ГАРАІ́Н (Ян Непамуцэн) (1760—1820),

удзельнік паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і Літве. Сын брэсцкага ваяводы Яна Антонія. У 1775 уступіў у корпус кадэтаў у Варшаве. З 1782 дэпутат сеймаў Рэчы Паспалітай, з 1786 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, з 1792 чл. Камісіі скарбовай абодвух народаў. У студз. 1794 удзельнічаў у працы Камісіі вайсковай ВКЛ, у крас. — у складзе Вайсковага аддзела паўстанцкай Часовай намесніцкай рады. Часовай паўстанцкай радай накіраваны ў вызваленую Вільню. Арганізатар паўстання на Брэстчыне і Падляшшы. З мая намеснік радцы (члена) Найвышэйшай нацыянальнай рады, у ліп. 1794 Т.​Касцюшка прызначыў яго палкоўнікам паспалітага рушэння. Пасля задушэння паўстання жыў у Гродне, Варшаве, у 1812 бурмістр Вільні, з 1813 жыў у Дрэздэне, Парыжы. Пасля ўказа аб амністыі 10.4.1814 вярнуўся на радзіму, дзе яму былі вернуты маёнткі.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКІ,

шляхецкі род бел. паходжання герба «Рох III». Першы вядомы прадстаўнік роду Фёдар памёр да 1509. Яго сын Канстанцін (Касцюшка), быў дзякам велікакняжацкай канцылярыі, суддзёй і гараднічым у Камянцы, валодаў маёнткам Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н), ад назвы якога род часам называўся К.-Сяхновіцкія. Сыны Канстанціна Іван і Фёдар далі пачатак 2 галінам К.-Сяхновіцкіх: Іванавічаў (старэйшай) і Фёдаравічаў (малодшай). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Фёдаравічаў:

Амброжы Казімір (1667—1722?), пісар земскі брэсцкі, падчашы оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Фаўстын Бенядзікт (1672—1755), падстолі, стражнік брэсцкі, харунжы кіеўскі. Людвік Тадэвуш (?—1757), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік брэсцкі. Бацька А.Т.Б.Касцюшкі — апошняга прадстаўніка галіны Фёдаравічаў. Ян Непамуцэн (каля 1720 — пасля 1788), харунжы кіеўскі, мечнік оўруцкі (1764), пісар земскі жытомірскі, радца Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1743—89), абозны брэсцкі, суддзя Трыбунала ВКЛ (1766, 1771). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Іванавічаў: Міхал (?—1708), стольнік оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Павел, пісар гродскі, лоўчы брэсцкі (1699). Інш. галіны К. былі вядомы ў Гродзенскім пав., Навагрудскім, Мінскім, Мсціслаўскім (К.-Валюжынічы), Полацкім ваяв., Інфлянтах.

У.​П.​Емяльянчык.

Герб роду Касцюшкаў.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЦЕЛ (Юзаф) (20.9.1764—18.7.1810),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. З роду Катлоў, сын Т.​Коцела, генерал-маёра войск ВКЛ, старосты ашмянскага і Г.​Тышкевіч. Валодаў Гарадзілавам і Юзафполем у Ашмянскім пав., быў старостам больніцкім і яліцкім. Пасол ад Ашмянскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. З пачаткам паўстання 1794 увайшоў у Найвышэйшую літоўскую раду, чл. Дэпутацыі публічнай бяспекі. 3.5.1794 рада абрала яго прадстаўніком пры камандуючым паўстанцкімі войскамі ВКЛ Я.Ясінскім. У маі 1794 пасланы радай да Т.​Касцюшкі, каб пераканаць паўстанцкія ўлады ў Варшаве ў лаяльнасці, што не прадухіліла роспуск рады. 8.6.1794 Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве прызначыла яго сваім упаўнаважаным у ВКЛ, 30.6.1794 Касцюшка ўвёў яго ў склад гэтай рады (намеснікам радцы). Належаў да памяркоўнага крыла паўстання, быў паліт. праціўнікам «якабінцаў», Ясінскага. Радыкальныя колы паўстання абвінавачвалі яго ў бяздзейнасці ў час штурму рас. войскамі Вільні, у нежаданні ўзбройваць сялян. Пасля падаўлення паўстання жыў у Венецыі, Парыжы, зблізіўся з радыкальнымі коламі эміграцыі. Пахаваны ў Беніцы (Маладзечанскі р-н).

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗАРЧУ́К (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.8.1927, в. Санюкі Ельскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). У 1952—55 выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы, у 1964—77 — у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме, Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, БПІ. У 1982—89 нам. старшыні Маст. фонду Бел. саюза мастакоў. Для твораў характэрны выразная дэкаратыўнасць каларыту і кампазіцыі, узгодненасць колеравых мас. Аўтар сюжэтна-тэматычных кампазіцый «Вечар у вёсцы Яршэвічы» (1963), «Ветэраны рэвалюцыі» (1967), «У новую вёску», «Сын» (абедзве 1978), «М.​Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Салдаты і кветкі» (1985), «Танкавы бой пад Сянно. 1941» (1986), «В.​Дунін-Марцінкевіч чытае сваю паэму над Іслаччу» (1987), «Святая і чыстая» (1990), «Т.​Касцюшка перад войскам» (1994), «Беларусь, твой народ дачакаецца...» (1996), «І прыйдзе час» (1999), партрэтаў «Маці салдата» (1967), К.​Каліноўскага, М.​Багдановіча, Ф.​Багушэвіча, Героя Сав. Саюза У.​З.​Царука, Героя Сац. Працы Я.​І.​Фаменкі (усе 1984), трыпціха «Ахвяра» (1998), дыярамы «Прырода Палесся» ў калгасе «Прамень Кастрычніка» (в. Махнавічы) Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (з У.​Летуном, У.​Гоманавым, В.​Цюрыным; 1984).

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́ЙКА ((Matejko) Ян) (24.6.1838, г. Кракаў, Польшча — 1.11.1893),

польскі мастак; стваральнік нац. гіст. жывапісу. Ганаровы чл. Парыжскай, Берлінскай і Урбінскай АМ. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1852—58; з 1873 яе дырэктар) у В.​Статлера і У.​Лушчкевіча, у АМ у Мюнхене (1858—59) і Вене (1859—60). З 1860 у Польшчы, падтрымліваў паўстанне 1863—64. Ствараў шматфігурныя, поўныя экспрэсіі і нац.-рамант. пафасу карціны, прысвечаныя гісторыі Рэчы Паспалітай, у т. л. бел. зямель. У ранні перыяд сюжэты будаваў на канфліктным супастаўленні вобразаў своекарыслівай шляхты і патрыётаў: «Казанне Скаргі» (1863—64), «Рэйтан — заняпад Польшчы» (1865) і інш. У творах канца 1860—70-х г. услаўляў мінулае Польшчы: «Люблінская унія» (1869), «Стафан Баторый пад Псковам» (1872), «Уздым звона Жыгімонта», «Бітва пад Грунвальдам» (абодва 1878). Работы 1880-х г. вызначаюцца пэўнай пампезнасцю і тэатралізаванасцю: «Пруская прысяга» (1882), «Ян III Сабескі пад Венай» (1883), «Касцюшка пад Рацлавіцамі» (1888) і інш. Аўтар партрэтаў Станчыка (1862), Ю.​Дзітла (1864), М.​Каперніка (1875), К.​Падлеўскага (1882), аўтапартрэтаў (1892 і інш.), цыклаў «Гісторыя цывілізацыі ў Польшчы» (1888—89), «Партрэты польскіх князёў і каралёў» (1890—91), манум. размалёвак у Марыяцкім касцёле ў Кракаве (1889—91) і інш. Зрабіў серыю дакумент. замалёвак (т.зв. «Слоўнік»), частка якіх была выдадзена ў альбоме малюнкаў «Касцюмы ў Польшчы» (1860).

Я.​Матэйка. Аўтапартрэт. 1892.
Я.​Матэйка. Бітва пад Грунвальдам. 1878.

Літ.:

Мытарева К.В. Матейко. Л., 1963;

Островский Г. Ян Матейко. М., 1965;

Стажиньский Ю. Ян Матейко: Пер. с пол. Варшава, 1973.

І.​М.​Каранеўская.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1794 у Польшчы, Беларусі і Літве,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.​Малахоўскага, К.​Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац. ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.​Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл. «Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял. франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.​Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл. Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.

На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр. ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.​Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.​К.​Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.​В.​Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.​Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.​Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс. чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял. франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

Літ.:

Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АН СССР. 1953. Т. 7;

Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1;

Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.​Арлоўскага.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСПЯ́НСКІ ((Wyspiański) Станіслаў) (15.1.1869, г. Кракаў, Польшча — 28.11.1907),

польскі драматург, паэт, мастак, тэатр. дзеяч. Вучыўся жывапісу, вывучаў філасофію і л-ру ў Кракаве і Парыжы. Чл. т-ва мастакоў «Мастацтва» (з 1897). Праф. Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (з 1906). У 1898—1905 мастак-дэкаратар і рэжысёр Кракаўскага т-ра (ажыццявіў 1-ю пастаноўку «Дзядоў» А.​Міцкевіча). Выспянскі-драматург быў прыхільнікам вагнераўскага (які сінтэзаваў розныя мастацтвы) т-ра, развіваў традыцыі польск. рамантычнай драмы, зведаў уплыў антычнай трагедыі. Філас. асэнсаванне тэмы лёсу, супрацьстаяння яму ў драмах на антычныя сюжэты «Мелеагр», «Пратэсілай і Лаадамія» (абедзве 1899), а таксама ў «Праклёне» (1899) і «Суддзях» (1907), напісаных паводле рэальных падзей. У п’есах пра паўстанне 1830 «Варшавянка» (1898), «Лістападаўская ноч» (1904), а таксама «Легіён» (1900), драм. трылогіі «Вяселле» (1901, найб. значны твор Высоцкага) — нац.-паліт. праблематыка, філас. інтэрпрэтацыя польск. рэчаіснасці праз супастаўленне з гіст. мінулым. Аўтар драм «Баляслаў Смелы» (1903), «Зыгмунт Аўгуст» (не скончана), рапсода «Казімеж Вялікі» (1900) і інш. Уплыў Высоцкага на сваю творчасць зазнаў Я.​Купала.

У выяўл. мастацтве Высоцкі імкнуўся захаваць нац. каларыт у рамках стылю «мадэрн». Стварыў паэтычныя і выразныя па манеры малюнка партрэты і пейзажы ў тэхніцы пастэлі (аўтапартрэты, каля 1900—02; «Аленка і кветкі», 1902; «Партрэт Элізы Парэнскай», «Від на пагорак Касцюшка», абодва 1905), драм.-экспрэсіўных, маляўнічых эскізаў вітражоў (для францысканскага сабора і касцёла на Вавелі ў Кракаве, 1896—1906). У афармленні кніг дасягнуў дэкар. адзінства шрыфту і мяккага стылізаванага расліннага арнаменту. Выконваў эскізы касцюмаў і дэкарацый да ўласных спектакляў у Кракаўскім т-ры («Варшавянка», «Вызваленне», «Баляслаў Смелы»), эскізы мэблі, тканін, вырабаў з металу, афармлення інтэр’ераў.

Тв.:

Dzieła zebrane. T. 1—16. Kraków, 1958—71;

Рус. Пер. — Драмы. М., 1963.

С.Выспянскі.
С.Выспянскі. Партрэт Элізы Парэнскай. 1905.

Літ.:

Оконьска А. С.​Выспяньский: Пер. с пол. М., 1977;

Zbijewska K. Orzeł w kurniku. Warszawa, 1980;

Natanson W. Stanisław Wyspiański. 2 wyd. Warszawa, 1982.

С.​Д.​Малюковіч, І.​М.​Марціновіч.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ СУВЯЗІ́СТ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафесійным работнікам сувязі, якія працуюць у галіне сувязі 15 і больш гадоў, за заслугі ў развіцці і ўдасканаленні сродкаў сувязі, паляпшэнні абслугоўвання насельніцтва, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, распрацоўцы і ўкараненні прынцыпова новай высокаэфектыўнай тэхнікі і тэхналогіі. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 1965 існавала ганаровае званне засл. сувязіст Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя сувязісты Рэспублікі Беларусь

1966. Н.​Н.​Азнабаева, Л.​М.​Анейчык, Л.​В.​Афанасьеў, М.​В.​Барсегян, М.​Ф.​Ваіенда, А.​П.​Ганчарык, М.​І.​Гушчынская, І.​Ф.​Должыкаў, М.​Ф.​Еўтухоўскі, Ф.​І.​Жывіца, У.​М.​Жыгмунт, І.​А.​Зракаў, І.М.​Д.​Кацаў, А.​Ц.​Кашчэнка, І.​М.​Кваца, Я.​П.​Кернажыцкі, А.​І.​Каржанеўскі, .К.​Маркаў, У.​Т.​Паслядовіч, А.​П.​Сісковіч, К.​В.​Фралоў, П.​А.​Шкліваліна, .Е.​Яначкін.

1967. П.​К.​Аўсеп’ян, А.​Булыбенка, Л.​П.​Заяш, М.​П.​Карэцая, Л.​У.​Касцюшка, І.​М.​Лузгін, І.​Х.​Лур’е, І.​Я.​Мядзведзеў, Н.​І.​Няілаў, П.​І.​Несцераў, П.​А.​Савельеў, С.​К.​Сівохін, Г.​Дз.​Шацкі, Т.​А.​Янкоўская, А.​С.​Яўрэінаў.

1968. І.​С.​Алейнікаў, В.​В.​Аляксеева, Я.​К.​Андрэева, Э.​Б.​Белановіч, А.​М.​Быкава, В.​М.​Васільеў, М.​А.​Вожыкава, А.​П.​Вырвіг, Ф.​І.​Гуз, М.​Кацовіч, С.​І.​Красненка, М.​В.​Манькоўскі, К.​А.​Марцінкевіч, М.​С.​Панкоў, А.​А.​Пшанічнюк, М.​А.​Старасцін, А.​П.​Старыковіч, Р.​Я.​Уладысік, Г.​В.​Хіжынскі, М.​М.​Шалега, С.​М.​Юранаў.

1969. П.​П.​Вальскі, Н.​М.​Загудаева, Б.​П.​Капарыха, Л.​С.​Нурыева, І.​П.​Фурманаў, Р.​І.​Хадасевіч, У.​К.​Харытонаў, Т.​А.​Хацкевіч.

1970. М.​І.​Бондарава, Л.​К.​Галаванава, В.​А.​Гардзеева, М.​Т.​Дэхта, У.​І.​Ільюцік, А.​П.​Караў, Р.​Р.​Кастравая, В.​Ц.​Курачэнкава, С.​А.​Папковіч, М.​А.​Прымшыц, Г.​Ф.​Пшаслаўская, І.​В.​Сіроткін, М.​С.​Сянько, Р.​М.​Філатаў, У.​І.​Чарнуха.

1971. М.​В.​Банькоўскі, К.​У.​Буйніцкая, Л.​М.​Горская, А.​Я.​Дзяжко, І.​Я.​Звераў, Ф.​К.​Ісаеў, Я.​В.​Кніга. У.​В.​Кунтыш, В.​П.​Максімовіч, Я.​С.​Малахаў, Я.​А.​Маркоўская, А.​А.​Мураўёў, А.​Ф.​Невар, М.​М.​Расоха.

1972. А.​Я.​Баброва, А.​У.​Міцкевіч, М.​В.​Пярвушын, С.​В.​Падмазенка, В.​І.​Слабашэвіч, І.​С.​Шмялькоў, Н.​Ф.​Шпілеўскі.

1973. В.​І.​Любецкі.

1975. А.​А.​Бугаеў, Л.​А.​Гардзеева, М.​І.​Кацерыкова, В.​Ф.​Салаўёва, І.​У.​Доўнар, Л.​Л.​Падорскі, Б.​С.​Смірноў.

1976. А.​Ф.​Бандарэнка, І.​Я.​Бразгоўка, І.​М.​Грыцук, В.​В.​Казак, В.​М.​Самадзелава.

1977. М.​Я.​Андрэеў, Д.​Я.​Краўцоў, У.​Е.​Крайко, І.​В.​Лявонаў, Л.​К.​Цярновая, І.​А.​Хуртай.

1978. А.​А.​Кашаль, Ц.​А.​Сакевіч.

1979. Л.​А.​Задорын, М.​І.​Дылевіч, М.​Ф.​Шарыкава.

1980. Ф.​Ц.​Анкудзінаў, В.​Дз.​Лапін, Н.​Дз.​Рашэтнікава, С.​М.​Сянькевіч.

1981. А.​Р.​Герасімовіч, М.​Я.​Ермакоў, П.​І.​Івашэвіч, М.​М.​Кваша, Л.​І.​Малчанаў, С.​К.​Славін, М.​М.​Худакормаў, У.​І.​Яначкін.

1982. М.​П.​Гірыловіч, Г.​С.​Ліхач, М.​Т.​Шкаруба.

1984. Г.​В.​Клімянкоў.

1985. С.​К.​Бурачэўская, М.​Ц.​Зыкаў, Э.​І.​Палеес.

1989. Г.​Э.​Куланіна.

1991. Г.​Дз.​Чубат.

1995. Э.​У.​Галаўко.

1996. А.​Н.​Лістапад.

1997. У.​І.​Ганчарэнка.

т. 6, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯ́СПАРА БЕЛАРУ́СКАЯ,

частка бел. народа, якая жыве па-за межамі Беларусі. У канцы 19 ст. — 1980-я г. ахоплівала ад ​1/6 да амаль ​1/3 часткі бел. нацыі. У пач. 1990-х г. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывала 3—3,5 млн. беларусаў.

У розных гіст. умовах перасяленне насельніцтва з бел. зямель у інш. рэгіёны было выклікана эканам., паліт., ваен., рэліг. і інш. прычынамі. Ранняя эміграцыя найчасцей праяўлялася ў форме ўцёкаў з ВКЛ пакрыўджаных ці незадаволеных яго палітыкай прадстаўнікоў пануючага саслоўя. Для натуральнай эміграцыі з бел. зямель былі і прававыя падставы. Так, паводле прывілея 1447 Казіміра IV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529) князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць дзяржаву «для лепшого щастья набытья», навучання ваен. майстэрству. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 пацвердзілі права вольных людзей розных саслоўяў на лячэнне, набыццё адукацыі, навучанне рамяству за мяжой. Многія з вольных людзей, якія выязджалі ў замежныя краіны, пакідалі там добрую спадчыну, садзейнічалі пашырэнню кнігадрукавання і асветы (Ф.​Скарына, П.​Мсціславец, Сімяон Полацкі, І.​Капіевіч і інш.). У 15—16 ст. дзесяткі маладых людзей з бел. зямель ВКЛ вучыліся ў еўрап. ун-тах. Значны рост перасяленняў на У у канцы 16—17 ст. быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. ўціску ў Рэчы Паспалітай. У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі ў глыб імперыі перасяляліся ваеннапалонныя і нямала цывільных жыхароў з бел. зямель. Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гасп. асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія дзярж. і ваен. пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культ. жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі пачынальнікамі геагр. і этнагр. вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.​Каменскі, Л.​Сеніцкі і інш.). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Яны прынеслі ў Рус. дзяржаву новыя рамёствы, свой адметны стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве («беларуская рэзь»), вырабу шматколернай кафлі. Падзелы Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 і развіццё ў канцы 18—19 ст. нац.-вызв. руху на Беларусі вызначылі паліт. прычыны эміграцыі, асабліва пасля паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. Некаторыя з іх уключыліся ў рэв. і вызв. рух у Еўропе і Амерыцы (Т.​Касцюшка, В.​Урублеўскі, М.​Судзілоўскі, З.​Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і бел. спадчыну (І.​Дамейка, Г.​Дмахоўскі, Н.​Орда, А.​Рыпінскі, К.​Ельскі і інш.). Паводле перапісу 1897, у Рас. імперыі за межамі губерняў пераважна з бел. насельніцтвам (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) пражывала каля 500 тыс. беларусаў. Даследчыкамі прыроды, побыту, традыцый народаў Сібіры, Д. Усходу, Казахстана сталі сасланыя І.​Чэрскі, Э.​Пякарскі, А.​Янушкевіч, Б.​Дыбоўскі, В.​Кавалеўскі. Узбагачэнню рус. прыродазнаўчай навукі спрыяла творчая спадчына вучоных — выхадцаў з Беларусі В.​Ермакова, У.​Брайцава, А.​Садоўскага, Ж.​Урублеўскага, У.​Урублеўскага, У.​Кавалеўскага, А.​Кавалеўскага.

Першая хваля масавай працоўнай міграцыі бел. насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Рас. імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы 19—20 ст. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася (пераважна сяляне) больш за 700 тыс., за межы Расіі — 500—800 тыс. чал. (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Зах. Еўропы). Па-за этн. межамі ўзніклі першая асв. арг-цыя «Крывіцкі вязок» (1868), першая самастойная паліт. арг-цыя бел. інтэлігенцыі «Гоман» (1884, абедзве ў Пецярбургу), «Беларускае студэнцкае зямляцтва» ў Варшаве (1908—1914), Беларускі навук.-літ. гурток у Санкт-Пецярбургу (1912—14). У 1914 зарэгістравана першае супольнае Т-ва беларусаў і маларосаў (ЗША, штат Мічыган). У многіх рус. асяродках ЗША і Канады беларусы складалі значную ці нават большую частку, былі заснавальнікамі многіх правасл. цэркваў, прыходаў, удзельнікамі грамадска-культ. жыцця.

1-я сусв. вайна 1914—18, Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917, герм. і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток бел. насельніцтва на У Расіі (246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных пасля не вярнуліся на радзіму), вываз ваеннапалонных у Германію, выезд больш за 120 тыс. чал. у Літву, Латвію, Эстонію, Чэхаславакію, Турцыю і інш. краіны. За мяжой з’явілася першая арганізаваная паліт. эміграцыя (урад і вайск. фарміраванні БНР, кіраўніцтва партыі бел. эсэраў і інш.). Працоўная (сялянская) эміграцыя звязана з выездам у Амерыку і Еўропу (каля 180—250 тыс. жыхароў Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы). Найбольшай актыўнасцю і нац.-культ. дзейнасцю ў міжваенны перыяд. вызначалася Д.б. ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне (існавалі т-вы, нац. друк, асвета). З БССР у 1926—38 у інш. рэгіёны СССР перасялілася больш за 600 тыс. чал. (планавы набор рабочай сілы, дэпартацыі, паліт. рэпрэсіі і інш.). Рассеяныя па абшарах дзяржавы беларусы стварылі дзесяткі грамадскіх, культурна-асветных арг-цый, якія ў 1930-я г. спынілі сваю дзейнасць. У выніку 2-й сусв. вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіравалася на У і толькі трэцяя частка з іх вярнулася ў БССР; у ліку сав. ваеннапалонных за мяжой апынулася шмат беларусаў, каля 400 тыс. вывезена ў Германію (240 тыс. з іх не вярнуліся). Да сак. 1946 у СССР рэпатрыіравана 520 тыс. беларусаў. Аснову Д.б. склалі таксама члены бел. арг-цый, устаноў, вайск. фарміраванняў на акупіраванай тэр., якія выехалі на Захад. Пасля вайны Д.б. за межамі СССР папаўнялася нязначна. Рэгулярны прыток беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў зах. краіны пачаўся ў 1980-х г. У 1988—90 з БССР эмігрыравала больш за 52 тыс. чал. У 1991—95 за межы Рэспублікі Беларусь выехала каля 55 тыс. чал.: у Ізраіль (50%), ЗША (32%), Германію, Аўстралію, Польшчу, Канаду. Па неафіц. звестках у 1995 каля 500 тыс. беларусаў пражывала ў ЗША, каля 100 тыс. у Канадзе, дзесяткі тысяч у Аргенціне, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Аўстраліі Прыкладна 250—400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынуліся ў Польшчы пасля вызначэння пасляваен. дзярж. граніц. Пасля распаду СССР на абшарах новых незалежных дзяржаў апынулася больш за 2 млн. беларусаў. У 1992—95 Беларусь прыняла з новых незалежных дзяржаў 287 тыс. асоб, з якіх амаль 150 тыс. беларусаў. На постсавецкай прасторы цяпер сканцэнтравана пераважная большасць усіх замежных беларусаў. На 1996 у Расіі іх больш за 1 млн. 100 тыс. чал., на Украіне больш за 400 тыс., у Казахстане — 170 тыс., Латвіі — амаль 100 тыс., Літве — 50 тыс., Эстоніі — 25 тыс. За межамі Рэспублікі Беларусь частка беларусаў пражывае на этнічных землях, якія ў 1920—40 адышлі да інш. дзяржаў. Духоўнай асновай нац. самавызначэння, праявай самабытнасці, адметнасці сталі створаныя беларусамі ў замежжы грамадскія, паліт., асв.-культ., навук., рэліг. арг-цыі, суполкі мастакоў, нац. друк і асвета, культ. цэнтры, музеі і архівы, маст. калектывы, пабудаваныя храмы. За мяжой дзейнічаюць Бел. аўтакефальная правасл. царква, Бел. правасл. царква ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха, Бел. каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Чыкага, Лондане, Парыжы. Царк.-рэліг. жыццё на нац. аснове складваецца і на постсавецкім абшары (Масква, Санкт-Пецярбург, Рыга). Захаванню нац. свядомасці, пашырэнню звестак пра беларусаў спрыяюць Бел.-амер. задзіночанне, Бел. нац. аб’яднанне, Бел. кангрэсовы камітэт, Бел.-амер. рада ў Чыкага (усе ў ЗША), Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, Згуртаванне беларусаў Канады, Федэрацыя бел. арг-цый у Аўстраліі, Бел. хаўрус у Францыі, жаночыя, маладзёжныя і інш. арг-цыі; правядзенне традыц. сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952 адбыліся 22 сустрэчы), Аўстраліі (з 1976—12 сустрэч); перыяд. друк, у т. л. штомесячная газета «Беларус» (у ЗША ў 1980-я г. выходзіла 15 выданняў на бел. мове). Нац.-культ., сац.-паліт. інтарэсы беларусаў Польшчы выражаюць паліт. партыя Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, Бел. аб’яднанне студэнтаў і інш. т-вы, згуртаваныя ў Раду бел. арг-цый і Бел. Саюз, Бел. грамадска-культ. т-ва, газета «Ніва» і інш. З канца 1980-х г. пачаўся працэс нац.-культ. гуртавання беларусаў СССР. Пра дынаміку іх арганізац. аб’яднання на постсавецкай прасторы сведчыць грамадская культ.-асв. дзейнасць у 1997 больш за 80 бел. суполак, т-ваў, згуртаванняў, цэнтраў у Расіі, на Украіне, у Малдове, Латвіі, Літве, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Узбекістане. Цэнтры навук.-культ. жыцця Д.б.: Беларускі ін-т навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Англа-бел. т-ва, Б-ка і музей імя Ф.​Скарыны ў Лондане, філіял Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Таронта (Канада), Бел. гіст. т-ва ў Беластоку (Польшча), Вялікалітоўскі фонд імя Л.​Сапегі, фундацыя імя П.​Крачэўскага (ЗША) і інш. Асяроддзе замежных беларусаў вылучыла вядомых людзей у розных галінах навукі, літаратуры і мастацтва. Парт.-дзярж. колы БССР і СССР у адносінах да Д.б. вялі палітыку яе непрызнання, ізаляцыі паліт. эміграцыі ад Бацькаўшчыны, расколу яе па ідэалаг. адзнаках. Створанае Бел. т-ва па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964, з 1976 — Бел. т-ва «Радзіма») трымала сувязь толькі з арг-цыямі, якія лаяльна ставіліся да сацыяліст. ладу. Недаацэньваліся нац.-культ. патрэбы суродзічаў у іншаэтнічных раёнах СССР. З пачаткам працэсаў дэмакратызацыі, нац. адраджэння, паліт. і эканам. рэформ узніклі ўмовы для пераасэнсавання ролі Д.б. З канца 1980-х г. новыя грамадскія рухі на Беларусі сталі ініцыятарамі ўсталявання з ёй сталых зносін. Істотныя змены ў адносінах Д.б., у т. л. і на дзярж. узроўні, пачаліся, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Дзейнічае згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), падтрымку ўрада атрымалі яго ініцыятывы агульнанац. маштабу — Першы сход беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першы з’езд беларусаў свету (ліп. 1993). У ліп. 1997 адбыўся Другі з’езд беларусаў свету. Вырашэнню праблем Д.б. спрыялі прыняцце Закона аб грамадзянстве (1991), Закона аб парадку выезду і ўезду (1993), уключэнне ў шэраг падпісаных Рэспублікай Беларусь міжнар. дагавораў (з Расіяй, Польшчай, Украінай, Кыргызстанам, Казахстанам і інш.) артыкулаў аб магчымасці свабоднага выяўлення, захавання і развіцця суайчыннікамі этнічнай, культ., моўнай, рэліг. самабытнасці, прыняцце дзярж. праграмы «Беларусы ў свеце». Гл. таксама Эміграцыя.

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (Вторая половина XIX в.). Мн., 1978;

Грыцкевіч В.П. Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Сачанка Б.І. Беларуская эміграцыя. 2 выд. Мн., 1991;

Скарыніч. Вып. 1—3. Мн., 1991—97;

Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993;

Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Культура беларускага замежжа Кн. 1—3. Мн., 1993—94;

Туга па Радзіме. Мн., 1992;

Пранчак Л.І. Беларуская Амерыка. Мн., 1994.

Г.​Г.​Сяргеева.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)