КАМА́НДА (франц. commande),

1) вусны загад камандзіра (начальніка) ў кароткай форме, вызначанай воінскімі статутамі.

2) Часовая ці пастаянная вайсковая арганізацыя ад 3 чал. і больш для выканання пэўных абавязкаў па службе ці якіх-н. работ.

3) Падраздзяленне баявой часці (службы) у ВМФ.

4) Спартыўны калектыў.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТСА́ЙДЭР (ад англ. outsider пабочны),

1) катэгорыя дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, якія займаюць нязначнае месца на рынку і не ўваходзяць у манапалістычныя аб’яднанні.

2) Суднаходнае прадпрыемства, якое не з’яўляецца членам лінейных канферэнцый і працуе паралельна (канкурыруе) з лінейнымі суднаходнымі кампаніямі.

3) Спартыўны калектыў, спартсмен, які займае апошняе месца ў спаборніцтвах.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ГАРАДСКІ́ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР.

Створаны ў 1968 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як вучэбны калектыў Маладзечанскага музычнага вучылішча. З 1985 гарадскі. У складзе аркестра студэнты, выкладчыкі і выпускнікі муз. вучылішча. У розныя гады калектыў узначальвалі Л.​Саламонік, М.​Казінец, Ю.​Новікаў, З.​Кафанава, В Грыбкоў, Р.​Фрыдман. З 1979 маст. кіраўнік і дырыжор Р.Сарока. У рэпертуары творы муз. класікі, сучасных, у т. л. бел., кампазітараў: уверцюры «Карыялан» і «Эгмант», 5-я сімфонія Л.​Бетховена, сімфоніі 40-я В.​А.​Моцарта, 1-я В.​Каліннікава, 4-я і «Італьянскае капрычыо» П.​Чайкоўскага; канцэрты для фп. з арк. Дж.​Гершвіна, С.​Рахманінава, Чайкоўскага, Э.​Грыга; творы Я.​Глебава, В.​Іванова, У.​Солтана і інш. З аркестрам выступаюць піяніст І.​Алоўнікаў, спевакі М.​Жылюк, Н.​Залатарова, В.​Кучынскі, В.​Скорабагатаў і інш. Лаўрэат Усесаюзнага фестывалю нар. творчасці (1988).

Л.​В.​Ляшчэвіч.

Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА Мінскага клуба КІМ,

першы на Беларусі самадзейны маладзёжны харэаграфічны калектыў. Існаваў у 1926—30. Маст. кіраўнік К.Алексютовіч. У рэпертуары пастаўленыя ім нар. і сцэнічныя танцы (сцэн. варыянты традыц. бел. танцаў «Мікіта», «Лянок», «Казачок», «Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Юрачка»), харэагр. карцінкі і сюжэтныя танцы сучаснай тэматыкі. Адыграў важную ролю ў справе далучэння прац. моладзі да маст. культуры.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ СКУРГАЛАНТАРЭ́ЙНАЯ ФА́БРЫКА імя В.​У.​Куйбышава.

Засн. ў 1924 у Мінску як працоўны калектыў кашалёчнікаў. З 1929 рымарска-галантарэйная ф-ка «Усход». У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1944, пазней рэканструявана і расшырана. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Галантэя». Асн. прадукцыя (1999): сумкі жаночыя з натуральных і штучных скур, сумкі дарожныя, спартыўныя, ранцы, рукзакі, чамаданы, вырабы дробнай галантарэі, пальчаткі, рамяні паясныя і гадзіннікавыя.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНКРУ́ЦТВА (італьян. bancarotta літар. зламаная лаўка),

няздольнасць кампаніі, прадпрыемства ці прадпрымальніка плаціць крэдыторам па сваіх даўгавых абавязацельствах. Рашэнне аб банкруцтве прымае суд па просьбе саміх юрыд. ці фіз. асоб (добраахвотная ліквідацыя) або па патрабаванні крэдытораў (прымусовая ліквідацыя). Пасля суд. рашэння банкрут спыняе эканам. дзейнасць, а яго маёмасць прадаецца для выплаты даўгоў. Пагашаць даўгі можа і калектыў прадпрыемства-банкрута, у гэтым выпадку маёмасць прадпрыемства пераходзіць у калект. ўласнасць яго работнікаў.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІ АБАРО́НЦА,

прадстаўнік грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву, якому даручаецца прымаць удзел у судовым разглядзе справы з мэтай абароны правоў і інтарэсаў падсуднага. Удзел грамадскага абаронцы ў судзе прадугледжаны крымінальна-працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Грамадскі абаронца самастойны ўдзельнік працэсу, незалежны ад удзелу ў справе прафесійнага абаронцы — адваката. Ён не мае права адмовіцца ад абароны, за выключэннем выпадку, калі калектыў, што ўпаўнаважыў яго, ануляваў дадзенае яму даручэнне.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУСА́ЛАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (22.2. 1922, Тбілісі — 26.1.1982),

бел. дзеяч цыркавога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1949). Працаваў у т-рах і цыркавых аб’яднаннях Масквы, Чэлябінска, Тбілісі, Ульянаўска. З 1959 дырэктар Мінскага, з 1975 рэжысёр-пастаноўшчык Гомельскага, у 1977—82 дырэктар Разанскага цыркаў. З удзелам М. створаны бел. цыркавы калектыў. Адзін з аўтараў цыркавых праграм «Беласнежка і сем гномаў» (1965), «Партызанская балада» (1967) і інш.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БПР (BPR),

першапачаткова ББПР (BBPR), творчы калектыў італьян. архітэктараў 20 ст. Назва ад першых літар прозвішчаў яго членаў: Дж.​Л.​Банфі (1910—45), Л.​Бельджаёза, Э.​Перэсуці, Э.​Н.​Роджэрс. Для творчасці БПР характэрна спалучэнне прынцыпаў рацыяналізму з індывід. выразнасцю пабудоў, імкненне да паэтычнасці агульнага выгляду з улікам нац. традыцый і гіст. асяроддзя (санаторый у Леньяна, 1937—38; помнік ахвярам вайны, 1948, і небаскроб Торэ Веласка, 1956—58, абодва ў Мілане).

Літ.:

Кацнельсон Р.А. Новейшая архитектура Италии. М., 1963.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІТО́ЎСКАЯ КАПЭ́ЛА»,

аркестравы калектыў сярэдзіны 16 — пач. 17 ст.; адзін з найбольш ранніх на тэр. Беларусі. Засн. ў Гродне ў 1543. У 1601 у склад капэлы ўваходзілі 15 музыкантаў і спевакоў: Хакон Бланк, Ян (Ганс) Браўн, Пётр Гертсан (Ортсан), Войцех (Альберт) Кулакоўскі, Мацей Кавянчук, Пётр Лаўрэнцій, Магнус, Ян Міхаловіч, Ян Няркоўскі (Ніркоўскі), Якуб Пэль, Якуб Пташкоўскі, Станіслаў Рагейскі, Эрык Том, Эрык Торсцін, Генрых Фін. Звесткі наконт складу інструментаў і характару рэпертуару не выяўлены.

А.​Л.​Капілаў.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)