ДЗЮБКО́ (Анатоль Фёдаравіч) (н. 15.12.1923, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскае артыл. вучылішча (1942), Ваенна-артыл. камандную акадэмію (1954). У Вял.Айч. вайну з ліст. 1942 на Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., Ленінградскім франтах. Камандзір батарэі артыл. палка лейтэнант Дз. вызначыўся ў баях на тэр. Латвіі: 29.8.1944 у час бою трапіў у акружэнне назіральны пункт батарэі і пях. батальён, дзе Дз. прыняў камандаванне на сябе, арганізаваў кругавую абарону, калі вораг прарваў яе, выклікаў на сябе агонь артылерыі, што дапамагло адбіць контратакі і ўтрымаць занятыя пазіцыі. Да 1976 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПЕ́Й (Секст) (Sextus Pompeius; каля 75—35 да н.э.),
рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Сын Гнея Пампея. Пасля гібелі бацькі ваяваў супраць Цэзара ў Афрыцы (48—46 да н.э.) і Іспаніі (46—44 да н.э.). Пасля смерці Цэзара (44 да н.э.) паводле прапановы Марка Антонія атрымаў ад сената камандаванне флотам. Захапіў Сіцылію і інш. астравы, прымаў збеглых рабоў і выгнаннікаў, блакіраваў з мора Італію. У 43 да н.э. аб’яўлены па-за законам 2-м трыумвіратам. У 36 да н.э. разбіты каля Мілаў і Наўлохі палкаводцам Агрыпай. Уцёк у М. Азію, забіты прыхільнікамі Марка Антонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКАГА КАНА́ЛА АБАРО́НА 1944,
абарона Дняпроўска-Бугскага канала фарміраваннямі Брэсцкага і Пінскага партыз. злучэнняў у Вял.Айч. вайну ў лют.—сак. 1944.
Гітлераўскае камандаванне групы армій «Цэнтр» вырашыла ачысціць раён паміж р. Прыпяць і Дняпроўска-Бугскім каналам ад партызан, каб прадухіліць іх злучэнне з часцямі Чырв. Арміі. Для барацьбы з карнікамі была арганізавана часовая групоўка партыз. сіл Паўднёвай зоны, якая налічвала каля 6 тыс.чал. Больш за месяц (з 21.2.1944 па 31.3.1944) партызаны вялі баі з вял. групоўкай праціўніка, гэтым істотна дапамаглі Чырв. Арміі, якая вяла тут наступленне. У в. Зарэчка Драгічынскага р-на ў гонар бел. партызан пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РПУС ДОБРААХВО́ТНІКАЎ СВАБО́ДЫ,
аб’яднанне партыз. сіл Руху Супраціўлення ў акупіраванай ням.фаш. войскамі Італіі ў 2-ю сусв. вайну. 9.6.1944 у г. Мілан па ініцыятыве кампартыі пры К-це нац. вызвалення (КНВ) Паўн. Італіі ўтворана аб’яднанае камандаванне К.д.с. з прадстаўнікоў антыфаш. партый на чале з камуністам Л.Лонга, членам Партыі дзеяння Ф.Пары і беспартыйным ген. Р.Кадорна. 29.3.1945 КНВ Паўн. Італіі ператварыў партыз. фарміраванні К.д.с. (150 тыс.чал.) на беспарт. аснове ў адзіную армію (104 дывізіі, 52 брыгады) на чале з галоўнакамандуючым Кадорна (намеснікі Лонга і Пары). У крас. 1945 часці К.д.с. вызвалілі большасць гарадоў Паўн. Італіі. Расфарміраваны пасля завяршэння Італьянскай кампаніі 1943—45.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБАЛТЫ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальныя дзеянні войск Ленінградскага (камандуючы Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў), 3-га (ген. арміі І.І.Масленікаў), 2-га (ген. арміі А.І.Яроменка), 1-га Прыбалтыйскіх (ген. арміі І.Х.Баграмян), часткі сіл 3-га Бел. (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) франтоў, Балт. флоту (адм. У.П.Трыбуц) з мэтай разгрому ням.-фаш. войск у Прыбалтыцы 14.9—24.11.1944 у Вял.Айч. вайну. Для выканання аперацыі сав.камандаванне згрупавала 900 тыс.чал., 3080 танкаў і самаходных артыл. установак, 17,5 тыс. гармат і мінамётаў, 2640 баявых самалётаў. Герм. войскі налічвалі больш за 700 тыс.чал., больш за 1200 танкаў і штурмавых гармат, каля 7 тыс. гармат і мінамётаў, да 400 самалётаў. У выніку наступлення Чырв. Арміі летам 1944 герм. групоўкі войск «Поўнач» і «Нарва» адышлі на рубеж ад Нарвенскага зал. да Усх. Прусіі. З 14 да 27 вер. войскі 3-га, 2-га і 1-га Прыбалт. франтоў на Рыжскім напрамку выйшлі да рубяжа «Сігулда» (25—60 км ад Рыгі). Аднак у сувязі з упартым супраціўленнем ворага сав.камандаванне 24 вер. перанесла гал. ўдар з Рыжскага на Мемельскі напрамак, на якім войскі 1-га Прыбалт. і 39-й арміі 3-га Бел. франтоў да 10 кастр. выйшлі на ўзбярэжжа Балт.м. і адсеклі групу «Поўнач» ад Усх. Прусіі. Войскі Ленінградскага фронту ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам нанеслі паражэнне групоўцы «Нарва», вызвалілі Талін (22 вер.), ажыццявілі дэсантную аперацыю на Маанзундскіх а-вах (гл.Маанзундскія аперацыі ў Вял.Айч. вайну). Войскі 3-га і 2-га Прыбалт. франтоў, працягваючы наступленне, вызвалілі Рыгу (13 кастр.) і прадаўжалі праследаванне праціўніка. З 59 злучэнняў герм. войск разгромлена 29, астатнія блакіраваны ў Курляндыі (капітулявалі 9.5.1945). У выніку П.а. Германія страціла важную эканам. базу і выгадны плацдарм; створаны перадумовы для развіцця наступлення сав. войск ва Усх. Прусіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКА-ІВАНГАРО́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914,
абаронча-наступальная аперацыя рускіх войск Паўд.-Зах. (каманд.ген. М.І.Іваноў) і Паўн.-Зах. (ген. М.У.Рузскі) франтоў супраць герм.-аўстр. арміі 28 вер. — 8 ліст. ў 1-ю сусв. вайну.
Пасля паражэння аўстр. войск у Галіцыйскай бітве 1914 герм.камандаванне, каб абараніць Сілезію і Познань і памагчы аўстр. войскам, якія адступалі, 28 вер. пачало наступленне на Івангорад і Варшаву сіламі 1-й аўстр. і 9-й герм. армій (каманд.ген. П. фон Гіндэнбург, нач. штаба ген. Э.Людэндорф). 18 кастр.рус. войскі нанеслі па герм.-аўстрыйскіх двайны ўдар з фронту Івангорад—Сандамір 4, 5 і 9-й арміямі і ад Варшавы 2-й арміяй. У баявых дзеяннях з двух бакоў удзельнічала каля 900 тыс.чал. За 21 дзень баёў герм.-аўстр. войскі адкінуты з вял. стратамі на 120 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́КІН (Антон Іванавіч) (16.12.1872, в. Шпеталь-Дольны, Улацлаўскае ваяв., Польшча — 7.8.1947),
расійскі военачальнік, адзін з кіраўнікоў белай гвардыі, ваен. пісьменнік. Ген.-лейтэнант (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1899). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў стралк. брыгадай і дывізіяй, армейскім корпусам. У 1917 нач. штаба Вярх. галоўнакаманд., галоўнакаманд. Зах. і Паўд.-Зах. франтамі. У час грамадз. вайны ў Расіі адзін з гал. арганізатараў белага руху, галоўнакамандуючы добраахвотніцкай арміяй (1918—20) і ўзбр. сіламі Пд Расіі (1919—20), адначасова са студз. 1920 «вярх. правіцель Расіі». 4.4.1920 здаў камандаваннеген. П.М.Урангелю і выехаў у Вялікабрытанію. З канца 1890-х г. актыўна займаўся публіцыстыкай.
Тв.:
Путь русского офицера. М., 1990;
Очерки русской смуты. М., 1991.
Літ.:
Лехович Д. Белые против красных: Судьба генерала Антона Деникина М., (1992];
Гордеев Ю.Н. Генерал Деникин: Воен.-ист. очерк. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19,
выступленне партызан і насельніцтва Пінскага і Ровенскага пав. супраць аўстра-герм. акупантаў, войск укр. гетмана П.П.Скарападскага і Дырэкторыі за аднаўленне Сав. улады. У кастр. 1918 у раёне Лунінец—Сарны дзейнічалі партыз. атрады. Да канца 1918 яны аб’яднаны ў 1-ы, 2-і Палескія і 1-ы Дубровіцкі палкі і кантралявалі чыг. ўчасткі Сарны—Лунінец—Парахонск. 25.12.1918 у Століне абвешчана Сав. ўлада, перавыбраны Палескі рэўком, створаны Ваен. савет паўстанцкіх камуніст. войск Беларусі і Зах. Украіны. У студз. 1919 паўстанцы вялі баі супраць пятлюраўцаў, якія пацяснілі дубровіцкіх партызан і 1-ы Палескі полк. Ням.камандаванне перадало ўладу ў Пінску войскам урада Дырэкторыі, раззброіла атрады Чырв. Арміі і партызан. У адказ паўстанцы спынілі пропуск ням. эшалонаў праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю чырвонаармейцам і паўстанцам. 25.1.1919 Пінск вызвалены і на Зах. Палессі ўстаноўлена Сав. ўлада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭКТАРА́Т (ад лац. protektor абаронца, заступнік),
форма залежнасці адной дзяржавы ад другой. Пры П. фармальна захоўвалася бачнасць дзяржаўнасці, але за пратэктарам прызнаваліся шырокія правы і паўнамоцтвы на ўмяшанне ва ўнутр. справы дзяржавы, якая пратэжыруецца. Пратэктар, як правіла, прысвойваў сабе многія сферы дзярж. дзейнасці: знешнія зносіны, вярх.ваен.камандаванне, правасуддзе, збіранне некаторых падаткаў і інш. Усе гэтыя функцыі кіравання былі падсправаздачныя рэзідэнту пратэктара. П. быў этапам на шляху ўстанаўлення каланіяльнага панавання ў дзяржавах, супраціўленне якіх каланізатарам не ўдавалася адразу і поўнасцю пераадолець. Напр., у Мадагаскары П. 1885—96 папярэднічаў устанаўленню Францыяй там свайго каланіяльнага панавання; японскі П., устаноўлены ў Карэі ў 1905, папярэднічаў яе анексіі ў 1910. Нацысцкая Германія ўстанавіла свой П. у Чэхіі і Маравіі пасля таго, як акупіравала іх. У канцы 20 ст. П., як і любая форма каланіяльнай залежнасці, не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА КАЎКА́З 1942—43,
сукупнасць абарончых (25.7—31.12.1942) і наступальных (1.1—9.10.1943) аперацый сав. войскаў з мэтай абароны Каўказа і разгрому ням.-фаш. войскаў у Вялікую Айчынную вайну.
Удзельнічалі франты: Паўд. (каманд. да 28.7.1942 і 2.2—2.3.1943 ген.-лейт. Р.Я.Маліноўскі; 1.1—2.2.1943 ген.-палк. А.І.Яроменка), Паўн.-Каўказскі (да 3.9.1942 Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы; 24.1—13.5.1943 ген.-лейт І.І.Масленікаў; з 13.5.1943 ген.-палк. І.Я.Пятроў) і Закаўказскі (з 15.5.1942 ген. арміі І.У.Цюленеў) франтоў, Чарнаморскі флот (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі), Азоўская (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) і Каспійская (контр-адм. Ф.С.Сядзельнікаў) ваен. флатыліі.
Ням.-фаш.камандаванне планавала авалодаць Каўказам у ходзе летняй кампаніі 1942. Для выканання гэтай задачы прызначалася група армій «А» (ген.-фельдмаршал В.Ліст), якая перасягала сав. войскі Паўд. фронту ў 1,5 раза па асабовым складзе, па танках у 9,4 раза, па артылерыі ў 2 разы і па самалётах у 7,7 раза. Падтрымлівалі яе ВМС Германіі і Румыніі. У адпаведнасці з планам «Эдэльвейс» праціўнік наступаў паміж Донам і перадгор’ямі В.Каўказа. Сав. войскі вялі абарончыя баі і адыходзілі. У канцы снежня гітлераўцы, страціўшы больш як 100 тыс.чал., перайшлі да абароны. Сав. войскі Паўд. фронту, якія працягвалі контрнаступленне пад Сталінградам, нанеслі ўдар па гал. сілах праціўніка на Растоўскім і Ціхарэцкім напрамках. Пад пагрозай акружэння ням.камандаванне вымушана было свае войскі на Паўн. Каўказе адвесці за Растоў і на Таманскі п-аў. У выніку Новарасійска-Таманскай аперацыі 1943 лінія абароны праціўніка была прарвана і 9.10.1943 Таманскі п-аў вызвалены. Чырв. Армія прайшла з баямі каля 800 км, вызваліла каля 200 тыс.км² тэрыторыі. Страты праціўніка толькі за час наступлення сав. войскаў склалі 281 тыс.чал., 1358 танкаў, 2 тыс. самалётаў, больш як 7 тыс. гарматаў і мінамётаў, 22 тыс. аўтамашын і інш.ваен. тэхнікі і маёмасці. Сав. войскі страцілі ў бітве забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 950 тыс.чал. (з іх забітымі 344 390 чал.).