«КУПА́ЛІНКА»,
жаночы вакальны квартэт. Існаваў у 1966—87. Створаны пры Дзярж. нар. хоры Беларусі па ініцыятыве Г.Цітовіча. З 1976 у складзе харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У розныя гады ў ім працавалі В.Антонава, В.Марозава, Н.Баканава, Н.Бранковіч, Н.Гумянюк, А.Цялькова. Рэпертуар «К.» ўключаў апрацоўкі бел. нар. песень (каляндарна-земляробчых, любоўна-лірычных, сямейна-быт., жартоўных), арыгінальныя творы бел. кампазітараў. Квартэт вылучаўся высокай вак. тэхнікай і выканальніцкай культурай, дакладнасцю ў перадачы стылявых асаблівасцей розных фалькл. жанраў. У 1983 на бел. тэлебачанні зняты фільм-канцэрт «Купалінка».
т. 9, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІНТЭ́Т (італьян. quintetto ад лац. quintus пяты),
1) ансамбль з 5 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Інстр. К. можа складацца з аднародных або разнародных інструментаў. Пашыраны К. смыковы (смыковы квартэт і 2-я віяланчэль або 2-і альт), фп. (смыковы квартэт і фп.), духавых інструментаў (квартэт драўляных духавых і валторна).
2) Муз. твор для 5 інструментаў або пеўчых галасоў. Інстр. К. як жанр камернай музыкі склаўся ў творчасці І.Гайдна і В.А.Моцарта. Звычайна пішацца ў санатнай цыклічнай форме. У музыцы 19—20 ст. значна пашыраны фп. К., для якога характэрна кантрастнае супастаўленне тэмбраў фп. і стр. смыковых інструментаў. У сусв. муз. класіку ўвайшлі фп. квінтэты Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, С.Франка, С.Танеева, Дз.Шастаковіча. У бел. музыцы пачынальнік жанру М.Аладаў (2 К., 1-ы ў 1925). Фп. К. пісалі таксама П.Падкавыраў, У.Чараднічэнка. К. для інш. складаў стварылі У.Дамарацкі («Партыта» для К. медных духавых), У.Каральчук (К. для 2 труб, валторны, трамбона і тубы), А.Літвіноўскі (п’еса для стр. К. «U1»). Вакальныя К. звычайна ўваходзяць у оперы.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБЕЛЯ́Н (Канстанцін Агапаронавіч) (н. 29.7.1928, г. Армавір Краснадарскага краю),
армянскі кампазітар, дырыжор. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1961). З 1956 маст. кіраўнік Дзярж. эстраднага аркестра Арменіі. Музыцы Арбеляна ўласцівыя яркая вобразнасць, экспрэсія, дынамічнасць, драматызм. Сярод твораў: балет «Бессмяротнасць» (1969), 2 сімфоніі (1961, 1967); сімф. паэма «Зангезур», «Святочная уверцюра» для сімф. аркестра; струнны квартэт; творы для эстр.-сімф. аркестра; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. У песнях Арбеляна нац. мелас арганічна спалучаецца са сродкамі джаза.
т. 1, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЕ́Т (італьян. nonetto ад лац. nonus дзевяты),
1) ансамбль з 9 музыкантаў-выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў). Інстр. Н. звычайна ўключае стр. квартэт або квінтэт, да якога далучаюцца розныя драўляныя духавыя інструменты.
2) Муз. твор для 9 інструментаў, радзей для пеўчых галасоў (з суправаджэннем ці без яго). Інстр. Н. — шматчасткавы камерны твор (звычайна ў форме санатна-сімф. цыкла). Мяшаны інстр. склад Н. набліжае яго да жанру інстр. серэнады. Вядомы з 19 ст. (у творчасці Л.Шпора, Ф.Лахнера, І.Райнбергера, Ч.Станфарда і інш.).
т. 11, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГАН (Wihan, Vihan) Гануш (5.6.1855, г. Поліцэ, Чэхія — 1.5.1920), чэшскі віяланчэліст. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1873), выкладаў у ёй. З 1873 праф. Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум» (Зальцбург). Працаваў у прыдворных капэлах розных гарадоў Германіі. У 1891 арганізаваў «Чэшскі квартэт» (іграў у ім да 1913), з якім выступаў у краінах Еўропы і ў Расіі. Сябраваў з Б.Сметанам, А.Дворжакам, які напісаў для Вігана «Ронда» і канцэрт для віяланчэлі з арк. У 1950 і 1955 у Празе праводзіліся Міжнар. конкурсы імя Вігана (сярод лаўрэатаў М.Растраповіч, Д.Шафран, М.Хоміцэр і інш.).
т. 4, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К.
Існаваў у 1906—14 у Віцебску. Меў на мэце садзейнічаць развіццю ў горадзе муз. і драм. мастацтва. Сярод арганізатараў кампазітар і педагог М.Анцаў. Гурток аб’ядноўваў 150 прадстаўнікоў мясц. інтэлігенцыі. Уключаў муз. і драм. секцыі. За сезон (з кастр. да мая) праводзілася 20—30 муз. і тэатр. вечароў, пераважна праграмных. Муз. секцыя мела ў сваім складзе квартэт і сімф. аркестр. Выконваліся творы А.Моцарта, Л.Бетховена, М.Глінкі, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, Ф.Шапэна, арыі з опер Ж.Бізэ, рамансы Р.Шумана, А.Грачанінава. Драм. секцыя ставіла вадэвілі і камедыі.
В.А.Цыбуля.
т. 4, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.
Створана ў 1967. Сярод першых творчых калектываў лектарска-камерная група і эстрадныя брыгады. У 1974—92 працаваў вак.-інстр. ансамбль «Сябры». На 1.1.1997 працуюць: камерны хор (маст. кіраўнік і дырыжор А.Сакалова), канцэртны аркестр (гал. дырыжор Ю.Васілеўскі), струнны квартэт, інстр. група, для дзяцей — «Тэатр гульняў і забаў», літ.-муз. лекторый. Сярод салістаў спявачкі Г.Паўлёнак, Т.Сапегіна, артыст-лялечнік М.Манец, ілюзіяніст Л.Грыцанюк. Філармонія арганізоўвае і праводзіць фестывалі «Музычнае Палессе», «Гомельская вясна», «Калядны фестываль», «Рэнесанс гітары», удзельнічае ў міжнар. фестывалі «Беларуская музычная восень». З 1980 пры філармоніі працуе Мазырскі філіял.
т. 5, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ, Грэгаровіч Карл Карлавіч (25.10.1868, С.-Пецярбург — 25.3.1921), рускі скрыпач-віртуоз, педагог. Вучыўся ў В.Безякірскага (Масква) і І.Іоахіма (Берлін). З 1883 канцэртаваў па Расіі і краінах Еўропы, шматразова выступаў на Беларусі (найб. у Віцебску). У 1910—14 узначальваў у Пецярбургу т.зв. Мекленбургскі квартэт. З 1904 праф. Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва, у 1918—20 — Віцебскай нар. кансерваторыі. Выступаў у суправаджэнні Віцебскага сімф. аркестра на чале з М.Малько, удзельнічаў у вечарах камернай музыкі (выконваў творы Л.Бетховена, Ф.Мендэльсона, Э.Лало, А.Тама, П.Сарасатэ і інш.). Тонкі інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі.
А.Л.Капілаў.
т. 5, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БІ́ТЛЗ»
(англ. «The Beatles»),
англійскі вакальна-інстр. квартэт. Створаны ў 1956 у г. Ліверпул, выступаў да 1970. У склад «Бітлз» уваходзілі: П.Макартні, Дж.Ленан, Дж.Харысан (электрагітары), Рынга Стар (сапр. Рычард Старкі; ударныя). Набыў папулярнасць выкананнем песень у стылі «біг-біт» (спалучэнне элементаў негрыцянскага джаза і блюза; ранняя форма рок-музыкі). З сярэдзіны 1960-х г. кампазіцыйна-выканальніцкая манера стала больш самабытнай і складанай, аб’яднала сучасныя тэмбра-рытмічныя і акустычныя прыёмы з матывамі старадаўняга кельцкага муз. фальклору і англ. баладнага стылю 17—18 ст.
Літ.:
Дэвис Х. Битлз: Авторизованная биогр.: Пер. с англ. М., 1990.
т. 3, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНІК (Уладзімір Іванавіч) (н. 28.4.1949, г. Жыткавічы Гомельскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас А.Багатырова). У 1979—84 заг. муз. часткі Бел. т-ра імя Я.Купалы. Асн. творчыя дасягненні ў масавых жанрах, у музыцы для дзяцей. Сярод твораў: кантата «На магіле партызана» на словы К.Кублінскага і сімфонія (1975), сімф. паэма «Сказ пра Палессе» (1990), сюіты для фп. (1990), трубы і фп. (1992), габоя і фп. (1993), прэлюдыя і фуга для квартэта драўляных духавых інструментаў (1977), Дзіцячая сюіта і струнны квартэт (1978), прэлюдыі (1979), «Школьны сшытак» (1980) для фп., песні, музыка да драм. спектакляў і радыёпастановак. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.
Р.М.Аладава.
т. 3, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)