ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў геалогіі, што вывучае знешнія і ўнутр. геал. працэсы, якія бесперапынна змяняюць састаў, структурна-тэкстурныя асаблівасці горных парод, будову зямной кары і формы зямной паверхні. З Д.г. вылучыліся асобныя галіны ведаў: тэктоніка, вулканалогія, сейсмалогія, геамарфалогія і інш. Найважнейшыя метады Д.г. — назіранне сучасных геал. працэсаў і іх мадэліраванне ў лабараторных умовах. Як навука ўзнікла ў 19 ст. Вял. ўклад у развіццё Д.г. зрабілі вучоныя англ. Ч.​Лаель, аўстрыйскі Э.​Зюс, рас. К.​І.​Багдановіч, І.​В.​Мушкетаў, У.​А.​Обручаў, У.​У.​Белавусаў, Ю.​Д.​Буланжэ, В.​Я.​Хаін і інш., бел. Р.​Я.​Айзберг, З.​А.​Гарэлік, Р.​Г.​Гарэцкі, Г.​У.​Зінавенка, В.​С.​Канішчаў, Г.​І.​Каратаеў, Э.​А.​Ляўкоў, А.​В.​Мацвееў і інш.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЫНАМІ́ЧНЫ ПАЛІГО́Н,

участак зямной паверхні, ахоплены разамкнутай або замкнутай ломанай лініяй, дзе сістэматычна праводзяцца геал., гідрагеал., геахім., геад. і геафіз. даследаванні з мэтай вывучэння сучасных тэктанічных працэсаў Зямлі. Тэрмін уведзены сав. вучонымі Г.​І.​Каратаевым, Э.​Э.​Фатыядзі і А.​Л.​Яншыным (1960-я г.). Звесткі, атрыманыя на геадынамічным палігоне, выкарыстоўваюцца для вывучэння сучасных глыбінных працэсаў, іх ролі ў фарміраванні зямной кары, асабліва для прагнозу землетрасенняў і ацэнкі верт. і гарыз. перамяшчэнняў паверхні зямной кары ў раёнах з асабліва адказнымі аб’ектамі (АЭС, метро, нафта- і газаправоды, хім. з-ды і інш.). На Беларусі створаны рэгіянальны комплексны геадынамічны палігон, які ахоплівае таксама і тэр. Прыбалтыкі; геадэзічны палігон у цэнтр. ч. Беларусі, лакальныя комплексныя палігоны ў Прыпяцкай упадзіне і ў раёне г. Валожын.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),

комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю за тэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.

Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн. поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш. геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,

геафізічныя метады пошукаў і разведкі, фізічныя метады даследавання будовы зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі карысных выкапняў; раздзел геафізікі. Засн. на выкарыстанні адрозненняў фіз. уласцівасцей карысных выкапняў і ўмяшчальных горных парод. Пры геафізічнай разведцы выкарыстоўваюць метады і іх мадыфікацыі: гравітацыйны (даследуе шчыльнасць горных парод), магнітны (намагнічанасць), электрычны (удзельнае эл. супраціўленне), сейсмічны (хвалевае супраціўленне і хуткасць пашырэння сейсмічных хваль), радыеактыўны (радыеактыўнасць). Вымярэнні вядуцца з паверхні Зямлі (сушы і мора), з паветра і пад зямлёй (гл. Каратаж). У граві-, магніта-, электра- і радыёразведцы вымяраюць параметры прыродных геафіз. палёў, у сейсмаразведцы і некат. відах электраразведкі выкарыстоўваюць штучнае ўзбуджэнне палёў (праз выбухі ці вібрацыю, увядзенне ў глебу эл. току). Важная пошукавая прыкмета — геафізічныя анамаліі. Геафізічная разведка бывае прамой (выяўленне радовішча) і ўскоснай (выяўленне геал. умоў, з якімі звязаны карысныя выкапні). Метады даследавання будовы зямной кары, пошукаў і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў распрацоўвае структурная геафізіка; пошукаў, разведкі і даследавання радовішчаў руд — рудная геафізіка; даследаванняў геал. разрэзу і тэхн. стану свідравіны — прамысл. геафізіка.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. gravis цяжкі + ...метрыя),

галіна геафізікі, якая вывучае гравітацыйнае поле Зямлі. Паскарэнне свабоднага падзення і яго змяненні вымяраюць абс. і адноснымі метадамі з дапамогай гравіметраў, маятнікавых прылад, гравітацыйных варыёметраў, градыентаметраў, а таксама назіранняў за ШСЗ. Гравіметрычныя даныя выкарыстоўваюцца ў астраноміі, метралогіі, геадэзіі, геалогіі, касманаўтыцы і інш.

Паскарэнне свабоднага падзення вызначыў Г.Галілей (каля 1590). У 1673 Х.Гюйгенс выявіў залежнасць паміж паскарэннем свабоднага падзення і перыядам ваганняў маятніка. Тэарэт. асновы гравіметрыі заклаў І.Ньютан. Работамі А.К.Клеро, Дж.Стокса і інш. створана сучасная гравіметрыя. За аснову сусв. гравіметрычнай сістэмы прынята значэнне паскарэння свабоднага падзення для г. Патсдам (ФРГ) g = 9,81274 м/с2 = 981,274 Гал, атрыманае ў 1898—1904 (у 1971 15-я ген. асамблея Міжнароднага геад. і геагр. саюза зацвердзіла папраўку: -14∙10​−5 м/с2). У СССР сістэматычныя гравіметрычныя вымярэнні пачаліся ў 1932; у 1950—56 створана сетка гравіметрычных пунктаў высокай дакладнасці: геафіз. абсерваторыі «Пулкава», «Казань», «Масква», «Палтава»; на Беларусі «Плешчаніцы» і «Нарач» (абс. вымярэнні з 1997).

Літ.:

Грушинский Н.П. Основы гравиметрии. М., 1983.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАТЭЛУРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,

адзін з кірункаў геафізічнай разведкі, заснаваны на вывучэнні пераменных у часе і па частаце варыяцый прыродных тэлурычных эл. токаў у прыпаверхневай ч. Зямлі. Тэлурычныя токі ствараюцца варыяцыямі магнітнага паля Зямлі і эл. канвекцыйнымі працэсамі ў зямной кары і атмасферы, характар іх варыяцый залежыць ад геал. будовы. Адрозніваюць метады: тэлурычных токаў (ТТ), магнітатэлурычнага зандзіравання (МТЗ) і магнітатэлурычнага прафілявання (МТП).

У метадзе ТТ сінхронна вымяраецца рознасць патэнцыялаў варыяцый тэлурычнага поля на базавым і радавых пунктах. Атрымліваюць тэлураграмы, па якіх вымяраюць параметры поля ТТ і складаюць карты рэльефу паверхні высакаомнага гарызонта ў асадкавым чахле або крышт. фундамента. У метадзе МТЗ дадаткова да эл. характарыстык поля ТТ вымяраюць магнітную складаючую і вылічваюць адносіны эл. складаючай да магнітнай для розных частот, будуюць крывую ўяўнага ўдзельнага супраціўлення, якую параўноўваюць з тэарэтычнымі. У адрозненне ад МТЗ у метадзе МТП адносіны эл. складаючай да магнітнай вылічваюць для фіксаванай частаты.

На Беларусі ў выніку даследаванняў ВА «Белгеалогія» і Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі па метадах ТТ і МТЗ складзены карты сярэдняй напружанасці поля ТТ і пашырэння электраправодных слаёў, карты рэльефу фундамента, паверхні саляносных адкладаў і інш.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЫНА́МІКА (ад геа... + дынаміка),

навука аб глыбінных сілах і працэсах, якія ўзнікаюць пры эвалюцыі планеты Зямля; раздзел геафізікі. Даследуе рух рэчыва і энергіі ўнутры Зямлі, змяненні складу і будовы яе знешніх абалонак, механізм руху літасферных пліт, дынамічныя ўмовы ўздоўж іх граніц (разрывы мацерыковых глыб у зонах расцяжэння, насовы, падсовы і складкавасць у зонах сціскання) і звязаныя з імі тэктанічныя, сейсмічныя, магматычныя і метамарфічныя працэсы. Геадынаміка цесна звязана з геалогіяй, геахіміяй, петралогіяй, тэктонікай і інш. Па даных геадынамікі можна прагназаваць размяшчэнне мацерыкоў на Зямлі праз дзесяткі мільёнаў гадоў.

Геадынаміка пачала адасабляцца ад інш. навук аб Зямлі ў 1950-я г. Асновы яе распрацавалі ням. вучоны А.​Вегенер, англ. А.​Холмс і Г.​Хес, рас. Я.​В.​Арцюшкоў, У.​У.​Белавусаў, Л.​П.​Зоненшайн, В.​Я.​Хаін і інш. Да 1960-х г. у геадынаміцы панавала ўяўленне аб нерухомасці мацерыкоў (фіксізм), сучаснай тэарэт. асновай з’яўляецца тэктанічная гіпотэза тэктонікі пліт (мабілізм).

На Беларусі праблемы геадынамікі распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Р.​Г.​Гарэцкі, Р.​Я.​Айзберг, Г.​І.​Каратаеў, Э.​А.​Ляўкоў і інш.).

Літ.:

Артюшков Е.В. Геодинамика. М., 1979;

Хаин В.Е., Ломизе М.Г. Геотектоника с основами геодинамики. М., 1995;

Зоненшайн Л.П., Кузьмин М.И. Палеогеодинамика. М., 1992.

А.​А.​Карабанаў.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭНАСФЕ́РА (ад грэч. asthenēs слабы + сфера),

Гутэнберга слой, слой паніжанай вязкасці ў верхняй мантыі Зямлі, які падсцілае літасферу. Вылучаюць па паменшанай скорасці праходжання сейсмічных хваляў і павышанай электраправоднасці адносна літасферы і астатняй мантыі. Астэнасфера складзена з перыдатытаў, рэчыва якіх знаходзіцца ў пластычным і вязкім стане, можа цячы і ствараць гідрастатычную раўнавагу (ізастазію). Пад акіянамі пашырана ўсюды з глыб. 50—70 км, пад кантынентамі адзначана з глыб. 80—100 км, найб. выразная — у тэктанічна актыўных зонах стараж. платформаў і пад маладымі платформамі. Пад астраўнымі дугамі астэнасфера шматслойная (поліастэнасфера). Рэчыва астэнасферы ў такіх структурах часткова расплаўлена (на 1—10%). Пад стабільнымі ўчасткамі стараж. шчытоў і дакембрыйскіх пліт выяўлена не ўсюды. Ніжняя мяжа астэнасферы знаходзіцца на глыб. 250—300 км (да 400 км). На тэр. Беларусі астэнасфера вылучаецца пад Беларускай антэклізай на глыб. 200—210 км (магутнасць 20—30 км) і пад Прыпяцкім прагінам на глыб. 90—100 км (магутнасць да 140 км). Рэчыва астэнасферы ўдзельнічае ў фарміраванні пакладаў карысных выкапняў, з ёй звязаны працэсы магматызму і метамарфізму.

Астэнасфера адкрыта ў 1914 Дж.​Барэлам. Першае пацвярджэнне яе існавання атрымаў у 1926 Б.​Гутэнберг (адсюль другая назва). Ён паказаў, што ў астэнасферы адбываюцца працэсы, якія выклікаюць гарызантальныя і вертыкальныя рухі блокаў літасферы.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ПО́ЛЕ ЗЯМЛІ́,

поле сілы цяжару, сілавое поле, абумоўленае гравітацыйным прыцяжэннем Зямлі і цэнтрабежнай сілай, выкліканай яе сутачным вярчэннем. Нязначнае ўздзеянне на гравітацыйнае поле Зямлі аказвае таксама прыцяжэнне Месяца, Сонца, планет Сонечнай сістэмы і масы зямной атмасферы. Характарызуецца вытворнымі патэнцыялу сілы цяжару па нармалі (па адвеснай лініі) да геоіда і па каардынатных восях у кожным пункце зямной паверхні. Вытворная патэнцыялу сілы цяжару па нармалі да геоіда вызначае паскарэнне свабоднага падзення, якое вымяраецца ў галах (1 Гал = 1 см/с2). Адрозніваюць гравітацыйнае поле Зямлі: нармальнае, анамальнае і варыяцыі.

Нармальнае гравітацыйнае поле Зямлі абумоўлена прыцягненнем масы аднароднага эліпсоіда, паверхня якога блізкая да геоіда. Вагаецца ад 978 Гал на экватары да 983 Гал на полюсах. Анамальнае гравітацыйнае поле Зямлі выклікана неаднароднасцямі будовы Зямлі, гал. ч. яе верхняй абалонкі — літасферы. На раўнінных месцах знаходзіцца ў межах некалькіх дзесяткаў мілігал, у гарах і на астравах акіянаў анамаліі могуць дасягаць сотняў мілігал. Варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе звязаны з размяшчэннем Месяца адносна Зямлі і Зямлі адносна Сонца, а таксама з тэктона-фіз. працэсамі, што працякаюць на вял. глыбінях у нетрах Зямлі. Месячна-сонечныя перыядычныя варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе — да 1 мГал, варыяцыі поля тэктанічнага паходжання — 1—2 мГал за год. Гл. таксама Гравіметрыя.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІ́ЗІКА (ад геа... + фізіка),

навука аб фіз. палях Зямлі, фіз. уласцівасцях і будове рэчыва Зямлі і працэсах ва ўсіх геасферах. У вузкім сэнсе геафізіка — навука аб фіз. з’явах у цвёрдых сферах: зямной кары, мантыі Зямлі, ядры Зямлі. Фіз. працэсы ў гідрасферы вывучае гідрафізіка, у атмасферы — фізіка атмасферы.

Элементы натуральнай геафізікі вядомы з прац антычных вучоных. У 17—19 ст. адкрыты асн. законы макраскапічнай фізікі, створаны першыя геафізічныя абсерваторыі. Як комплексная навука геафізіка аформілася ў сярэдзіне 19 ст., у сучасным разуменні — з 1960-х г. Асновы тэорыі і прыкладной геафізікі распрацавалі Д.Ф.Араго, (Францыя), Б.​Гутэнберг (ЗША), Х.​Джэфрыс (Вялікабрытанія), рус. і сав. вучоныя А.​Дз.Архангельскі, Р.А.Гамбурцаў, М.​С.​Маладзенскі, А.​М.​Ціханаў, П.​П.​Лазараў, А.​І.​Забароўскі, У.​У.​Фядынскі, Э.​Э.​Фатыяды і інш. Геафізіка падзяляецца на фізіку Зямлі і пошукава-разведвальную геафізіку (гл. Геафізічная разведка). Фізіка Зямлі — тэарэт. навука, якая фіз. метадамі даследуе глыбінную будову і глыбінныя працэсы Зямлі. У ёй вылучаюцца буйныя раздзелы: геадынаміка, геатэрмія, гравіметрыя, сейсмалогія, геамагнетызм (гл. Зямны магнетызм), геаэлектрыка, даследаванні мінералаў і горных парод пры высокіх ціску і т-рах. Пошукава-разведвальная геафізіка — прыкладная навука, якая фіз. і матэм. метадамі даследуе будову верхняй часткі зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, для вырашэння задач гідрагеалогіі і інж. геалогіі. У ёй вылучаюцца структурная (пошукі нафтавых і газавых радовішчаў), рудная (радовішчаў руд і рудных вузлоў) і прамысл. геафізіка (даследаванні геал. разрэзу свідравін). У 1970-я г. вылучылася вылічальная геафізіка, мэта якой — назапашванне, захоўванне і аналіз інфармацыі з шырокім выкарыстаннем ЭВМ. Геафізіка цесна звязана з фіз.-матэм., тэхн. (аўтаматыка, электроніка, кібернетыка, касманаўтыка) і геал. навукамі (геалогія, геахімія, планеталогія, тэктоніка і інш).

На Беларусі геафізіка развіваецца з 1930-х г., калі пачалі праводзіць гравіметрычную і магнітную здымку. З 1950-х г. вядзецца планамернае геафіз. вывучэнне тэр. краіны. Даследаванні праводзяць з 1957 у Геолагаразведачным навукова-даследчым інстытуце, з 1960 у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі, з 1971 у Інстытуце геалагічных навук Нац. АН Беларусі, Геафізічнай экспедыцыі і інш. падраздзяленнях ВА «Беларусьгеалогія», а таксама ў Гомельскім дзярж. ун-це і БДУ.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)