НАСКО́ (Эміль Вікенцьевіч) (н. 18.7.1944, в. Ваўкалата Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Я.Глебава). Працуе ў розных муз. жанрах. Яго стыль вызначаецца эмац. напоўненасцю, дэмакратычнасцю, дасканаласцю формаўтварэння, блізкасцю да нар. вытокаў. Сярод твораў: араторыя «Зорка паэта» на словы М.​Багдановіча (1991), кантата «Надзя-Надзейка» на словы П.​Броўкі (1984), «Урачысты кант з нагоды 500-годдзя Ф.​Скарыны» для мяшанага хору і сімф. аркестра (1989), хар. канцэрт «Чатыры санеты пра каханне» (1988), вак.-сімф. паэмы «Вечны агонь» (1985); «Асветнікі» на словы Н.​Загорскай і кананічны тэкст (2000); сімфонія № 1 (1984), канцэрт для баяна і нар. аркестра (1988), «Сімфанічныя танцы» (1987);. камерна-інстр., у т. л. «Полацкая сюіта» для баяна, «Рамантычная паэма» для фп., саната для віяланчэлі і фп.; вак. цыклы на вершы А.​Міцкевіча, Р.​Барадуліна, У.​Някляева, А.​Куляшова, рамансы, хары, апрацоўкі бел. нар. песень і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 11, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НСЕ, Понсе Куэльяр (Ponce Cuellar) Мануэль Марыя (8.12.1882 ці 1886, г. Фрэснільё, Мексіка — 24.4.1948), мексіканскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з вядучых мекс. кампазітараў 1-й пал. 20 ст. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі ў Мехіка (з 1909 выкладаў у ёй), удасканальваўся ў Італіі, Германіі, Францыі (у т. л. ў П.Дзюка). У 1917—19 гал. дырыжор Нац. сімфанічнага аркестра, у 1933—35 дырэктар Нац. кансерваторыі і ў 1945 Вышэйшай муз. школы пры Нац. аўтаномным ун-це ў Мехіка. Заснавальнік нац. кірунку ў мекс. музыцы. Аўтар арк. твораў: «Начныя эстампы» (1923), сімф. трыпціх «Чапультэпек» (1929), «Песня і танец старажытных мексіканцаў» (1933), сімф. дывертысмент «Кірмаш» (1940) і інш.; «Паўднёвы канцэрт» для гітары з арк. (1941), канцэрт для скрыпкі з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; твораў для фп., для гітары; больш за 100 рамансаў і песень. З 1982 у Мексіцы праводзіцца Міжнар. конкурс гітарыстаў імя П.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКРЭ́ТНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка, заснаваная на тэхн. апрацоўцы запісаных на стужку «натуральных», немузычных гукаў (гул цягніка, розныя шумы, шапаценне, крыкі, галасы птушак і інш.). Можа спалучацца з гукамі муз. інструментаў і пеўчых галасоў. Блізкая да электроннай музыкі, крайніх форм санарыстыкі (гл. Санорыка). У працэсе стварэння К.м. і яе запісу кампазітар з дапамогай сучасных тэхн. сродкаў (магнітафоны, сінтэзатары) здзяйсняе шматлікія аперацыі, якія забяспечваюць разнастайныя акустычныя эфекты. К.м. ўзнікла ў канцы 1940-х г. у Францыі. Яе стваральнік — П.ШэферКанцэрт шумоў», «Сюіта для 14 інструментаў», «Канцэрт двухсэнсавасцей»), паслядоўнікі — прадстаўнікі найб. радыкальнага крыла муз. авангарда П.​Анры, П.​Булез, А.​Месіян, К.​Штокгаўзен. Найб. пашырана пры муз. афармленні драм. спектакляў і кінафільмаў. Для дасягнення каларыстычнага эфекту часта выкарыстоўваецца ўключэнне «натуральных», «канкрэтных» гукаў у кантэкст тонавай музыкі (напр., запіс спеваў салаўя ў «Пініях Рыма» А.​Рэспігі).

Літ.:

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧКО́Ў (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 5.1.1929, Масква),

рускі кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1958). Дэбютаваў на кінастудыі «Ленфільм». У 1962—68 і 1982—90 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1969—80 на кінастудыі імя Горкага. Сярод фільмаў: «Горад майстроў» (1966), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Здабытак рэспублікі» (1972), «Канцэрт» (1973), «Ёсць ідэя» (1977), «Асенні падарунак феяў» (1984), «Палёт у краіну пачвар» (1986).

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ВЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА, нававенская школа, другая венская школа,

творчая садружнасць кампазітара А.Шонберга і яго венскіх вучняў. Склалася ў 1900-я г. Сярод найб. відных прадстаўнікоў А.Берг, А.Веберн. Творчасці кампазітараў школы ўласцівы тэндэнцыі экспрэсіянізму (манадрама «Чаканне» Шонберга), пафас трагедыі «маленькага чалавека», сац. спачуванне (опера «Воцак» Берга), антыфаш. пратэст (кантата «Уцалелы з Варшавы» Шонберга). Кампазітары школы прадоўжылі традыцыю позняга аўстра-ням. рамантызму, выявілі новае адчуванне муз. часу, унутр. рэарганізацыю муз. цэлага, што паўплывала на музыку 20 ст. Радыкальнае абнаўленне маст. мовы і стылю, звязанае з адмаўленнем ад мажору і мінору, ад традыц. танальных планаў і мадуляцыйнага развіцця, прывяло да ўзнікнення атанальнасці («Лірычная сюіта» і канцэрт для скрыпкі з арк. Берга, 3-і квартэт Шонберга, канцэрт для 9 інструментаў ор. 24 Веберна), метаду дадэкафоніі. Гістарычна Н.в.ш. — адзін з кірункаў «новай музыкі» (гл. Авангард, Мадэрнізм у музыцы).

Літ.:

Друскин М. Австрийский экспрессионизм // Друскин М. О западно-европейской музыке XX в. М, 1973;

Веберн А. Лекции о музыке. Письма: Пер. с нем. М., 1975;

Музыка XX в. Ч. 2, кн. 4. М. 1984.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ЛЬСКАЯ ((Brylska) Барбара) (н. 5.6.1941, Варшава),

польская кінаактрыса. Скончыла Вышэйшую школу тэатра, кіно і тэлебачання ў Лодзі. Вобразы, створаныя актрысай, вызначаюцца вытанчанасцю выразных сродкаў і псіхал. праўдзівасцю. Сярод фільмаў: «Фараон», «Пан Валадыеўскі», «Польскі альбом», «Анатомія кахання». Здымалася ў Германіі («След Сокала», «Белыя ваўкі», «Пігмаліён XII»), Чэхаславакіі («Канцэрт для тых, хто застаецца», «Ціхі амерыканец у Празе»), Расіі [«Вызваленне», «Гарады і гады», «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» (тэлевізійны, Дзярж. прэмія СССР 1977)].

т. 3, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТФРОЙНД ((Gutfreund) Ота) (3.8.1889, Двур-Кралаве, Чэхія — 2.6.1927),

чэшскі скульптар. Вучыўся ў Мастацка-прамысл. школе (Прага, 1906—09) і акадэміі Гранд-Шам’ер у Парыжы (1909—10). Чл. маст. суполак «Група мастакоў» (з 1911) і т-ва «Манэс» (з 1920). Аўтар скульпт. кампазіцый і партрэтаў, у якіх спалучаў тэндэнцыі экспрэсіянізму і кубізму («Гамлет», 1911; «Жаночая галава», «Канцэрт», абедзве 1912; «Дзяўчына з вялікімі вейкамі», 1924, і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТВІЛО́ЎСКІ (Рычард Пятровіч) (22.5.1933, г. Барысаў Мінскай вобл. — 22.12.1977),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1958, клас М.Аладава). З 1957 выкладаў у муз. вучылішчы, кансерваторыі, пед. ін-це ў Мінску. Сярод твораў: балада «Подзвіг маці» на сл. І.​Панкевіча для салістаў, хору і аркестра (1975); сімфонія (1961); Канцэрт-казка для фп. з аркестрам (1965); п’есы для нар. і эстраднага аркестра; фп. трыо (1956); хары; рамансы; музыка да драм. спектакляў, кінафільма «Анюціна дарога» (у сааўт.).

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ТНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (28.6.1930, Масква — 9.10.1994),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1993). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Сярод твораў: оперы «Тыль Уленшпігель» (1984), «Містэрыя апостала Паўла» (1986), балеты «Геолагі» (паст. 1963), «Ваніна Ваніні» паводле Стэндаля (паст. 1961), «Малы Цахес, празваны Цыноберам» паводле Э.Т.​А.​Гофмана (паст. 1970); «Пяць духоўных песнапенняў» (1970); 5 сімфоній (1950—69); камерна-інстр. ансамблі; канцэрт для духавых інструментаў (1968); фп. п’есы; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’Е́ХА (Эдзіта Станіславаўна) (н. 31.7.1937, г. Нуаэль-су-Лян, Францыя),

расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. СССР (1988). Скончыла пед. ліцэй у Гданьску (Польшча), вучылася ў Ленінградскім ун-це. З 1955 артыстка Ленканцэрта (з 1994 Пецярбург-канцэрт). Першая выканальніца шматлікіх песень В.​Салаўёва-Сядога, А.​Астроўскага, А.​Пятрова, А.​Фельцмана і інш. У рэпертуары таксама франц. і польскія песні. Творчасць адметная лірычнасцю і высакароднасцю выканання. Знялася ў маст. фільмах: «Лёс рэзідэнта», «Непапраўны лгун», «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту».

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)