КО́БРЫНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна на тэр. Жабінкаўскага і Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Вызначаўся класічнай завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту касцюма жанчын.

Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з саматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам, аздаблялі вышыўкай, радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геам. або расл.) чырвона-малінавы арнамент з невял. ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі, што ў падоўжным ці папярочным напрамку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіц.-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкар. злучаных полак белай ільняной тканіны. Адметнасць К.с. ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга быў відаць з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняныя — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва; ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай каляровымі вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андаракі з чорнай або цёмна-сіняй тканіны. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканымі у рознакаляровыя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт. Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная павай (пяром або веерам з пер’яў), чапец, вянок. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай кукардай, шапкі (круглай чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкамі малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Кобрынскі строй. Жанчына ў касцюме з наміткай. Вёска Яўсімавічы Кобрынскага раёна. Пач. 20 ст.

т. 8, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кобрынскі Рыгор Яфімавіч

т. 18, кн. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д Знаходзіцца ў г. Кобрын Брэсцкай вобл. Засн. ў 1948. Рэканструяваны, тэхналагічна перааснашчаны. З 1998 адкрытае акц. т-ва з сучаснай назвай. Асн. прадукцыя (1998): кансервы агароднінныя і фруктовыя, соусы, сокі пладова-ягадныя.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кобрынскі падпольны райком КП(б)Б 9/58

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1497—1839 у Кобрыне. Засн. кн. Кобрынскімі як праваслаўны манастыр пры Спаскай царкве. У 1501 княгіня Фядора, удава І.​С.​Кобрынскага, адпісала манастыру с. Корчыцы з людзьмі і ўсімі данінамі, 2 корчмы ў Кобрыне, дзесятую мерку жыта з млына на р. Кобрынка і дзесятую капу жыта і яравога збожжа з Кобрына. Інвентар К.С.м. 1549 надрукаваны ў 6-м томе «Актаў Віленскай камісіі». Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў уніяцкім, належаў ордэну базыльян, меў свайго архімандрыта, некаторы час падпарадкоўваўся непасрэдна літ. правінцыялу (у 1713 архімандрыя адноўлена). Тут праходзіў Кобрынскі царк. сабор 1626. Указам Рас. імператара 1828 у К.С.м. адкрыта духоўнае вучылішча. Пасля Полацкага царк. сабора 1839 манастыр закрыты. Захаваўся мураваны жылы корпус 2-й пал. 18 ст. — помнік архітэктуры барока.

А.​Ярашэвіч.

т. 8, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кобрынскі раённы камітэт КПЗБ 6/43

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей 2/430; 6/44—45; 7/303; 10/102

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ САБО́Р АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,

помнік архітэктуры позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рус. кірунку. Закладзены ў 1864 у гонар адмены прыгоннага права. Буд-ва завершана ў 1868. Цагляны крыжова-купальны храм з бабінцам, рызніцамі і чатырохвугольнай апсідай. Над асн. кубічным аб’ёмам васьмігранны светлавы барабан (купал не захаваўся). Рызніцы далучаны да крылаў трансепта. Да вуглоў, утвораных плоскасцямі сцен рызніц і трансепта, прымыкаюць невял. прыдзелы з бакавымі ўваходамі. Фасады вырашаны ў стрыманай пластыцы. Сцены гал. фасада, апсіды і тарцовай ч. трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі. Партал вылучаны накладным несапраўдным порцікам з паўкруглым франтонам. На саборы мемар. дошка на ўшанаванне памяці рус. салдат, якія загінулі ў вайну 1812.

А.​Ю.​Пятросава.

Кобрынскі сабор Аляксандра Неўскага.

т. 8, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кобрынскі камітэт Усерасійскага саюза чыгуначнікаў 6/43

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К.​В.​Ламберта і Я.​І.​Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.​Л.​Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А.​П.​Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ён загадаў Ламберту і А.​Р.​Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А.​П.​Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.

Ш.​І.​Бекцінееў, В.​В.​Швед.

Помнік у гонар перамогі ў Кобрынскім баі 1812.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)