ПЕТРАГРА́ДСКАЯ АБАРО́НА 1919.

Адбывалася ў маі—ліст. 1919 у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Сав. войскі 7-й і 15-й армій Зах. фронту (каманд. Дз.М.Надзёжны, потым У.М.Гіціс) пры падтрымцы Балт. флоту (А.​П.​Зеляной) задушылі антыбальшавіцкае паўстанне на фартах Красная Горка і Шэры Конь (чэрв. 1919), адбілі 2 наступленні (май—жн. і вер.кастр.) арміі белай гвардыі ген. М.М.Юдзеніча, якая пры падтрымцы войск Эстоніі, Фінляндыі і брыт. флоту імкнулася авалодаць г. Петраград (асн. ўдар з тэр. Эстоніі) і ў кастр. выйшла на блізкія подступы да горада. Потым сав. войскі перайшлі ў контрнаступленне, да канца ліст. адкінулі войскі Юдзеніча ў Эстонію.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРТА́Д ((Courtade) П’ер) (3.1.1915, г. Баньер-дэ-Бігор, Францыя — 14.5.1963),

французскі пісьменнік і журналіст. У раманах філас.-сатыр. «Эльсенёр» (1949), сац.-паліт. «Джымі» (1951), «Чорная рака» (1953), «Чырвоная плошча» (1961; аўтабіягр.) гал. тэмы — акупацыя Францыі і Рух Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну, пасляваен. палітыка зах. краін, трагічныя падзеі ў СССР у часы культу асобы. Творы К. адметныя панарамнасцю, сюжэтнай разгалінаванасцю, дынамізмам дзеяння, спалучэннем дакументальнасці з псіхалагізмам. Аўтар зб-каў апавяданняў «Абставіны» (1946) і «Вышэйшыя жывёлы» (1956), кніг публіцыстыкі. На бел. мову навелу К. «Канец Італіі» пераклаў А.​Мароз.

Тв.:

Бел. пер. — Канец Італіі // Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Джимми. М., 1953;

Красная площадь. М., 1963.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСНЯЦО́Ў (Апалінарый Міхайлавіч) (6.8.1856, в. Рабава Кіраўскай вобл., Расія — 23.1.1933),

рускі жывапісец і графік. Акад. Пецярбургскай АМ (1900). Вучыўся ў брата В.М.Васняцова, В.​Дз.Паленава, І.Я.Рэпіна. Чл. Т-ва перасоўнікаў (з 1889). З 1903 узначальваў «Саюз рускіх мастакоў». Аўтар манум. эпічных пейзажаў і серый, гіст. палотнаў, прысвечаных старадаўняй Маскве, Падмаскоўю, Уралу і інш. Асн. творы: «Радзіма» (1886), «Змярканне» (1889), «Сібір» (1894), «Вуліца ў Кітай-горадзе. Пачатак 17 стагоддзя» (1900), «Возера» (1902), «Красная плошча ў 2-й палове 18 стагоддзя» (1925) і інш. Вядомы таксама як археолаг, педагог і тэарэтык мастацтва. У Нац. маст. музеі Беларусі яго карціны: «Веснавая цішыня» (1881), «Дняпро перад бурай» (1888), «Горнае возера. Урал» (1892), «Скіт» (1901?) і інш.

Літ.:

Васнецов В.А. Страницы прошлого. Л., 1976.

т. 4, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛМАНСО́Н (Гілель Майсеевіч) (літ. псеўд. Перакаці-Поле; 1868, г. Магілёў — 1937),

дзеяч. рэв. руху, пісьменнік. Бацька Г.Лялевіча. У 1884 у Кіеве уступіў у рэв. гурток, жыў у Чарнігаве, Адэсе, з 1895 у Магілёве, ствараў с.-д. гурткі. З 1903 чл. РСДРП, падтрымліваў сувязі з І.М.Баранкевічам, А.Ц.Вазілам. Аўтар зб. «Песні басяка» (1907). Некат. вершы К. ўвайшлі ў складзены У.​Дз.​Бонч-Бруевічам зб. «Выбраныя творы рускай паэзіі» (3-е выд., 1908). У 1917—22 на парт. і ваен. рабоце ў Магілёве, Самары, Гомелі. З 1922 жыў у Маскве. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Свобода: Элегия в прозе. Киев, 1915;

Плакучая акация: Сказка-притча Киев, 1915;

Красная Армия: Стихи. Самара, 1919;

Первые шаги: (Из воспоминаний) // Известия Гомельского губернского комитета РКП(б). 1921. № 7—8.

А.​Ф.​Вялікі, В.​У.​Скалабан.

т. 7, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОН ((Kon) Фелікс Якаўлевіч) (30.5. 1864, Варшава — 28.7.1941),

дзеяч польскага і рас. рэв. руху. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят». У 1884 арыштаваны, 8 гадоў зняволення адбываў на Карыйскай катарзе (Забайкалле). З 1906 адзін з кіраўнікоў Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы. У 1917—22 на парт. і сав. рабоце на Украіне, у т. л. ў 1921 сакратар ЦК КП Украіны. Адначасова ў 1919—30 чл. Польскага бюро пры ЦК ВКП(б), у ліп.жн. 1920 чл. Польскага рэвалюцыйнага камітэта (Беласток). У 1922—23 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала; з 1924 чл., у 1927—35 нам. старшыні інтэрнацыянальнай кантрольнай камісіі. Рэдактар газ. «Красная звезда» (1925—28), час. «Каторга и ссылка». (1927—29), «Наша страна» (1937—41) і інш. Чл. калегіі Наркамасветы РСФСР (1930—31), старшыня Усесаюзнага радыёкамітэта (1931—33), заг. аддзела музеяў Наркамасветы РСФСР (1933—37). Быў чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Аўтар твораў па гісторыі рэв. руху.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СЕДЗЬ,

рака ў Беларусі, у Магілёўскай і Гомельскай абл. і Расіі (Смаленская і Бранская вобл.), левы прыток р. Сож. Даўж. 261 км, у межах Беларусі 185 км. Пл. вадазбору 5460 км², у межах Беларусі 3110 км². Пачынаецца ў Шумяцкім р-не Смаленскай вобл., цячэ ў Хоцімскім, Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл. і Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Вадазбор на паўд.-ўсх. ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны, у нізоўях на Чачорскай раўніне і ў Гомельскім Палессі. Асн. прытокі: Еленка, Сураў, Жадунька, Дзяражня, Алешня, Падуж, Каўпіта (справа), Альшоўка, Жадунь, Зубар, ручай Машоўка, Стаўбунка (злева).

Даліна выразная, слабазвілістая, трапецападобная. Пойма пераважна двухбаковая, б.ч. лугавая, парэзаная пратокамі, старыцамі, рукавамі. Рэчышча моцназвілістае і разгалінаванае. Берагі стромкія, нярэдка абрывістыя. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Суднаходная за 78 км ад вусця. На Бесядзі гар. пасёлкі Хоцімск і Красная Гара (Бранская вобл.); у нізоўі Веткаўскі батанічны заказнік.

Рака Беседзь у ніжнім цячэнні.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́МКІН (Якаў Рыгоравіч) (1898, Адэса — 3.11.1929),

рэвалюцыянер, сав. ваенны дзеяч. Скончыў 4-класную яўр. школу ў Магілёве. З 1914 чл. партыі эсэраў, з 1917 — левых эсэраў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік ВЧК. Праціўнік Брэсцкага міру 1918, адзін з ініцыятараў і непасрэдны ўдзельнік забойства 6.7.1918 герм. пасла В.​Мірбаха, што з’явілася пачаткам леваэсэраўскай спробы дзярж. перавароту. Пасля яе задушэння хаваўся на Украіне, удзельнічаў у падп. барацьбе супраць герм. акупантаў і пятлюраўцаў. 16.5.1919 атрымаў амністыю Прэзідыума ВЦВК. З 1919 на Паўд. фронце (нач. штаба і в.а. камандзіра 79-й брыгады) і ў складзе Каспійскай флатыліі. З 1920 чл. РКП(б). У 1920—21 на спец. курсах у Ваен. акадэміі РСЧА, у сакратарыяце Л.Д.Троцкага. Выконваў спец. заданні АДПУ за мяжой. У крас. 1929 тайна сустракаўся ў Турцыі з высланым з СССР Троцкім і абяцаў яму дапамогу, за што арыштаваны і па прыгаворы судовай калегіі АДПУ расстраляны.

Літ.:

Красная книга ВЧК. 2 изд. М., 1990. Т. 1. С. 310;

Троцкий Л. Портреты революционеров. М., 1991;

Овруцкий Л., Разгон А. Яков Блюмкин: Из жизни террориста // Горизонт. 1991. № 11—12.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫ ў Вялікую Айчынную вайну.

Створаны 17.2.1944 у выніку перайменавання Беларускага фронту, дзейнічаў на Бабруйскім і Брэсцка-Люблінскім напрамках. Камандуючыя Маршалы Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі, з

ліст. 1944 Г.К.Жукаў; чл. ваен. савета: ген.-лейт. К.​Ф.​Цялегін, у маі—ліст. 1944 ген.-палк. М.А.Булганін, нач. штаба ген.-палк. М.С.Малінін. У розны час уваходзілі арміі: 3, 10, 28, 33, 47, 48, 50, 61, 65, 70, 3-я і 5-я ўдарныя, 6-я і 16-я паветр., 8-я гвардз., 1-я і 2-я гвардз. танк., 1-я і 2-я Войска Польскага, Дняпроўская ваенная флатылія. Франтавая газ. «Красная Армия». Войскі фронту сваімі сіламі і разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Рагачоўска-Жлобінскую, Бабруйскую, Мінскую, Люблін-Брэсцкую, у 1945 — Вісла-Одэрскую, Варшаўска-Пазнанскую, Усх.-Памеранскую, Берлінскую аперацыі (гл. адпаведныя арт.). 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне рэарганізавана ў Палявое ўпраўленне Групы сав. войскаў у Германіі.

М.​І.​Камінскі.

Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў Беларускага фронту першага і партызанаў у в. Сычкава Бабруйскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 2, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМА́РНІК (Ян Барысавіч) (14.6.1894, г. Жытомір, Украіна — 31.5.1937),

савецкі парт. і ваен. дзеяч, армейскі камісар 1-га рангу (1935). З 1915 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У рэв. дзейнасць уключыўся ў 1913, з 1916 чл. РСДРП. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл., сакратар Кіеўскага к-та РСДРП(б), чл. рэўкома. У 1918—20 чл. Усеўкраінскага падп. цэнтра; адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля на Украіне, чл. РВС Паўд. групы 12-й арміі, камісар дывізіі, старшыня Адэскага, Кіеўскага губкомаў КП(б)У, Кіеўскага губвыканкома. З 1923 старшыня Дальрэўкома, крайвыканкома, сакратар Далькрайкома ВКП(б). З ліст. 1928 1-ы сакратар ЦК і чл. Бюро ЦК КП(б)Б, чл. РВС Бел. ваен. акругі. З кастр. 1929 нач. Палітупраўлення Чырв. Арміі, чл. РВС СССР, адказны рэдактар газ. «Красная звезда». З 1930 нам. наркома абароны і нам. старшыні РВС СССР. Чл. ЦК ВКП(б) у 1927—37. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР у 1929. У час рэпрэсій абвінавачаны як «вораг народа», скончыў самагубствам. Рэабілітаваны ў 1955.

І.​П.​Хаўратовіч.

Я.Б.Гамарнік.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з сак. 1942 да кастр. 1943 на тэр. Прапойскага р-на (цяпер Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўвала Прапойскую і Улуцка-Харанеўскую арг-цыі, у якіх было 11 груп (бальш за 80 чал.). У Прапойскую (кіраўнікі С.​Ф.​Саўчанка, М.​В.​Кліменка, М.​П.​Хаблоў) уваходзіла 8 груп: камсам.-маладзёжная (А.​С.​Скальзаеў), на электрастанцыі і маслазаводзе (А.​В.​Шэдаў), у гар. бальніцы (В.​Ф.​Самусенка), гарадская (А.​А.​Лісіцын), у вёсках Бярозаўка і Гіжэнка (В.​А.​Драздоў), Віравая (І.​В.​Ганчароў), Крамянка (І.​А.​Сёмкін), Рудня і Міхайлоў (М.​В.​Навуменка). Улуцка-Харанеўская (кіраўнікі Дз.​Е.​Савельеў, Г.​А.​Каралёў) складалася з 3 груп: у вёсках Доўгі Мох (Чавускі р-н, В.​А.​Сцяпанаў), Улукі (І.​Я.​Цімашкоў), Харанеў (І.​І.​Каваль). Арг-цыі дзейнічалі ва ўзаемасувязі, у кантакце з 42-м партыз. атрадам, партыз. палком «Трынаццаць», Магілёўскім падполлем. Падпольшчыкі збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, дакументы акупац. улад, распаўсюджвалі газ. «Правда» і «Красная звезда», лістоўкі, праводзілі дыверсіі, пашкоджвалі чыг. рэйкі, тэлефонную сувязь, з партызанамі разграмілі камендатуру ў Прапойску, арганізавалі ўцёкі сав. ваеннапалонных і пераправілі іх у партыз. атрад. Захаванне канспірацыі дазволіла падпольшчыкам пазбегнуць правалаў, своечасова перайсці ў партызаны.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)