ГУДАГА́Й,

пасёлак і чыг. станцыя ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астравец—Ашмяны. Цэнтр сельсавета. За 5 км на ПдЗ ад Астраўца, 197 км ад Гродна. 987 ж., 357 двароў (1997).

Вядомы з канца 16 ст. як паселішча ў маёнтку Астравец-Урбаноўскі. У 17 — 1-й пал. 18 ст. належаў Лакуцеўскім, Скірмунтам, Садоўскім, Козел-Паклеўскім, Войнам. У 1764 сяло, перададзена ордэну кармелітаў, якія да 1832 мелі тут кляштар з цудадзейным абразом Дзевы Марыі (захоўваецца ў касцёле і зараз). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, потым сяло ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1874 праз Гудагай пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 — 117 ж. З 1922 у Польшчы ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1971 — 1077 жыхароў.

Аптова-гандл. база і нарыхтоўчая кантора райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай (1764).

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ НО́ВАЕ МЕ́СЦА,

помнік горадабудаўніцтва канца 18—19 ст. ў Мінску (сучасная Кастрычніцкая пл.). Створана паводле першага праектнага плана Мінска 1797—1800 (арх. Ф.Крамер). У яго аснове — планіровачныя прынцыпы класіцызму. Паводле праекта планавалася разбурэнне гар. умацаванняў 17 ст. і пашырэнне гар. тэрыторыі на ПдУ уздоўж р. Свіслач амаль да яе поймы. На тэр. М.Н.м. стваралася геам. сетка вуліц і фарміраваліся жылыя кварталы прамавугольнай формы. Прадугледжвалася планіроўка асн. гар. вуліц: Захар’еўскай (сучасны праспект Скарыны), Падгорнай (К.Маркса), Магазіннай (Кірава), Вясёлай (Ульянаўская), Паліцэйскай (Я.Купалы), Кашарнай (Чырвонаармейская), Дамініканскай (Энгельса), Францысканскай (Леніна), Феліцыянаўскай (Камсамольская) і інш. Адначасова на ПдУ за гар. мяжой пабудаваны рэгулярны комплекс вайсковых казарм (арх. Крамер). Цэнтрам кампазіцыі М.Н.м. стала вял. прамавугольная гандл. плошча — Навамесцкая (Новы рынак). У канцы 18 — пач. 19 ст. на плошчы ўзведзены мураваныя будынкі, у т. л. комплекс т.зв. Архірэйскага дома, Лютэранская кірха, губ. паштовая кантора, паштовая станцыя, а таксама драўляныя жылыя дамы з крамамі. Пасля пажару 1835, у 1840—50-я г. па перыметры плошчы створаны бульвар, пабудаваны гасцініца «Парыж», будынкі дваранскага дэпутацкага сходу з тэатр. залай, духоўнай кансісторыі, дом краязнаўца М.Гаўсмана (1857), рэканструяваны комплекс Архірэйскага дома (усе арх. К.Хршчановіч). У 1872 плошча перапланавана ў рэгулярны Аляксандраўскі сквер (цяпер Цэнтральны) з перыметральнымі і дыяганальнымі алеямі, фантанам, упрыгожаным дэкар. скульптурай «Хлопчык з лебедзем». На тэр. сквера пабудаваны капліца св. Аляксандра Неўскага (1869, знесена ў 1930-я г.), воданапорная вежа (1874), Мінскага гарадскога тэатра будынак. Тэр. сквера мела напачатку драўляную, з 1912 металічную агароджу ў стылі мадэрн (знесена ў 1950-я г.). Кварталы М.Н.м. спачатку забудоўваліся драўлянымі жылымі дамамі паводле ўзорных праектаў, распрацаваных арх. Крамерам, пасля пажару 1835 — мураванымі і драўлянымі дамамі. Паводле плана Мінска 1858 Захар’еўская вул ператварылася ў гал. гар. дыяметр, М.Н.м. забудоўвалася 2—3-павярховымі жылымі і грамадскімі будынкамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны Успенская царква і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. У Вял. Айч. вайну асн. частка забудовы М.Н.м. пашкоджана, у 1940—50-я г. знесена ці перабудавана.

Літ.:

Дзянісаў У. Тут б’ецца сэрца горада // Мастацтва Беларусі. 1989. № 12.

У.М.Дзянісаў.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎ,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. За 104 км ад Магілёва. Вузел чыгунак на Оршу, Магілёў, Унечу і Рослаўль, на аўтадарозе Бабруйск—Масква. 31,1 тыс. ж. (1998).

Упершыню згадваецца ў 1136 ва Устаўнай грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча пад назвай Крэчут. Стараж. цэнтрам К. быў Крычаўскі замак. У 14—18 ст. існавалі Крычаўскія гарадскія ўмацаванні. У 12—13 ст. у Смаленскім, з 1-й пал. 14 ст. ў Мсціслаўскім княствах, з 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З канца 15 ст. цэнтр Крычаўскай воласці, уладанне вял. князя ВКЛ, кіраваўся яго намеснікамі. З сярэдзіны 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв. Пад 1592 упамінаецца ў Баркулабаўскім летапісе.

23.8.1653 атрымаў магдэбургскае права і герб (у чырв. полі выява залатога крыжа і сярэбранага мяча). З 17 ст. К. — цэнтр Крычаўскага староства, уладанне Радзівілаў. У Паўн. вайну 1700—21 летам 1708 пад К. быў лагер рас. войск на чале з Пятром I. У час Крычаўскага паўстання 1743—44 у студз. 1744 каля К. адбыўся бой паміж сялянамі і шляхецкім войскам. Пасля І-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) К. у Рас. імперыі, мястэчка ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У студз. 1776 Кацярына II падаравала Крычаўскае староства (14 247 чал.) графу Р.А.Пацёмкіну. У 1779 у К. 1594 ж., 470 двароў. У канцы 18 ст. ў К. дзейнічалі Крычаўская суднаверф, Крычаўскія мануфактуры, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны, медналіцейны з-ды, млыны. У 1847 у К. 630 двароў, 6 цэркваў, касцёл, малітоўная школа, праводзіліся 3 кірмашы на год. У 1897 мястэчка, цэнтр воласці, 6221 ж., 972 двары, 3 гарбарныя і мылаварны заводы, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, 2 нар. вучылішчы, паштова-тэлегр. кантора, хлебазапасны магазін, 125 крам, 7 цэркваў, касцёл, 5 сінагог, 5 заезных дамоў, 4 кірмашы на год. З мая 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 20.8.1924 у БССР, цэнтр Крычаўскага раёна Калінінскай, з чэрв. 1927 Магілёўскай акруг, з лют. 1938 у Магілёўскай вобл. З 17.12.1931 горад. З 17.7.1941 да 30.9.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне каля 24 тыс. чал. Дзейнічала Крычаўскае патрыятычнае падполле. У 1962—65 у Мсціслаўскім р-не. У 1972—26,5 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў («Крычаўцэментнашыфер», з-д жалезабетонных вырабаў), Крычаўскі завод гумавых вырабаў, мэблевая ф-ка, мясакамбінат, маслазавод, хлебазавод і інш. Крычаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, ваеннапалонных і ахвяр фашызму, курган Славы. Помнікі архітэктуры: Крычаўскі палац (1778—87), паштовая станцыя (19 ст.), Мікалаеўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.). Збярогся звон, адліты ў 1748 для царквы Параскевы Пятніцы. Помнікі археалогіі: гарадзішчы Гарадзец (ранняга жал. веку, 5—7 ст. і эпохі Кіеўскай Русі) і Замкавая rapa (эпохі Кіеўскай Русі).

У.У.Бянько.

Герб Крычава. 1633.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)