РА́ТУША [польск. ratusz ад ням. Rathaus (Rat рада + Haus дом)],

будынак гар. самакіравання (рады, магістрата) у шэрагу еўрап. краін у 12 — пач. 20 ст.

Першыя будынкі Р. з’явіліся ў 12 ст. ў Зах. Еўропе. Звычайна іх ставілі ў цэнтры горада. У архітэктуры Р. спалучаліся рысы абарончага і грамадз. дойлідства (Р. ў г. Сандамір, Польшча, 14—17 ст.). Часцей Р. была прамавугольная ў плане, 2-павярховая, з вежай — сімвалам самастойнасці і паліт. свабоды горада. На вежы часта размяшчалі гадзіннік, звон; рабілі балкон ці эркер, з якіх звярталіся да грамадзян з афіц. паведамленнямі (Р. ў Бруселі, 1401—55; Каўнасе, Літва, 1542, 1772). На верхнім паверсе вежы мог быць кругавы балкон для гар. вартаўніка. Цяпер функцыі Р. выконваюць адм. будынкі (мэрыя, муніцыпалітэт) у разнастайных стылявых кірунках, якія больш адпавядаюць складаным функцыям кіравання сучаснымі гар. тэрыторыямі.

На Беларусі Р. пачалі будаваць у 14 ст. ў сувязі з атрыманнем гарадамі і мястэчкамі магдэбургскага права. Асн. буд. матэрыял — дрэва ці цэгла. Арх.-планіровачнай кампазіцыі ўласцівы сіметрычнасць, выразнасць, простыя і манум. формы. Р. ставілі на адным з бакоў рыначнай плошчы (Віцебская ратуша, Чачэрская ратуша, г. Слонім Гродзенскай вобл.), у яе цэнтры (Мінская ратуша), на адной з гал. вуліц (г. Ушачы Віцебскай вобл.), часам аб’ядноўвалі з гандл. радамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады), гасціным дваром, арсеналам, важніцай, астрогам, складамі (Магілёўская ратуша, Гродна, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.). Калі Р. з’яўлялася цэнтрам буйнога горада, адм.-гандл. комплексу, то праз 1-ы яе паверх праходзіў праезд на рыначную плошчу (Шклоўская ратуша, г. Драгічын Брэсцкай вобл., в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Гал. памяшканне ў Р. — зала пасяджэнняў магістрата (займала 2-і паверх), яна служыла таксама для розных урачыстых актаў, тэатр. дзеяў і інш. Астатнія памяшканні займалі т.зв. ізбы (у іх праходзіў разбор спраў пад кіраўніцтвам войта), канцылярыя, гар. казна, архіў і інш. Частка памяшканняў Р. (падвалы, першыя паверхі) адводзіліся пад крамы, склады (Гродна, г. Драгічын, г.п Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл.) і інш. памяшканні, дзе захоўвалі цэхавыя харугвы. Часам у Р. праходзілі пасяджэнні судоў (Брэст, гарады Кобрын Брэсцкай, Полацк Віцебскай, Слуцк Мінскай абласцей). У 17—18 ст. Р. барочнага тыпу мелі шмат’ярусную вежу, якая завяршалася купалам ці шпілем (Віцебск, Магілёў, Шклоў); вядомы Р. і без вежаў (г. Маладзечна Мінскай, г.п. Шарашова Брэсцкай абласцей). У стылі класіцызму былі Р. ў Гродне і Мінску, з рысамі несапраўднай готыкі — у Чачэрску. Накрывалі Р. пляскатай чырв. дахоўкай, па цэнтры даху ставілі пазалочаныя ці пасярэбраныя вятранікі (флюгеры) Інтэр’еры ўпрыгожвалі шыкоўныя кафляныя печы. Цяпер кожная захаваная Р. з’яўляецца аб’ектам гіст.-культ. спадчыны, неад’емнай ч. гіст. цэнтра горада.

Літ.:

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Ратуша ў г. Сандамір (Польшча).
Ратуша ў г. Каўнас (Літва).
Ратуша ў г. Слонім Гродзенскай вобл.
Ратуша ў г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. З малюнка 19 ст.

т. 13, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ ЗА́МКАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры 16 — пач. 20 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў пач. 16 ст. магнатам Ю.​І.​Іллінічам. З 1568 належаў кн. Радзівілам, у 19 ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк, капліцу-пахавальню (гл. Мірская капліца). Замак напачатку быў мураванай (цэгла і бутавы камень) крэпасцю (з унутр. дваром, блізкім у плане да квадрата), абнесенай з зах. і паўн. бакоў абарончымі сценамі (выш. з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з 5-яруснымі вежамі па вуглах. Пасярэдзіне зах. сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Вежы (выш. 25—27 м) накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўд. і паўн.-зах. вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Замак абкружаны землянымі валамі выш. каля 10 м і ровам з вадой. Дэкар. вырашэнне заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Архітэктура замка мае рысы позняй готыкі і рэнесансу. У 1580—90-я г. перабудаваны пад княжацкую загарадную рэзідэнцыю (будаўнік М.​Збароўскі). Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. Вежы прыстасаваны пад жыллё, уздоўж зах. і паўд. сцен замка пастаўлены гасп. пабудовы (кухня, стайня). У сутарэннях палаца і на 1-м паверсе размяшчаліся гасп. памяшканні, на 2-м — службовыя, на 3-м — княжацкія пакоі. Усяго ў палацы больш за 40 пакояў, аздобленых лепкай, мармурам, шпалерамі. Сістэма ацяплення складалася з прыгожых кафляных печаў і камінаў, дымаходы праходзілі ў мураваных сценах. Сцены і вежы звонку атынкаваныя. Аконныя праёмы, дзверы, ганкі ўпрыгожаны разнымі дэталямі з вапняку. У вежы-браме быў гадзіннік са званамі, у т. л. ажурнымі; перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае ўмацаванне (барбакан) з асобнай брамай і рэнесансавым разным парталам. Замак быў адм. цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў. Пашкоджаны ў 1655 і 1706. Адноўлены ў пач. 18 ст. Замак моцна пашкоджаны ў 1794. У канцы 18 ст. заняпаў. У 1812 пад сценамі замка адбыўся бой паміж франц. кавалерыяй маршала Л.​Н.​Даву і ар’ергардам 2-й рус. арміі — казацкай конніцай М.​І.​Платава. Была ўзарвана паўн.-ўсх. вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-я г. праведзены першыя работы па захаванні замка як помніка старажытнасці. У 1920—30-я г. часткова адноўлены М.​Святаполк-Мірскім. У Вял. Айч. вайну ў замку размяшчалася яўр. гета. З 1969 праводзіліся частковая кансервацыя і навук. даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982, арх. В.​Атас, С.​Верамейчык, В.​Калнін, навук. супрацоўнікі А.​Трусаў, Л.​Трэпет). Археал. даследаванні на тэр. замка праводзілі Ю.​Ядкоўскі (1912), М.​Ткачоў (1972), Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І.​Чарняўскім). Знойдзена вял. колькасць керамічных, шкляных і метал. вырабаў. З 1992 філіял Нац. маст. музея Беларусі. Парк (т.зв. італьян. сад) створаны на Пд за замкавымі валамі. Закладзены ў 17 ст. як рэгулярны парк італьян. тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Па перыметры абсаджаны ліпамі. У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (пл. каля 20 га), у яго кампазіцыі рэшткі рэгулярнага парку ў зах. частцы. Акрамя прысад з мясц. парод у парку больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. На У ад комплексу знаходзіцца фальварак, на Пд — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замка закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся і з’яўляецца унікальным збудаваннем бел. архітэктуры, у якім адлюстраваны стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусв. культуры (1994). Вядзецца рэстаўрацыя (2000).

Літ.:

Иодковский И.И. Замок в Мире // Древности. М., 1915. Т. 6;

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987;

Трусаў А.А. Старонкі мураванай кнігі. Мн., 1990;

Калнін В.В. Мірскі замак: [Гіст.-архіт. нарыс]. Мн., 1995.

В.​Р.​Анціпаў, В.​В.​Калнін, А.​М.​Кулагін, А.​А.​Трусаў.

Мірскі замкава-паркавы комплекс.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,

комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г. Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.

Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.​І.​Опермана і палкоўніка А.​І.​Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.

Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.​Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.

На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл. гл. ў арт. Абарончыя збудаванні.

Літ.:

Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;

(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.

В.​І.​Анікін (архітэктура).

Да арт. Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.
Пяты форт Брэсцкай крэпасці.

т. 3, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)