ВАЛАСЦЕ́ЛЬ,

службовая асоба ў Расіі ў 11—16 ст., якая кіравала воласцю ад імя князя і ажыццяўляла адм., фін. і суд. функцыі.

т. 3, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́СНЫ,

асоба пры двары вял. князя ВКЛ, якая наглядала за сталовай бялізнай, у прыватнасці за абрусамі. З 16 ст. абрусны — ганаровае званне.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСПАДА́Р,

1) уласнік, уладальнік чаго-небудзь.

2) У ВКЛ у 15—17 ст. тытул вялікага князя, а таксама іншаземных манархаў, вышэйшых духоўных асоб.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯК (ад грэч. diakonos служыцель),

1) начальнік, пісьмавод канцылярыі розных устаноў у Расіі да 18 ст. Напачатку слуга князя, якому даручаліся казна і пісьмовыя справы, з 15 ст. — чын урадавай адміністрацыі, кіраўнік канцылярыі цэнтр. (т.зв. прыказа) і мясц. устаноў. Адрознівалі Дз. гасударавых (царовы, вял. князя, дварцовы), буйных феадалаў, вечавыя (пры гар. вечы), гарадскія, земскія і інш. З 16 ст. былі думныя Дз. (засядалі ў Баярскай думе). У ВКЛ функцыі Дз. выконвалі сакратар і пісар.

2) Святар у праваслаўнай царкве, у абавязкі якога ўваходзіць чытанне св. пісання і спевы на клірасе.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (1120-я г. — пасля 1173),

гродзенскі князь, сын кн. Усевалада Давыдавіча. Разам з братам Барысам Усеваладавічам атрымаў у спадчыну Гродзенскае княства, падпарадкаванае кіеўскаму кн. Усеваладу Ольгавічу. У 1144 з братам удзельнічаў у паходзе кіеўскага князя на галіцкага Уладзіміра Валадаравіча. У 1166 з дружынай па загадзе кіеўскага князя ахоўваў ад полаўцаў купецкія караваны (каля Канева), у 1167 і 1170 дапамагаў Мсціславу Ізяславічу, а ў 1173 з полацкімі, тураўскімі і пінскімі князямі і братам Мсціславам — Андрэю Багалюбскаму ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі пасад.

А.​П.​Госцеў.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1068—69,

выступленне жыхароў Кіева супраць вял. кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. Пачалося ў вер. 1068 у выніку адмовы Ізяслава ўзброіць воінаў гар. дружыны (рамеснікаў і гандляроў) пасля разгрому полаўцамі на р. Альта аб’яднанага войска князёў Яраславічаў. Паўстанцы вызвалілі палоннага полацкага князя Усяслава Брачыславіча і абвясцілі яго вял. кіеўскім князем. Ізяслаў Яраславіч уцёк у Польшчу, яго браты чарнігаўскі і пераяслаўскі князі Святаслаў і Усевалад прызналі ўладу Усяслава Брачыславіча. Паўстанне задушана вясной 1069 Ізяславам з дапамогаю войска яго сваяка польск. караля Баляслава II Смелага; Усяслаў Брачыславіч уцёк у Полацк.

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЕ́МІЙ, Троіцкі (? — пач. 1570-х г.),

рускі царк. дзеяч і публіцыст, адзін з ідэолагаў несцяжацеляў. Прыняўшы манаства, жыў у Пскоўскім Пячэрскім манастыры, потым у заволжскай пустыні, быў ігуменам Троіцкага манастыра. Асуджаў царк. землеўладанне, абраднасць, прывілеі духавенства, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. За свае погляды адлучаны ад царквы і сасланы ў Салавецкі манастыр (1553). Каля 1554—55 уцёк на Беларусь, жыў у Віцебску, потым у князя Юрыя Алелькі. Перакладаў рэліг. кнігі на царкоўнаслав. мову, выкладаў багаслоўе пры двары князя. Захавалася 14 яго пасланняў. Быў знаёмы і вёў палеміку з С.​Будным, сярод яго карэспандэнтаў Іван IV, Андрэй Курбскі.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЦКІ,

1) у Стараж. Русі з 11 ст. прадстаўнік ніжэйшай («малодшай») часткі дружыны. У сац.-грамадскай сферы выконваў шэраг паліцэйскіх, адм. функцый. У надзвычайных абставінах мог быць пераведзены ў баяры і атрымаць пасадніцтва. Дз. складалі сталы вайсковы аддзел, які знаходзіўся ў непасрэдным распараджэнні князя або кіраўніцтва земскай абшчыны. Па меры разлажэння дружыны Дз. трацілі рысы дружыннай структуры і паглынуты княжацкім дваром.

2) У ВКЛ у 15—16 ст. службовая асоба, якая па даручэнні вял. князя, ваяводы, старосты ці інш. прадстаўнікоў улады затрымлівала і дастаўляла абвінавачанага ў суд. З 1566 функцыі Дз. выконваў возны.

Г.​В.​Ласкавы.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЎНІ́ЧЫ,

пасада (урад) у ВКЛ. Загадваў велікакняжацкімі піўніцамі, сачыў за якасцю і пастаўкамі піва да стала вял. князя ВКЛ. Першы вядомы П. — Мікіта Мікалаевіч (1546).

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁНА ІВА́НАЎНА (19.5.1476, Масква — 20.1.1513),

дачка вял. князя маскоўскага Івана III, жонка вял. князя ВКЛ Аляксандра. Праз шлюб Алёны Іванаўны (1495) Іван III разлічваў атрымаць доступ у ВКЛ, вял. кн. Аляксандр — спыніць паліт. і ваенны наступ Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. Насуперак намаганням акружэння мужа Алёна Іванаўна засталася праваслаўная, падтрымлівала правасл. царкву ў ВКЛ, асуджала агрэсіўную палітыку Івана III у дачыненні да ВКЛ. Падтрымлівала мужа ў яго барацьбе са шляхтай за цэнтралізацыю ўлады, пасля яго смерці (1506) падтрымала Жыгімонта I. Валодала землямі ў Віленскім і Трокскім ваяв., каля Менска, Гародні, у памежжы з Маскоўскай дзяржавай, замкамі ў Магілёве, каля Мсціслава, у Чачэрску і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)