1—6,2 г/см³. Трапляецца ў высока- і сярэднетэмпературных гідратэрмальных жылах. Асн. радовішчы ў Нарвегіі і Канадзе. Руда кобальту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТЭРЫ́Т (ад прозвішча англ. мінералога У.Вітэрынга),
мінерал класа карбанатаў, карбанат барыю, BaCO3. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі рэдкія; часцей трапляецца ў выглядзе грубавалакністых мас, прамянёвых і шчыльных зярністых агрэгатаў. Колер белы да бясколернага, з жаўтаватым, бурым, зеленаватым адценнямі. Празрысты або прасвечвае. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 3,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных жылах з барытам і галенітам. Руда барыю і яго солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРНАНІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Ж.Л.Бурнона),
мінерал падкласа складаных сульфідаў, сульфід свінцу, медзі і сурмы, CuPbSbS3. Прымесі жалеза, серабра, цынку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, кароткапрызматычныя, зярністыя агрэгаты, зерні. Колер бледна-шэры да бясколернага. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Крохкі. Шчыльн. 5,7—5,9 г/см³. Гідратэрмальны мінерал, асацыіруе з бляклымі рудамі, галенітам, пірытам і інш. Руда свінцу, медзі, сурмы. Радовішчы ў ФРГ, Аўстраліі, Мексіцы, ЗША.