БАЙСЕІ́ТАВА Куляш

(Гульбахрам) Жасымаўна (2.5.1912, г. Алматы — 6.6.1957),

казахская артыстка оперы (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1936). Адна з заснавальніц каз. опернага мастацтва. У 1934—57 салістка Казахскага т-ра імя Абая. Стварыла яркія муз.-сцэн. вобразы ў нац. операх: Кыз-Жыбек, Акжунус («Кыз-Жыбек», «Ер-Таргын» Я.Брусілоўскага), Сары («Біржан і Сара» М.Тулебаева, Дзярж. прэмія СССР 1949). З класічных партый: Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан у аднайм. оперы Дж.Пучыні. Выступала як канцэртная спявачка. Дзярж. прэмія СССР 1948.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМА́НАВА Роза Умбетаўна

(н. 16.4.1928, г. Акцюбінск, Казахстан),

казахская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1959). Скончыла Алма-Ацінскую кансерваторыю (1954), з 1977 выкладае ў ёй (праф. з 1987). У 1962—78 старшыня Казахскага тэатр. т-ва. З 1953 салістка Казах. т-ра оперы і балета. Сярод партый у нац. операх — Кыз Жыбек («Кыз Жыбек» Я.Брусілоўскага), Сара («Біржан і Сара» М.Тулебаева), Ажар («Абай» А.Жубанава і Л.Хамідзі), у класічных — Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж. Пучыні), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Амелія («Баль-маскарад» Дж.Вердзі). Дзярж. прэмія Казахстана 1972.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)