МАЛАРАСІ́ЙСКАЯ КАЛЕ́ГІЯ,

цэнтральны орган Рас. імперыі па кіраванні Левабярэжнай Украінай у 1722—27 і 1764—86. Створана паводле ўказа Пятра I ад 27.5.1722 у рэзідэнцыі ўкр. гетманаў г. Глухаў. Падпарадкоўвалася Сенату. Кантралявала і накіроўвала дзейнасць казацкай старшыны. У 1727 заменена адноўленым гетманствам. Адноўлена ў 1764 пасля канчатковага скасавання гетманства. Спыніла дзейнасць 31.8.1786 пасля поўнай ліквідацыі аўтаноміі Левабярэжнай Украіны.

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІ́ТУЛ, капітула (ад лац. capitulum),

1) у каталіцкай і англіканскай цэрквах калегія канонікаў кафедральнага сабора, якая стварае пры епіскапе раду па кіраванні епархіяй. Складаецца з пробашча, дэкана, схаластыка, кантара, кусташа і інш. канонікаў. К. ствараецца таксама ў касцёле, які мае ганаровае званне калегіята і знаходзіцца на іерархічнай лесвіцы паміж кафедральным касцёлам і парафіяльным.

2) У каталіцкіх духоўна-рыцарскіх і манаскіх ордэнах (у т. л. ў грэка-каталіцкім ордэне базыльян) калегія кіруючых асоб ордэна.

т. 8, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРЫ́ (англ. і франц. jury ад лац. juro прысягаю),

1) група спецыялістаў, якая прысуджае ўзнагароды і прэміі на конкурсах, выстаўках, спаборніцтвах і інш. 2) У Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і некат. інш. краінах калегія прысяжных (непрафесіянальных суддзяў), якія ўдзельнічаюць у разглядзе крымін. і грамадз. спраў.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРО́СІЯ,

назва ўкраінскіх зямель ў складзе Рас. імперыі, якая ўжывалася да 1917 у рас. афіц. актах і гістарыяграфіі. Тэрмін «М.» ўпершыню з’явіўся ў 14 ст. як адна з назваў Галіцка-Валынскай зямлі, у 17 ст. пасля далучэння да Расіі Левабярэжнай Украіны (1654—67) ён набыў ва ўрадавых колах афіц. значэнне (існавалі Маларасійская губ., Маларасійская калегія, Маларасійскі прыказ).

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДРАТ (ням. Landrat ад Land зямля, краіна + Rat парада, дарадчык),

1) у Расіі ў 1713—19 саветнік ад дваран павета пры губернатару (у кіраванні губерняй удзельнічала калегія з 8—12 Л.). У 1719 Л. заменены ваяводамі, якія прызначаліся ўрадам.

2) У ФРГ кіраўнік органа мясц. кіравання.

3) Назва заканад. органа ў некаторых кантонах і паўкантонах Швейцарыі (Гларус, Уры, Базель-Ланд, Нідвальдэн, Апенцэль-Інерадэн).

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,

вышэйшая ваен. і адм. ўстанова ў Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. Засн. ў ходзе вызв. вайны 1648—54 укр. народа супраць польскага панавання. Размяшчалася пры рэзідэнцыях укр. гетманаў. Складалася з генеральнай старшыны. У пач. 18 ст. Генеральнай вайсковай канцылярыі перададзена кіраванне Левабярэжнай Украінай. Яе дзейнасць кантралявала Маларасійская калегія. У 1734 пераўтворана ў Праўленне гетманскага ўрада (складалася з трох афіцэраў і трох «выбарных» прадстаўнікоў вышэйшай казацкай старшыны). Ліквідавана пасля скасавання гетманства (1764).

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЖСКАЯ ШКО́ЛА, Грэка-славяна-лацінская калегія,

першая школа вышэйшага ўзроўню на Украіне. Засн. каля 1576 К.В.Астрожскім у мяст. Астрог (цяпер горад у Ровенскай вобл.), вядомая пад назвай «акадэмія». Была асв. цэнтрам антыкаталіцкага кірунку. Выкладалі слав., грэч., лац. мовы, граматыку, арыфметыку, рыторыку, логіку, музыку, харавыя спевы. Першы рэктар — Г.​Сматрыцкі. Пры школе дзейнічалі Астрожская друкарня і навук.-літ. гурток, члены якога выдавалі навуч. дапаможнікі, помнікі грэка-візант. пісьменства, палемічныя творы. Астрожская школа садзейнічала пашырэнню асветы сярод насельніцтва і арганізацыі школ, зрабіла ўплыў на адкрытыя пазней брацкія школы ў Львове, Кіеве, Вільні, Брэсце і інш. Спыніла дзейнасць у 1636.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІСФЕ́Н (Kleisthenēs),

дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі ў 6 ст. да н.э. Паходзіў з арыстакратычнага роду Алкмеанідаў, выгнаных з Афін Пісістратыдамі Пасля выгнання з Афін тырана Гіпія ў 510 да н.э. К. вярнуўся ў Афіны і ўзначаліў афінскі дэмас, апазіцыйны арыстакратам на чале з Ісагорам. У 509—507 правёў шэраг дэмакр. рэформ, паводле якіх Атыка падзелена на 10 тэр. філаў (замест 4 родавых), савет 400 (буле) заменены выбарным саветам з 500 дэлегатаў, створана калегія з 10 стратэгаў, якая ўзяла на сябе ваен. функцыі, уведзена новая форма тайнага галасавання — т.зв. астракізм. Рэформы К. замацавалі перамогу афінскага дэмасу над радавой арыстакратыяй.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРФЮ́РСТЫ (ням. Kurfürsten літар. князі-выбаршчыкі),

у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» князі, якія з 13 ст. мелі права выбіраць герм. караля (імператара). З’явіліся ва ўмовах тэр. раздробленасці сярэдневяковай Германіі і аслаблення тут цэнтр. улады. Правы і асаблівыя прывілеі К. былі аформлены паводле Залатой булы (1356). Яны мелі поўную паліт. самастойнасць у межах імперыі, дыктавалі імператару ўмовы, якія той павінен быў выконваць. У 13 ст. К. былі свецкія князі Саксоніі, Брандэнбурга, Пфальца, кароль Чэхіі, архіепіскапы гарадоў Трыр, Кёльн і Майнц. У 17 ст. правы курфюрства атрымала Баварыя, у 18 ст. — Гановер, у 19 ст. — Вюртэмберг, Бадэн, Гесен-Касель, Зальцбург. Калегія К. перастала існаваць пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806).

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ пры СНК СССР

(АДПУ),

орган па ахове дзярж. бяспекі ў СССР у 1923—34. Створана 2.11.1923 у выніку рэарганізацыі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення РСФСР і ДПУ саюзных рэспублік у сувязі з утварэннем СССР. Паводле Палажэння аб АДПУ ад 15.11.1923 яно стваралася «з мэтай аб’яднання рэв. намаганняў рэспублікі па барацьбе з паліт. і эканам. контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам». Узначальвалі АДПУ Ф.Э.Дзяржынскі, з 1926 В.Р.Мянжынскі. АДПУ кіравала ДПУ саюзных рэспублік і асобымі аддзеламі, а таксама трансп. органамі, аховай граніц СССР, аператыўнай работай у агульнасаюзным маштабе, мела ў распараджэнні асобыя войскі. У 1923 паводле пастановы ЦВК СССР пры АДПУ створана Калегія, або асобая нарада, якая без суда разглядала справы і выносіла рашэнні аб накіраванні ў канцлагеры або расстрэле асоб, прызнаных вінаватымі. Загадам старшыні АДПУ ад 2.2.1930 пры паўнамоцных прадстаўніцтвах АДПУ у рэспубліках і абласцях былі сфарміраваны «тройкі» з такімі ж паўнамоцтвамі. АДПУ скасавана ў выніку рэарганізацыі дзярж. апарату СССР. Замест яго ў сістэме НКУС створана Гал. ўпраўленне дзяржбяспекі.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)