ГЕ́РЦЭН (Аляксандр Іванавіч) (псеўд. Іскандэр; 6.4.1812, Масква — 21.1.1870),

рускі пісьменнік, публіцыст, філосаф. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1829—33). Духоўнае развіццё адбывалася пад уплывам дзекабрыстаў, рус. л-ры, франц. асветніцтва і утапічнага сацыялізму. У 1834 за ўдзел у студэнцкім паліт. гуртку, які заснаваў разам з М.П.Агаровым, Герцэн арыштаваны і высланы ў Перм, потым у Вятку. У 1842 вярнуўся ў Маскву. У філас. працах 1840-х г. (цыклы арт. «Дылетантызм у навуцы», 1842—43, і «Пісьмы пра вывучэнне прыроды», 1845—46) матэрыялістычна вытлумачыў асновы гегелеўскай дыялектыкі. У літ. творчасці Герцэн праходзіць эвалюцыю ад рамантызму ранніх аповесцей і драм да рэалізму ў рамане «Хто вінаваты?» (ч. 1—2, 1845—46), аповесцях «Доктар Крупаў» (1847) і «Сарока-зладзейка» (1848). З 1847 у эміграцыі; еўрап. нац.-вызв. рух і рэв. ўзрушэнні адлюстраваліся ў яго творах маст. публіцыстыкі — цыклах арт. «Пісьмы з Францыі і Італіі» (1847—52) і «З таго берага» (1847—50). Пасля паражэння еўрап. рэвалюцый 1848—49 распрацаваў тэорыю «рускага сацыялізму», стаў адным з пачынальнікаў народніцтва. У 1853 заснаваў у Лондане Вольную рус. друкарню, выдаваў альманах «Полярная звезда» (1855—68) і газ. «Колокол» (1857—67; разам з Агаровым). Літ. і грамадская дзейнасць Герцэна падрыхтавала з’яўленне «Былога і дум» (1852—68) — аднаго з лепшых твораў рус. мемуарнай л-ры, у якім раскрыта цэлая эпоха духоўнага развіцця рус. інтэлігенцыі, а асабісты лёс пісьменніка ўключаны ў шырокі гіст. кантэкст. У канцы жыцця Герцэн імкнуўся зразумець і прыняць навук. сацыялізм. Падтрымліваў нац.-вызв. рух у Польшчы, Беларусі і Літве, выступаў за нац. самавызначэнне беларусаў. Выданні Вольнай рус. друкарні распаўсюджваліся на Беларусі, а газ. «Колокол» пісала пра бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, арміі і ўрадавай бюракратыі, вітала «Мужыцкую праўду» К.​Каліноўскага. Народніцкія і рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна паўплывалі на станаўленне светапогляду Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча і інш. бел. пісьменнікаў. У перакладзе на бел. мову выдадзены «Былое і думы» (т. 1, ч. 1—2, 1940), раман «Хто вінаваты?», аповесці «Сарока-зладзейка», «Доктар Крупаў» і інш. (у кн. «Мастацкія творы», 1941).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—30. М., 1954—66.

Літ.:

Белинский В.Г. Взгляд на русскую литературу 1847 г. // Полн. собр. соч. Т. 10. М., 1956;

Герцен в воспоминаниях современников. М., 1956;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. М., 1966;

Птушкина И.Г. Александр Иванович Герцен. М., 1987;

Летопись жизни и творчества А.​И.​Герцена, 1812—1870. [Т. 1—4]. М., 1974—87.

Н.​В.​Галаўко, У.​М.​Конан.

А.І.Герцэн.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,

тайная рэв. арг-цыя разначынцаў у Рас. імперыі ў 1861—64 (назва з 1862); федэрацыя рэв. гурткоў. Узнікла пад ідэйным уплывам А.А.Герцэна, М.Г.Чарнышэўскага, М.П.Агарова. Арганізатары і кіраўнікі М.А. і А.​А.​Серна-Салаўевічы, А.​А.​Сляпцоў і інш. Узначальваў «З. і в.» Цэнтр. рускі нар. к-т у Пецярбургу, мясц. арг-цыі існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Казані, Саратаве, Тамбове і інш. У канцы 1862 да «З. і в.» далучылася ваен.-рэв. арг-цыя «Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы». Арг-цыя падтрымлівала сувязі з газ. «Колокол». Яе праграма: увядзенне рэсп. кіравання, скліканне бессаслоўнага Нар. сходу, уладкаванне выбарнага самакіравання па абласцях, пашырэнне абшчынных прынцыпаў у сял. і гар. жыцці, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі. Асн. праграмны дакумент — адозва Агарова «Што патрэбна народу». Выдавала лісткі «Свобода», рэв. пракламацыі. У час паўстання 1863—64 уступіла ў саюз з партыяй «чырвоных», імкнулася ператварыць яго ва ўсерасійскае сял. паўстанне за зямлю і волю. У канцы 1863 «З. і в.» ўступіла ў паласу ідэйнага крызісу, паўстанне 1863—64 было разгромлена, частка землявольцаў арыштавана, некат. эмігрыравалі. Да вясны 1864 арг-цыя самаліквідавалася.

Літ.:

Нечкина М.В. Возникновение первой «Земли и воли» // Революционная ситуация в России в 1859—1861 гг. М., 1960;

Віткоўскі Я. «Зямля і воля» 60-х гадоў і сувязь яе з паўстаннем 1863 г. // Полымя. 1930. № 4.

т. 7, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КСНЕС (Laxness; сапр. Гудзьёўнсан; Guðjónsson) Хальдаўр Кільян

(23.4.1902, Рэйк’явік —8.2.1998),

ісландскі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Дзіця прыроды» (1919). У 1919—24 падарожнічаў па Еўропе. Вынік яго духоўных пошукаў — раман «Каля Святой гары» (1924). Паступовы адыход ад рэлігійнасці ў філас. рамане «Вялікі ткач з Кашміра» (1927). У 1927—29 жыў у ЗША і Канадзе, пазней наведаў СССР.

Яго светапогляд эвалюцыяніраваў да сацыяліст. ідэй: раманы «Салка Валка» (т. 1—2, 1931—32), «Самастойныя людзі» (т. 1—2, 1934—35), кнігі эсэ і публіцыстыкі «Шлях на Усход» (1933) і «Руская казка» (1938). У рамане «Святло свету» (т. 1—4, 1937—40) пошукі гармоніі паміж рэалізмам і ідэалізмам. Аўтар раманаў: гіст. «Ісландскі звон» (т. 1—3, 1943—46), патрыят. і антываен. «Атамная база» (1948), «Герпла» (1952), «Летапіс хутара Брэкукат» (1957), п’есы «Срэбны месяц» (паст. 1954). З 1960-х г. у яго творах схільнасць да эксперым. форм, шырокае ўжыванне сімволікі, гратэску: раманы «Вернуты рай» (1960), «Хрысціянская апека пад ледавіком» (1968), «Вымольванне Божых дароў» (1972), аўтабіягр. трылогія («На лужку каля роднай хаты», 1975, «Я быў малады», 1976; «Гісторыя сямі мудрацоў», 1978), зб. навел «Буквар з сямі літар» (1964), драмы «Банкет са смажанымі галубамі» (1966) і інш. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклаў І.​Пташнікаў. Нобелеўская прэмія 1955.

Тв.:

Бел. пер. — Атамная база. Мн., 1991;

Рус. пер. — Салка Валка. 2 изд. Л., 1985;

Самостоятельные люди. Исландский колокол. М., 1977;

Свет мира. М., 1994.

Літ.:

Крымова Н., Погодин А. Халлдор Лакснесс. М., 1970.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Х.Лакснес.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ ДЭМАКРА́ТЫ,

у Расіі прадстаўнікі рэв. руху, ідэолагі сял. дэмакратыі. Іх ідэалогія зарадзілася ў 1840-я г. і стала вызначальнай у грамадскім руху 1860—70-х г. Паводле сац. становішча Р.д. — гал. чынам разначынцы, хоць сярод іх былі і дваране. Адзін з першых Р.д. — В.Р.Бялінскі. У 1850—60-я г. Р.д. на чале з М Г.Чарнышэўскім, М.А.Дабралюбавым, А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым і інш. прапагандавалі свае ідэі на старонках час. «Современник» і «Колокол». Р.д. спалучалі ідэю сял. рэвалюцыі з ідэямі утапічнага сацыялізму; сялянства яны разглядалі як гал. рэв. сілу ў краіне; меркавалі, што Расія пасля знішчэння прыгоннага права шляхам сял. рэвалюцыі, мінаючы капіталізм, прыйдзе праз сял. абшчыну да сацыялізму. Р.д. стварылі тайныя рэв. арг-цыі «Зямля і воля» 1860-х г., «Зямля і воля» 1870-х г. і інш. (гл. Народніцтва), Рас. сацыял-дэмакраты і сацыялісты-рэвалюцыянеры сваімі папярэднікамі лічылі Р.д.

На Беларусі Р.д. — прадстаўнікі радыкальнага кірунку ў нац.-вызв. руху, сац.-філас, думцы, маст. л-ры і публіцыстыцы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Цётка, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Іх ідэалогія адлюстроўвала істотныя тэндэнцыі працэсу фарміравання бел. нацыі і нац. культуры, стала яскравым сведчаннем развіцця нац. самасвядомасці беларусаў. Іх светапогляд фарміраваўся пад уплывам рас. Р.д. і народніцтва, а таксама польскага нац.-вызв. руху. Станаўленне рэв.-дэмакр, ідэй у грамадскай думцы Беларусі пачалося ў 1830—40-я г. (Ф.Савіч, Ю.Бакшанскі). Як самаст, ідэалаг, плынь аформіліся ў перыяд паўстання 1863—64, што было звязана з дзейнасцю Каліноўскага і яго прыхільнікаў. Найб. поўна дэмакр.-вызв. тэндэнцыі адлюстраваны ў пач. 20 ст. ў творчасці Цёткі, Я.​Купалы, Я.​Коласа, дзейнасці публіцыстаў бел. друку. Р.д. змагаліся за карэннае пераўтварэнне грамадскага ладу ў інтарэсах прац. мас шляхам сял. рэвалюцыі. Яны выступалі ад імя ўсяго народа, але былі выразнікамі пераважна інтарэсаў прац. сялянства. Аснову грамадскай паэзіі Р.д. складалі ідэі гіст. прадвызначэння прац. народа, тэндэнцыі наіўна-ўраўняльнага сял. сацыялізму, рашучае адмаўленне бурж.-памешчыцкага ладу. Іх грамадска-паліт. праграма ўключала патрабаванні ліквідацыі самадзяржаўя, дэмакратызацыі грамадскага жыцця, скасавання памешчыцкага землеўладання, надзялення сялян зямлёй, свабоднага развіцця нац. культуры. Ідэалы Р.д. ў пэўнай ступені ўвайшлі ў ідэалогію бел. паліт. партый левага кірунку пач. 20 ст.: Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.

Літ.:

Майхрович А.С. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.

А.​С.​Майхровіч (рэв. дэмакраты ў Беларусі).

т. 13, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр. б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.

Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.

Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ. «Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач. сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв. «белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.

Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл. Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх ​2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.

Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.

Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.​І.​Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач. чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач. вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.

У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел. нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.

Літ.:

Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;

Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;

Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг. М., 1964;

Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел. гіст. часоп. 1993. № 3.

М.​В.​Біч.

Да арт. Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.​Дударэнка. 1978.
Да арт. Паўстанне 1863—64. К.​Каліноўскі і В.​Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.​Сергіевіч 1959.

т. 12, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)