АДЭНАМАТО́З ЛЁГКІХ (ад адэнома + ...оз),

хранічная вірусная хвароба жывёл. Характарызуецца развіццём шматлікіх залозападобных разрастанняў у лёгачнай парэнхіме. Пашырана амаль ва ўсіх краінах свету, адзначаецца і на Беларусі. Хварэюць авечкі, козы, менш каровы, коні, сабакі, мышы, некаторыя рыбы. Узбуджальнік — рэтравірус тыпу С. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Лятальнасць ад 50 да 80%.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІЎРО́З,

інвазійная хвароба коней, аслоў, мулаў, зебраў, якая выклікае парушэнне дзейнасці стрававальнага тракту, пашкоджанне скуры каля кораня хваста (зачос хваста). Узбуджальнік — вастрыца конская, што паразітуе пераважна ў абадочнай кішцы тоўстага кішэчніка. Яйцы развіваюцца ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца праз кармы, ваду, пры аблізванні навакольных прадметаў, забруджаных яйцамі вастрыц. Хварэюць часцей маладыя і старыя коні ў стойлавы перыяд.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НІ,

невялікія коні, выведзеныя на астравах Брытанскіх, Готланд, Ісландыя, Корсіка, Сіцылія, Хакайда. Больш за 20 парод, у т. л. спецыялізаваныя верхавыя і запражныя, разнастайнай масці. Рост 80—140 см. Гадаваліся для працы ў дробных сял. гаспадарках, на шахтах, для перавозу грузаў у гарах і інш. Выкарыстоўваюцца ў парках для запрэжкі ў прагулачныя і дзіцячыя экіпажы, пад сядло.

Поні.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРУХО́ВІЧ (Сцяпан Адамавіч) (1.1.1909, в. Губіна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 5.4.1989),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Працаваў у станковым жывапісе. Сярод твораў: «Веснавая сяўба» (1947), «Коні. На лузе» (1953), «Калгасны табун» (1958), лірычныя і індустр. пейзажы «Жыта» (1947), «Мінскае мора» (1954), «Новалукомль» (1966), «Пейзаж з лодкай» (1973), «Перад дажджом» (1975), партрэт Я.​Купалы (1979) і інш.

С.Андруховіч. Партрэт Я.​Купалы. 1979.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЖАВЫ́ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту, у якім цяглавай сілай з’яўляюцца жывёлы (коні, валы, вярблюды, буйвалы, аслы, мулы, алені, сабакі і інш.). Падзяляецца на колавы і санны. У Беларусі да 19 ст. гужавы транспарт быў асн. відам сухап. перавозкі пасажыраў і грузаў на далёкія адлегласці. Развіццё чыгуначнага і аўтатранспарту выцесніла гужавы транспарт. Цяпер яго выкарыстоўваюць пераважна ў сельскай мясцовасці для перавозак людзей і грузаў на невял. адлегласці.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СЕНКАВА (Варвара Мікалаеўна) (22.4.1817, С.-Пецярбург — 1.5.1841),

руская актрыса. З 1835 у Александрынскім т-ры. Выканаўца роляў у вадэвілях і травесці: юнкер Лелеў («Гусарская стаянка, або Плата той жа манетай» В.​Арлова), Габрыэль («Дзяўчына-гусар» Ф.​Коні), а таксама ў драм. рэпертуары: Эсмеральда (паводле рамана В.​Гюго «Сабор Парыжскай Божай маці»), Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра). Першая выканаўца роляў Мар’і Антонаўны («Рэвізор» М.​Гогаля) і Соф’і («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава).

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПЕРГІЛЁЗ, аспергіламікоз,

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека. Выклікаецца плесневымі грыбамі з роду аспергіл. Пашыраны па ўсім свеце. На Беларусі трапляецца спарадычна. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі і стрававальна-кішачны тракт. Да аспергілёзу асабліва ўспрыімлівыя птушкі (качкі, гусі, галубы і інш), буйн. раг. жывёла, коні, авечкі, сабакі, каты, пчолы. Бывае і ў людзей, занятых перапрацоўкай с.-г. сыравіны, заражанай спорамі грыба. Праяўляецца ў запаленні скуры, слізістых абалонак, органаў дыхання і стрававання.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧНАЯ ХВАРО́БА, дурына,

хранічная інвазійная хвароба непарнакапытных. Набыла пашырэнне ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў краінах Азіі, Афрыкі, Еўропы і Амерыкі. Узбуджальнік — жгуцікавы паразіт Tripanosoma equiperdum. Да заражэння ўспрыімлівыя коні, аслы, мулы ў перыяд злучкі, іншы раз пры штучным апладненні. У хворых жывёл назіраюцца ацёкі палавых органаў, з’яўленне вузельчыкаў і язваў, «талерных бляшак» на скуры, парэзаў і паралічоў тварнага і інш. нерваў, атрафія мышцаў задняй часткі цела.

т. 7, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІЯІДО́З (ад грэч. mēlis сап + eidos від),

сап несапраўдны, хвароба Стэнтана, вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека з утварэннем абсцэсаў у тканках і органах. У чалавека бывае рэдка. Узбуджальнік — грамадмоўная палачка псеўдамонас, носьбіты ўзбуджальніка — грызуны (пацукі, мышы), таксама свойскія жывёлы. Заражэнне адбываецца аліментарна, аэрагенна, праз скуру. Часцей хварэюць пацукі, мышы, радзей каты, сабакі, трусы, авечкі, коні, свінні. Пры ўзнікненні М. хворых жывёл ізалююць і прымаюць меры, каб не адбылося заражэння людзей.

т. 10, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІК (Дзмітрый Іванавіч) (н. 11.5.1929, г. Беразіно),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960, вучыўся ў В.​Волкава, У.​Сухаверхава, В.​Цвіркі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Вясна. Порт» (1963), «Вечная памяць» (1965), «Лясное возера» (1969), «Белыя коні» (1972), «Асеннія далячыні» (1978), «Дзявочы гай» (1979); мазаічных пано «Карагод» (1968) і «Каруначніцы» (1974, абодва з М.​Казакевічам) і інш.

Т.​А.​Карповіч.

Дз.Алейнік. Вясна. Порт. 1963.

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)