ВАЛА́ХІЯ (Valahia),

гістарычная вобласць у Паўд. Румыніі, паміж Карпатамі і р. Дунай; падзяляецца р. Олт на Мунтэнію і Алтэнію. У 106—271 Валахія, якую насялялі гета-дакійскія плямёны, у складзе Рымскай імперыі. У канцы 3 ст. заваявана готамі і гепідамі, у 4—6 — гунамі і аварамі, у 6 ст.слав. плямёнамі. У канцы 8—10 ст. значная частка Валахіі ў складзе 1-га Балгарскага царства. З 14 ст. самаст. феад. дзяржава. У 15 ст. ў залежнасці ад Турцыі, з 16 ст. пад яе прыгнётам. Пры Міхаю Храбрым на непрацяглы час аб’ядналася з Малдовай і Трансільваніяй у адну дзяржаву (распалася на залежныя ад Турцыі княствы). У канцы 16 ст. ўзмацніліся паліт. сувязі з Расіяй, у канцы 17 — пач. 18 ст. ўстаноўлены дыпламат. адносіны. З 18 ст. Турцыя назначала гаспадарамі ў Валахіі пераважна грэкаў-фанарыётаў. У 1820—50 разгарнуўся нац.-вызв. рух. Валашскае паўстанне 1821 на чале з Т.Уладзімірэску паклала канец фанарыёцкаму рэжыму. Паводле Акерманскай канвенцыі 1826 Валахія атрымала самакіраванне, паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 — аўтаномію (пад пратэктаратам Расіі да 1856). У 1829—34 пад кіраўніцтвам Расіі. У 1859—61 аб’ядналася з Малдовай у адзіную дзяржаву (з 1862 Румынскае княства).

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НДА, Мвата-Ямва,

дзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Анголы, Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга ў канцы 16—2-й пал. 19 ст. Этн. ядро Л. — народнасць лунда (балунда). Складалася з шэрагу паўсамаст. абласцей, найб. важнай з якіх была Казембе. Значны ўплыў у дзяржаве меў савет знаці. З канца 17 ст. ўдзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі. У канцы 18—19 ст. Л. заняпала і распалася на некалькі княстваў, якія ўвайшлі ў склад калан. уладанняў Бельгіі, Вялікабрытаніі і Партугаліі.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНА́ЙСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

назва найстаражытнейшага зледзянення ў Альпах, якое адбылося ў канцы пліяцэну або пач. плейстацэну (каля 1,5—1,8 млн. гадоў назад).

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАЛАБА́С»,

бел. народны танец. Зафіксаваны ў канцы 19 ст. ў Ваўкавыскім пав. Выконваўся пад жартоўныя прыпеўкі. Муз. памер 24. Тэмп хуткі.

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРАНТЫ́ДЫ,

метэорны паток з радыянтам на мяжы сузор’яў Валапаса і Дракона. Назіраецца штогод у канцы снеж.пач. студз. К. вядомыя з 1839.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РСА,

пад’ёмная металічная ці акаваная жалезам дубовая рашотка, якая дадаткова зачыняла праём вежы-брамы. У еўрап. замках з’явілася ў сярэдзіне 15 ст., на Беларусі — ў канцы 15 — пач. 16 ст. Была важным элементам абароны замка, дзядзінца і інш. — прыкрывала дашчаныя вароты. Герса падымалася і апускалася на ланцугах пад’ёмным механізмам у спец. праёмы брамы. Ніжнія канцы рашоткі былі завостраныя і заходзілі ў спец. гнёзды. Звонку герса часта засланялася пад’ёмным мостам. Былі ў Мірскім замкава-паркавым комплексе, Полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве-крэпасці, Сынковіцкай царкве-крэпасці і інш.

М.​А.​Ткачоў.

т. 5, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦО́,

стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.​Купалы, М.​Багдановіча, П.​Панчанкі, апавяданнях М.​Зарэцкага, К.​Чорнага, М.​Стральцова і інш.

В.​П.​Рагойша, Я.​І.​Клімуць.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМЕРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

эпоха тэктанічных працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага інтрузіўнага магматызму ў мезазойскую эру. Папярэднічала альпійскай складкавасці. Вылучаюць 2 фазы К.с.: раннекімерыйскую (старажытнакімерыйскую), што адбывалася ў канцы трыясавага — пачатку юрскага перыядаў, і познакімерыйскую (новакімерыйскую), якая мела месца ў канцы юрскага — пач. мелавога перыядаў. Раннекімерыйская праявілася ў Паўн. Дабруджы, на Таймыры, у Паўн. Афганістане, Паўднёва-Усх. Азіі, Патагонскіх Андах, паўн.-ўсх. Аргенціне, на крайнім Пд Афрыкі; познакімерыйская — на Каўказе, у Верхаяна-Чукоцкай вобл., Цэнтр. Іране, Афганістане, Тыбеце, Зах. Кардыльерах Паўн. Амерыкі, Андах і інш. абласцях.

т. 8, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,

фанетычныя змяненні гукаў, якія залежаць ад месца гука адносна пачатку ці канца слова або націску ў слове. Супрацьстаяць камбінаторным змяненням гукаў. Вызначаюць наступныя П.з.г.: узнікненне пратэз (прыстаўных гукаў) на пачатку слова («леў — ільва», «вуліца»), аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова («род» [рот]), рэдукцыю ненаціскных галосных («малако» [мълʌко]). У бел. мове пашырана ўзнікненне пратэтычных гукаў, змена звонкіх зычных на канцы слова, колькасная рэдукцыя ненаціскных галосных. Пазіцыйныя змяненні зычных з’яўляюцца асновай амафонаў.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЬЕ́ТКА (франц. vignette),

упрыгожанне ў кнізе або рукапісе; невял. малюнак або арнамент на пачатку (застаўка) ці ў канцы (канцоўка) тэксту.

Віньеткі з выданняў Ф.​Скарыны.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)