1) сістэма размяшчэння праводзячых сасудзіста-валакністых пучкоў (жылак) у лісцевых пласцінках і інш. органах вышэйшых раслін (акрамя імхоў); важная сістэматычная прыкмета. Бывае паралельнае (злакі, асокі), дыхатамічнае (гінкга, некат. папараці), дугавое (ландыш, купена, трыпутнік), сеткаватае (клён, яблыня, шалфей). Дугавое і паралельнае Ж. ўласціва аднадольным раслінам, сеткаватае (або перыстае) — пераважна двухдольным раслінам. Жылкі ёсць таксама ў чашалісціку, пялёстках, пладах і сцёблах раслін.
2) Ж. ў насякомых — відаспецыфічнае; размяшчэнне жылак на крылах. Жылкі ўяўляюць сабой полыя трубчастыя патаўшчэнні пласцінкі крыла, у якіх размешчаны адгалінаванні трахейных ствалоў і нерваў; утвараюць каркас крыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎЕ,
геалагічнае агаленне адкладаў муравінскага міжледавікоўя каля г. Заслаўе (Мінскі р-н) у пясчана-жвіровым кар’еры; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1984). Адкрыта ў 1979. Магутнасць азёрна-балотных (торф, суглінак) адкладаў 1,5—2,5 м, якія агаляюцца на працягу больш за 100 м. Залягаюць на флювіягляцыяльных пародах дняпроўскага зледзянення і перакрыты лёсападобнымі асадкамі паазерскага зледзянення. У адкладзе выяўлены пылок, споры, плады, насенне каля 60 відаў дрэвавых і травяністых раслін (граб, ліпа, клён, ляшчына, зрэдку дуб і елка), больш за 20 відаў рэшткаў насякомых, якія існавалі ў час оптымуму муравінскага міжледавікоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́Я (франц. allēe),
дарога ў парках, лесапарках, скверах, на бульварах, вуліцах, абапал абсаджаная дрэвамі або кустамі. Важны кампазіцыйны элемент паркавых ландшафтаў і азелянення нас. пунктаў, выконвае ахоўныя функцыі. Тыпы алей — прамыя ў рэгулярных і крывалінейныя ў пейзажных парках і садах.
Для алей часцей выкарыстоўваюць высакарослыя і шыракакронавыя пароды (дуб звычайны, ліпа драбналістая, клён вастралісты, лістоўніца еўрапейская, граб звычайны, елка, вяз і інш.). Сярэдняя адлегласць паміж дрэвамі 5 м, паміж радамі 10 м. У прысадах часам ствараюць нішы для лавак, скульптуры малых арх. формаў.
Бярозавая алея ў Цэнтральным батанічным садзе АН Беларусі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАРА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ (ад лац. nemoralis лясны),
сукупнасць раслінных згуртаванняў, звязаных паходжаннем з шыракалістымі лясамі. Пашырана ў Цэнтр. Еўропе, сярэдняй паласе Усх. Еўропы, на Каўказе, Д. Усходзе, ва ўсх.ч.Паўн. Амерыкі.
Фларыстычны склад Н.р. сфарміраваўся ў трацічным перыядзе (каля 60 млн.г. назад) з лісцевых (бук, дуб, каштан, клён, ліпа, ляшчына, ясень і інш.) і хваёвых (метасеквоя і таксодыум) парод дрэў і травяністых мнагалетніх раслін (немаросаў), пераважна эфемероідаў (ветраніца, медуніца, падалешнік і інш.). У шырокім сэнсе Н.р. ахоплівае ўсе згуртаванні, што ўласцівы падзоне шыракалістых і часткова хваёва-шыракалістых лясоў. Змяняецца пад уплывам дзейнасці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЫГО́РСКІ ПАРК, сад «Саломінка»,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 1906 у в. Дабрыгоры Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. на правым беразе р. Крывінка ваен. урачом П.М.Красавіцкім. Дрэвы садзіў вядомы садавод Я.Мароз. Пл. 10 га. Парк эканам. тыпу, па кампазіцыі пладовы сад.
Па перыметры абсаджаны рознымі экзотамі, якія ўтвараюць ахоўныя пасадкі і невял. паркавыя курціны. У ім каля 30 відаў і формаў дэкар. раслін: кедр сібірскі, елкі белая, Энгельмана, серабрыстая, хвоі веймутава, жорсткая, чорная, Банкса, лістоўніцы яп. і еўрап., бук, арэх маньчжурскі, клён татарскі і інш.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 87—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСАМБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створаны ў в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. У ансамбль уваходзяць палац, парк, 3 штучныя вадаёмы (рыбная гаспадарка). Палац пабудаваны ў 1830-я г. (арх. К.Падчашынскі) у стылі класіцызму. Спачатку ўзведзены гал. П-падобны 2-павярховы корпус, аздоблены порцікамі карынфскага ордэра: 6-калонным у цэнтры і 4-калоннымі на бакавых фасадах. Цэнтр.ч. вылучана бельведэрам над лесвічнай клеткай. Да паўн.-зах. тарца гал. корпуса пазней прыбудавана доўгае 2-павярховае крыло з палацавай царквой, якое замыкалася 2-павярховым корпусам з праезнай брамай. Фасады насычаны класіцыстычным арх. дэкорам. Інтэр’еры былі аздоблены пазалочанай лепкай, размалёўкай, дэкар. тканінамі і карцінамі (знішчаны ў 2-ю сусв. вайну). У будынку размешчаны саўгас-тэхнікум. Плошча парку 18 га (разам з пладовымі садамі і рыбнай гаспадаркай каля 100 га). У плане — выцягнуты прамавугольнік, абмежаваны алеямі. Тэр. парку з Пн на Пд перасякае р. Дабасна, якая ўтварае 3 маляўнічыя вадаёмы з астраўкамі (засталіся рэшткі масткоў і альтанак). Перад паўн. корпусам палаца ўцалелі фрагменты рэгулярнага парку пач. 18 ст. — круглая пляцоўка і 2 кляновыя алеі. У 1830-я г. створаны пейзажны парк, кампазіцыя якога падпарадкавана палацаваму ансамблю. Перад усх. порцікам размешчаны партэр у выглядзе эліпса. У парку дэкар. формы дрэў (дуб звычайны пірамідальны, клён вастралісты Швэдлера) і экзоты (хвоя веймутава, клён серабрысты і інш.).
У.А.Чантурыя, В.Р.Анціпаў.
Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль Палац. Від з двара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,
хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЕ́НІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва на Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл). Парк пейзажнага тыпу на ўзгорыстым рэльефе. Пл. каля 10 га. У паўн.-ўсх. частцы парку на самым высокім месцы сядзібны дом, на зах. схіле — тэрасы. У стварэнні ландшафтных кампазіцый выкарыстаны экзоты (больш за 60 відаў і формаў). Сярод іх унікальныя на Беларусі клён вастралісты далоненадрэзаны, вольха шэрая лопасцевая, аксаміт амурскі, явар і яго пурпуровалістая форма, клёны (палявы, прырэчны, татарскі, серабрысты, ясенялісты), піхта белая, елкі (канадская, Энгельмана, калючая блакітная), хвоя веймутава, лістоўніца еўрапейская, туя заходняя і шмат дэкар. кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСЦЕРАЗМЯШЧЭ́ННЕ,
парадак размяшчэння лісця на сцябле, які адлюстроўвае сіметрыю парастка; з’яўляецца сістэм. адзнакай. Залежыць ад чарговасці залажэння лісцевых зачаткаў на конусе нарастання. Адрозніваюць Л. спіральнае, ці чаргаванае, — ад кожнага вузла на сцябле адыходзіць 1 ліст (бяроза, дуб, злакі), супраціўнае — на кожным вузле сядзяць адзін насупраць аднаго 2 лісты (бэз, клён), кальчаковае — кожны вузел мае 3 і больш лісты (алеандр, эладэя). Агульная заканамернасць усіх тыпаў Л. — роўная вуглавая адлегласць паміж лістамі, якія сядзяць на адным вузле ці на паслядоўных вузлах генет. спіралі (умоўная лінія, што злучае асновы паслядоўных лістоў). Прычыны правільнасці Л. звязаны з памерамі конуса нарастання, лісцевых зачаткаў і іх узаемадзеяннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЦКІ КРАЖ,
узвышша на ПдУсх.-Еўрапейскай раўніны, на Украіне і ў Расіі. Распасціраецца з ПнЗ на ПдУ на 370 км. Шыр. 160 км. Выш. да 367 м (г. Магіла-Мячэтная). Складзены пераважна з пясчанікаў, вапнякоў і сланцаў, з якімі звязаны радовішчы каменнага вугалю (гл.Данецкі вугальны басейн), поліметал. руд, будматэрыялаў, хім. сыравіны. Для рэльефу характэрна спалучэнне хвалістых міжрэччаў і глыбока ўрэзаных (да 150 м) рачных далін. Ярыстая эрозія, трапляецца карставы рэльеф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -6 да -8 °C, ліп. 21—22 °C. Ападкаў 400—500 мм за год. Захаваліся ўчасткі шыракалістых лясоў (дуб, ясень, клён) і стэпаў.