АШМЯ́НСКІЯ ГАРБА́РНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў 1835—1914 у г. Ашмяны. Было 6 прадпрыемстваў, якімі валодалі купцы і мяшчане. Выкарыстоўваліся конныя рухавікі і вадзяное кола. Выраблялі скуры рознага гатунку: для простага абутку, шчыгрын (мяккая, шурпатая авечая ці казіная скура, аздобленая адмысловым узорам), гамбургскі тавар з конскіх скур, а таксама шавецкія загатоўкі. На кожным прадпрыемстве працавала ад некалькіх да 95 чалавек. За год выраблялі 2—7 тыс. пудоў скур (1885).

т. 2, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ЧНІКІ,

у старажытнасці і сярэдневякоўі пешыя і конныя воіны, узброеныя лукамі. Уваходзілі ў склад армій многіх краін, у т. л. Стараж. Усходу (напр., ў Персіі дзейнічалі на сланах і вярблюдах, у Індыі — на сланах); у большасці краін складалі аснову армій. Са з’яўленнем у 6 ст. да н.э. фалангі выкарыстоўваліся пераважна наперадзе баявога парадку ці на флангах: распачыналі бітву, прычынялі ворагу страты, парушалі яго баявыя парадкі, стваралі выгадныя ўмовы для ўступлення ў бой сваіх асн. сіл — цяжкай пяхоты і кавалерыі. У Еўропе ў часы рыцарства Л. ўваходзілі ў склад кап’я (4—10 воінаў), найб. вызначыліся англійскія Л. ў перыяд Стогадовай вайны 1337—1453. Пешыя і конныя Л., якія дзейнічалі сумесна з цяжкай пяхотай і кавалерыяй, былі ў дружынах Кіеўскай Русі, Маскоўскага княства, з канца 14 ст. — у войску ВКЛ (у сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вельмі пашыраны былі коннікі з лукамі). З 16 ст. з развіццём агнястрэльнай зброі значэнне Л. у арміях зменшылася. У Расіі ў часцях ірэгулярных войск і лёгкай кавалерыі, якія камплектаваліся з башкіраў і калмыкаў, Л. захоўваліся да пач. 19 ст. Ілюстрацыю гл. таксама да арт. Грэка-персідскія войны.

Літ.:

Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.

т. 9, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТМІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ, Істміі,

у Стараж. Грэцыі святы і спаборніцтвы ў гонар Пасейдона. Праходзілі на Істме (цяпер Карынфскі перашыек), верагодна з 582 да н.э. адзін раз у 2 ці 4 гады. Паводле міфа, засн. Тэсеем. Праводзіліся гімнастычныя, конныя, пазней муз. і паэт. спаборніцтвы. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з сельдэрэю ці хвоі, у які ўпляталася галінка пальмы. На час І.г. у Грэцыі абвяшчаўся «свяшчэнны мір», не вяліся ваен. дзеянні. Да ўдзелу ў І.г. не дапускаліся арганізатары Алімпійскіх гульняў — элейцы.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕ́ЙШЧЫКІ, пікінёры,

пешыя і конныя воіны ў арміях краін Зах. Еўропы, Польшчы, ВКЛ і Расіі ў 16—18 ст., асн. зброяй якіх было доўгае (3—4 м) кап’ё (піка). Дзейнічалі пад прыкрыццем стралкоў і артылерыі, пасля залпу якіх самкнутым строем атакоўвалі праціўніка і наносілі яму паражэнне ў блізкім (рукапашным) баі. З увядзеннем штыка ў пач. 18 ст. паступова зніклі ў рэгулярных арміях. У час паўстанняў 1794, 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве як К. дзейнічалі сяляне-касінеры.

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ЛІЦЕ́ЙНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.

Створаны ў 1902 у г. Ваўкавыск (цяпер у Гродзенскай вобл.) на базе майстэрні як чыгуналіцейны з-д. У 1902 працавала 13 рабочых, якія выплаўлялі 50—60 пудоў чыгуну за год і выраблялі ручныя сячкарні і конныя прыводы да малатарань. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944. У 1947 дабудаваны. З 1962 сучасная назва. У 1964—66 рэканструяваны. Дзейнічаюць цэхі: ліцейны, загатовачна-зварачны, 2 механазборачныя. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для ліцейнай вытв-сці, буд. тэхніка, с.-г. абсталяванне, у т. л. сячкарні.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУКІ́ (ад венг. hajdúk пехацінцы),

1) удзельнікі ўзбр. барацьбы паўд.-слав. народаў і венграў супраць турэцкіх захопнікаў у 15—19 ст. У час рус.-тур. вайны 1877—78 разам з рус. войскамі змагаліся за вызваленне Балгарыі. Подзвігі гайдукоў услаўлены ў эпасе паўд. славян.

2) Лёгкаўзброеныя воіны, якія былі на службе ў венг. і польск. памешчыкаў у 16—17 ст., т.зв. венг. пяхота, уведзеная Стафанам Баторыем.

3) У Расіі пры Пятру I конныя панскія лёкаі.

Літ.:

Гусарова Т.П. Хайдуки в Венгрии // Вопр. истории. 1991. № 1.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАЛО́ГІЯ (ад грэч. hippos конь + ...логія),

навука пра коней. Вывучае анатомію, фізіялогію, біялогію размнажэння, пародаўтварэнне і інш. Творы па І. з’явіліся за некалькі стагоддзяў да н.э.; уключалі практычныя звесткі пра экстэр’ер, выездку і выкарыстанне коней. У далейшым комплекс біял., заатэхн. і вет. ведаў пра коней пашырыўся. На Беларусі з 19 ст. існавалі дзярж. конныя заводы і заводскія стайні, пазней узніклі племянныя станцыі і конегадоўчыя фермы, на якіх у наш час вядзецца племянная работа, выпрабаванне коней, павелічэнне іх пагалоўя і інш. Вядучая навук. ўстанова — Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Гл. таксама Конегадоўля.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІЯ КАФЛЯ́НЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.

Дзейнічалі з 1860 да 1914 у г. Копысь Горацкага пав. (цяпер г.п. Копысь у Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Уключалі 4 кафляныя і кафляна-ганчарныя мануфактуры, кафляна-ганчарную ф-ку, 2 з-ды (кафляны і кафляна-глазурны). Выпускалі кафлю, тэракоту, пазалочанае аздабленне для печаў, вазоны для кветак, сподкі з малюнкамі, паліву для кафляных і ганчарных з-даў. Найб. буйныя прадпрыемствы мелі конныя, газавыя (10 к. с.) і нафтавыя (40 к. с.) рухавікі. У розныя гады працавалі ад 9 да 131 чал.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́РА (італьян. galera),

драўлянае вёславае ваен. судна. Створана ў 7 ст. венецыянцамі. У Еўропе пашырана ў 7—18 ст. У Расіі з’явілася ў канцы 17 — пач. 18 ст. пры Пятру I. Даўж. 40—60 м, шыр. 4—7,5 м, асадка да 2 м, адзін рад вёслаў (16—32 на борт), скорасць пад вёсламі да 7 вузлоў (12,96 км/гадз), экіпаж да 450 чал. У якасці дапаможнага рухача на 1—2 мачтах галеры ставіліся косыя, т.зв. «лацінскія», парусы. Асн. зброяй да сярэдзіны 14 ст. былі надводны таран, кідальныя машыны, арбалеты, потым — гарматы. Існавалі таксама т.зв. конныя галеры для перавозкі коней.

Галера.

т. 4, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЛІЦЕ́ЙНА-МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ,

вучэбна-прамысл. прадпрыемства ў 1859—1916 пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це і рамесным вучылішчы. Меў 2 паравыя машыны (1872—73), лакамабіль (1879), вагранку для адліўкі чыгунных і жал. вырабаў (1863). Працавалі доменная печ на 50 пудоў чыгуну (1879), 9 розных станкоў (1884). Метал набывалі ў Маскве. Вырабляў веялкі, бароны «зігзаг», плугі, крупадзёркі, малатарні, прылады для млыноў, конныя веялкі, сарціроўкі, запчасткі с.-г. машын, пакоўкі для мастоў і інш. У 1895 працавала 66 чал., выраблена прадукцыі на 10,7 тыс. руб. У 1870—80-я г. з-д належаў да лепшых прадпрыемстваў Магілёўскай губ.

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)