княжацкі род у ВКЛ, адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад сына Альгерда Лугвена, які атрымаў Мсціслаўскае княства. З яго нашчадкаў: Юрый (1395?—1458?),
сын Лугвена. Князь мсціслаўскі. Уваходзіў у раду вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы. З 1432 некалькі разоў быў запрошаны служылым князем у Ноўгарад. Удзельнічаў у феад. войнах у ВКЛ, у выніку паражэнняў неаднаразова пазбаўляўся Мсціслаўскага княства. Яраслаў Фёдар (1411—1.9.1435), сын Лугвена. Загінуў у бітве пад Вількамірам, дзе змагаўся на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Іван (? — да 1489), сын Юрыя. Валодаў Мсціславам, Цяцерынам, Княжыцамі, Паповай Гарой, Дрокавам і інш., магчыма, Магілёвам. Яго дачка Ульяна выйшла замуж за кн. М.І.Заслаўскага (гл. ў арт.Заслаўскія), якому адышла частка Мсціслаўскага княства і які разам з нашчадкамі пачаў наз.князем М. Яго сын Фёдар у 1526 з’ехаў у Маскву, дзе род М. згас у 1622.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІ́ШЫНСКІ МІР 1018,
паміж Польскім княствам і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Завяршыў герм.-польскія войны 1003—18 (з перапынкамі), у ходзе якіх Польшча адстаяла сваю незалежнасць. Заключаны ў лужыцкім г. Будзішын польскім князем Баляславам I Храбрым і герм. каралём і імператарам Генрыхам II. Паводле Будзішынскага міру да Польшчы адышлі Лужыца, частка Мішанскай (Мейсенскай) маркі і Маравія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й АЛЬГЕ́РДАВІЧ, Андрэй Полацкі (1325—99),
князь полацкі, пскоўскі і трубчэўскі. Сын Альгерда і віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны. У 1342 жыхарамі Пскова абраны князем, за захаванне княжацкай пасады ў Пскове змагаўся і тады, калі стаў полацкім князем. Удзельнічаў у паходзе цвярскога кн. Міхаіла на Маскву (1372). Вёў актыўную барацьбу з крыжакамі, у 1373 і 1375 правёў паспяховыя паходы на Дынабург. Пасля 1377 распачаў барацьбу за велікакняжацкі пасад у ВКЛ. Пацярпеўшы паражэнне, вярнуўся княжыць у Пскоў. Уступіўшы ў саюз з вял.кн. маскоўскім Дзмітрыем Данскім, удзельнічаў у разгроме татараў на р. Вожа (1378), адваяваў у ВКЛ для Масквы северскія гарады Трубчэўск і Старадуб, удзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Пазней вярнуўся ў Полацк, выступіў супраць Ягайлы (1386), але трапіў у палон. Вызвалены ў 1390, стаў на бок Вітаўта ў яго барацьбе супраць Скіргайлы. Зноў княжыў у Пскове. Загінуў у бітве на Ворскле 1399.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЙСТУТ (7—1382),
князь ВКЛ, сын Гедзіміна, бацька Вітаўта. У 1345 разам з братам Альгердам выступіў супраць свайго малодшага брата Яўнута, які пасля смерці Гедзіміна (1341) займаў велікакняжацкі пасад. К. захапіў Вільню і ўзяў у палон Яўнута, аднак вял.князем прызнаў Альгерда, бо за ім як уладаром большай усх. часткі дзяржавы бачыў магутную сілу. На К., які ўладарыў у зах. частцы ВКЛ, прыпадаў гал. цяжар барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і Польшчай. У шэрагу выпадкаў дапамагаў Альгерду ў пашырэнні межаў дзяржавы на У і Пд. Маючы рэзідэнцыю ў Троках, К. пранікся інтарэсамі Жамойці і пасля смерці Альгерда (1377) імкнуўся навязаць сыну апошняга Ягайлу, які стаў вял.князем, палітыку, выгадную для яе. У 1381 выступіў супраць Ягайлы, але ў хуткім часе быў ім захоплены, прывезены ў замак Крэва і там задушаны. Трагічная смерць К. азначала крах імкненняў жамойцкай знаці заняць вядучае месца ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙШАЛК (1223—9.12.1268),
князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн.Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ VI (Leōn) Мудры, Леў VI Філосаф (1.9.866, г. Канстанцінопаль — 11.5.912), візантыйскі імператар [886—912]. З Македонскай дынастыі. Пацярпеў шэраг паражэнняў у войнах з балгарамі (893), арабамі (907), Кіеўскай Руссю (у 911 заключыў з кіеўскім князем Алегам дагавор, які гарантаваў рускім свабоду гандлю ў Канстанцінопалі). У 887—893 выдаў заканад. зборнік Васілікі і больш за 100 заканад. пастаноў, якія дапаўнялі Кодэкс Юсцініяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С I (?—2.5.907),
князь Балгарыі [852—889]. Увёў у Балгарыі хрысціянства (864—865), стварыў балг. архіепіскапства (870), дамогся незалежнасці балг. царквы ад Візантыі (880). Пашырыў сваю дзяржаву за кошт макед. і стараж.-сербскіх земляў. У 889 адрокся ад прастола на карысць сына Уладзіміра-Расатэ і пайшоў у манастыр (хрысц. імя Міхаіл). У 893 скінуў Уладзіміра, які хацеў вярнуць язычніцтва, і зрабіў балг.князем сына Сімяона. Пасля смерці кананізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ,
князь ваўкавыскі ў сярэдзіне 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256, калі ён удзельнічаў у паходзе на яцвягаў разам з князямі навагрудскім Раманам Данілавічам (зяць Глеба), свіслацкім Ізяславам, а таксама галіцка-валынскімі і польск. князямі. У час паходу галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча ў 1258 на Ваўкавыск Глеб узяты ў палон (трымалі яго «во чести»). Верагодна, князем удзельнага Ваўкавыскага княства Глеб заставаўся і пасля ўтварэння ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Адзін з герояў «Слова аб палку Ігаравым», дзе гаворыцца пра яго гераічную гібель у баі з літоўцамі. Дзедам І.В. названы кн.Усяслаў Брачыславіч. На падставе «Слова...» некат. даследчыкі лічаць, што І.В. быў князем у Гарадзені, які часам атаясамліваецца з сучасным Гроднам. Адзіны герой «Слова...», які не ўпамінаецца ў летапісах, што ставіць пад сумненне яго гіст. сапраўднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНА́ЦЫЯ, каранаванне,
цырымонія ўрачыстага прыняцця хрысц. манархам (імператарам, каралём, вял.князем, герцагам і інш.) сімвалаў улады (карона, скіпетр і інш.) пры ўступленні на прастол, якая суправаджаецца царк. абрадамі і сімвалізуе «боскае» паходжанне манарх. улады. Вяршыняй К. з’яўляецца ўскладанне вышэйшым царк. іерархам краіны кароны (адсюль назва) на галаву манарха. У ВКЛ і Польшчы адбывалася паводле звычаяў каталіцкіх краін. У Расіі абрад К. запазычаны з Візантыі, адбываўся ва Успенскім саборы Маскоўскага Крамля.