БРОНХААДЭНІ́Т (ад бронхі + грэч. adēn залоза),
запаленчы працэс у лімфатычных вузлах кораня лёгкага і міжсцення. Найчасцей бронхаадэніт — клінічная форма пач. перыяду туберкулёзу ў дзяцей і падлеткаў.
Пры туберкулёзным бронхаадэніце выяўляюцца паталагічныя змены ва ўсіх органах міжсцення, што знаходзяцца вакол пашкоджаных лімфатычных вузлоў. Працэс доўгі час актыўны, зацяжны. Прыкметы бронхаадэніту абумоўлены сімптомамі інтаксікацыі, у некаторых хворых — бітанальны ці коклюшападобны кашаль. Бронхаадэніты бываюць пры саркаідозе, лімфагрануламатозе, лімфалейкозе, лімфасаркомах, неспецыфічныя бронхаадэніты ў дзяцей — пры вірусных інфекцыях, адры, коклюшы. Выяўляюць хваробу перкуторна і рэнтгеналагічна. Лячэнне вызначаецца этыялогіяй.
Л.Р.Кажарская.
т. 3, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЫНГІ́Т [ад грэч. larynx (laryngos) гартань],
запаленне слізістай абалонкі гартані. Адрозніваюць Л. востры і хранічны. Востры Л. бывае пры вял. нагрузцы на голас, вострай рэспіраторнай інфекцыі, алергічным пашкоджанні, пры адры, грыпе, дыфтэрыі, шкарлятыне. Запаленчы працэс можа пашкоджваць слізістую абалонку трахеі (ларынгатрахеіт). Асн. сімптомы — сухасць, пяршэнне ў горле, сухі кашаль, парушэнне голасу. Пры вострым Л. іншы раз узнікае ацёк падскладкавай вобласці (найчасцей у дзяцей) са стэнозам дыхальных шляхоў да асфіксіі. Прычына хранічнага — частыя вострыя Л. Лячэнне вострага Л. тэрапеўт. і фізіятэрапеўт., а таксама рэфлекторная тэрапія.
П.А.Цімашэнка.
т. 9, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАСКЛЕРО́З (ад грэч. pneumon лёгкія + склероз),
разрастанне злучальнай тканкі лёгкіх з памяншэннем аб’ёму і парушэннем іх функцыі. Адрозніваюць П. ачаговы і дыфузны (перываскулярны і перыбранхіяльны). Ачаговы П. развіваецца ў ачагах спадзення лёгачнай тканкі, узнікае пры хранічным венозным застоі крыві (напр., парокі сэрца) і з’яўляецца вынікам хранічнай гіпаксіі. Дыфузны П. — пры хранічных бранхітах, бранхіяльнай астме. Прыкметы ачаговага — кашаль з макротай, дыфузнага — тыя ж, задышка, цыяноз. П. — адна з важнейшых марфал. прыкмет хранічных абструкцыйных захворванняў лёгкіх, пнеўмаканіёзаў, венознай гіперэміі ў лёгачнай тканцы. Лячэнне комплекснае.
М.К.Недзьведзь.
т. 12, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫТ,
інфекцыйная хвароба коней, якая характарызуецца ліхаманкай, запаленнем падсківічных лімфавузлоў і слізістых абалонак носа і глоткі. Пашыраны ўсюды, найб. у краінах з умераным і халодным кліматам. Хварэюць пераважна маладыя (да 5 гадоў) жывёлы ў халодны перыяд. Узбуджальнік — мытны стрэптакок, які перадаецца з выдзяленнямі хворых і бактэрыяносьбітаў (перахварэлых і здаровых). Заражэнне адбываецца праз страўнікава-кішачны тракт, радзей аэрагенным ці палавым шляхам. Формы цячэння: тыповая (т-ра да 41 °C, слізіста-гнойныя выдзяленні з носа, кашаль, балючае ацяканне падсківічных лімфавузлоў, іх нагнаенне і ўскрыццё), метастатычная, або ўскладненая (абсцэсы таксама ў інш. лімфавузлах, мозгу, суставах, унутр. органах), генітальная (запаляюцца палавыя органы і блізкія да іх лімфавузлы), абартыўная (лёгкая, без нагнаенняў).
т. 11, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВА́ЛЬНАЕ ЗАПАЛЕ́ННЕ ЛЁГКІХ буйной рагатай жывёлы, перыпнеўманія ці плеўрапнеўманія буйной рагатай жывёлы,
высоказаразная інфекц. хвароба, якая выклікаецца грыбападобнай мікаплазмай. Пашкоджвае пераважна лёгкія (крупознае запаленне з захопам міждолькавай злучальнай тканкі і сасудаў, некрозам асобных участкаў) і плеўру (серозна-фіброзны плеўрыт). Найб. пашырана ў Афрыцы, адзначаецца ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі. Каранцінная хвароба.
Узбуджальнік выдзяляецца з макротай, выцяканнямі з носа, малаком, мачой хворых жывёл. Заражэнне адбываецца праз бронхі паветрана-кропельным шляхам. Цячэнне звышвострае, вострае, падвострае ці хранічнае, часам абартыўнае (кароткачасовае, з няпоўным развіццём хваробы). Назіраюцца ліхаманка з высокай т-рай, прыгнечанасць, парушэнні дыхання, кашаль, балючасць у вобласці міжрэберных прамежкаў і пазваночніка, выцяканні з носа, расстройствы стрававальнага тракту, бледнасць слізістых абалонак, ацёкі канечнасцей і ніжняга боку цела і інш. Звычайна жывёлы гінуць.
т. 11, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІКА́ШЛЕВЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя сродкі, якія знімаюць кашаль шляхам прыгнечвання цэнтр. і (або) перыферычных звёнаў кашлевага рэфлексу. Адрозніваюць П.с. цэнтр. дзеяння (прыгнечваюць функцыю кашлевага цэнтра) і перыферычнага (памяншаюць паток аферэнтных імпульсаў у ц. н. с. з запалёных слізістых абалонак дыхальных шляхоў). П.с. цэнтр. дзеяння падзяляюць на апіоідныя (наркатычныя) і неапіоідныя (ненаркатычныя). Апіоідныя П.с. — алкалоіды опіуму ці сінт. аналагі марфіну (кадэін, этылмарфін) — валодаюць таксама актыўнасцю анальгетыкаў, зніжаюць адчувальнасць дыхальнага цэнтра, павышаюць тонус бронхаў і інш. (пры працяглым ужыванні наркатычныя П.с. выклікаюць лек. залежнасць). Да ненаркатычных П.с. цэнтр. дзеяння адносяць глаўцын і акселадзін; да П.с. перыферычнага дзеяння — лібексін. Процікашлевай актыўнасцю валодаюць таксама рэчывы, якія аказваюць слабае анестэзійнае ўздзеянне на слізістыя абалонкі (ментол, фалімінт). П.с. ўжываюць пры сухім кашлі, пры кашлі з макротай П.с. проціпаказаны.
М.К.Кеўра.
т. 13, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНХАЭКТАТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА (ад бронхі + грэч. ekstasis расцяжэнне),
гнойна-запаленчая дэструкцыя бронхаў, што выклікае іх расшырэнне (бронхаэктазію), парушэнне функцый розных сістэм і органаў, інтаксікацыю. Бывае часовая і ўстойлівая, найчасцей у ніжняй долі левага лёгкага; можа быць двухбаковая. Адрозніваюць бронхаэктазы прыроджаныя і набытыя, лакалізаваныя і дыфузныя, цыліндрычныя, мяшэчкападобныя і пераходныя (верацёнападобнай формы). Прычыны ўзнікнення прыроджанай бронхаэктазіі — парушэнні развіцця бронхалёгачнай сістэмы ва ўлонні маці (могуць спалучацца з заганамі развіцця — заечая губа, стрэлападобнае паднябенне і інш.); набытай — бронхалёгачныя хваробы, закупорка бронха іншародным целам. Праяўляецца бронхаэктатычнай хваробы аднолькава незалежна ад этыялогіі: мокры кашаль са слізіста-гнойнай ці гнойнай макротай (можа мець непрыемны пах), іншы раз крывахарканне, болі ў грудзях, задышка (залежыць ад цяжкасці хваробы), зніжэнне апетыту, дэфармацыя грудной клеткі. Пры гнойнай інтаксікацыі фалангі пальцаў набываюць форму «барабанных палачак», а пазногці — «гадзіннікавых шкельцаў». Лячэнне комплекснае, з выкарыстаннем тэрапеўтычных, а пры неабходнасці хірург. метадаў.
Л.Р.Кажарская.
т. 3, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫДО́З,
інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.
У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.
т. 2, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЎРЫ́Т,
запаленне плеўры. Бывае першасны і другасны, серозна-фібрынозны і гнойны з пераходнымі формамі. Да першаснага адносяць запаленчыя працэсы ў плеўры ў выніку сэпсісу, міграцыі мікробнай флоры ў лімфатычныя залозы, калі ўтвараюцца гнойныя ачагі. Другасныя П. — вынік мігрыравання асн. працэсу ў выглядзе абсцэсу ў лёгкіх, пярэдняй сценцы грудной клеткі, таксама раневыя П. Першасныя і другасныя П. бываюць неспецыфічныя (узбуджальнікі стафілакок, стрэптакок) і спецыфічныя (туберкулёзная палачка); паводле клінічнага цячэння — вострыя і хранічныя. Пры адсутнасці інтэнсіўнага лячэння востры П. пераходзіць у хранічны. П. адрозніваюць таксама па ступені пашыранасці — лакалізаваныя і дыфузныя (па ўсёй поласці грудной клеткі). Пры эксудатыўным П. (пераходная форма да гнойнага) у плеўральнай поласці назапашваецца запаленчая вадкасць, у хворых павышаецца т-ра цела да 40 °C, задышка, боль у баку, кашаль. Гнойны П. (плеўральная вадкасць уяўляе сабой гнойнае змесціва) у вострай форме працякае з высокай т-рай, агульнай інтаксікацыяй. Асн. метады дыягностыкі — рэнтген, камп’ютэрная тамаграфія, пункцыя поласцей. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
І.М.Грышын.
т. 12, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНХІ́Т (ад грэч. bronchos дыхальнае горла + ...it),
запаленчы працэс у бронхах з пашкоджаннем слізістай абалонкі. Этыялогія найчасцей вірусная, а таксама бактэрыяльная і змешаная; узнікненню бранхіту спрыяюць уздзеянні хім. рэчываў, гіпа- і авітамінозы. Асн. сімптом бранхіту — кашаль: сухі з нязначнай колькасцю слізістай макроты пры катаральным бранхіце; мокры з вял. колькасцю слізіста-гнойнай макроты пры катаральна-гнойным і гнойным бранхіце.
Характар кашлю і макроты залежыць ад пашкоджання слізістай бронхаў (эндабранхіт). Абструктыўны бранхіт суправаджаецца дыхальнай недастатковасцю, што выражана пры бранхіяліце (разнавіднасць бранхіту з пашкоджаннем пераважна дробных бронхаў і брахіёлаў), які найчасцей бывае ў дзяцей ранняга ўзросту. Аўскультацыйная прыкмета бранхіту — сухая, свісцячая, мокрая ахрыпласць. Адрозніваюць востры, зацяжны, рэцыдыўны, хранічны бранхіт. Узнікненню рэцыдываў вострага бранхіту і хранічнага працэсу спрыяюць заганы развіцця трахеабранхіяльнага дрэва, лёгачнай тканкі, імунадэфіцыты, гіперрэактыўнасць бронхаў. Пры хранічным бранхіце запаленчы працэс пашыраецца на ўсю сценку бронхаў. Востры бранхіт можа ўскладняцца пнеўманіяй, хранічны — пнеўмасклерозам, эмфіземай, бронхаэктазіяй. Лячэнне тэрапеўт. і фізіятэрапеўтычнае, значны эфект дае кліматычнае курортнае лячэнне. На бранхіт хварэе таксама с.-г. жывёла, пераважна маладняк.
Л.Р.Кажарская.
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)