КАВАЛЁЎ (Апанас Фёдаравіч) (15.12.1903, в. Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1993),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Віцебскі каап. тэхнікум (1931), вышэйшыя пед. курсы ў Ленінградзе (1932). З 1926 на сав., каап. і парт. рабоце ў Барысаўскім р-не, Віцебску. У 1937—38 старшыня СНК БССР. У 1939 арыштаваны, у 1941 сасланы ў Омскую вобл. Рэабілітаваны ў 1943. Працаваў у сістэме кааперацыі ў Омскай вобл., Малдаўскай ССР. У 1947—60 нам. старшыні Белкаапсаюза. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, Вярх. Савета СССР у 1937—46. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—39. Аўтар успамінаў «Звон мой — праўда» (1989).

т. 7, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 2.5.1947, в. Новая Вёска Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе. Адначасова ў 1986—94 у апараце Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь, з 1994 у Асацыяцыі камерцыйных банкаў Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па сістэмным аналізе, аптымальным кіраванні, макраэканоміцы, інфарм. тэхналогіях. Распрацаваў шэраг камп’ютэрных сістэм для аналізу, экспертызы і прагнозу развіцця ваен.-эканам. сітуацый.

Тв.:

Дискретная оптимизация. Мн., 1977;

Матроиды в дискретной оптимизации. Мн., 1987, Анализ финансового состояния банка. Мн., 1998 (разам з І.​Ц.​Шыбека).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Піліп Іванавіч) (27.11.1916, в. Гойкаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.3.1944),

удзельнік партыз. руху на тэр. Гомельскай і Магілёўскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, з чэрв. 1942 у тыле ворага ў дыверсійнай групе, з ліп. 1943 камандзір групы падрыўнікоў 255-га партыз. атрада, потым — партыз. палка 255-га. Падрыхтаваў 13 дыверсійных груп, пусціў пад адхон 19 эшалонаў, падарваў 30 аўтамашын з жывой сілай і тэхнікай ворага. Загінуў у баі каля в. Перунава Кіраўскага р-на.

П.І.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Міхаіл Васілевіч) (н. 16.8.1925, в. Дубравіца Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Засл. будаўнік Беларусі (1964). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1954). З 1948 на Мінскім маторарамонтным з-дзе, з 1954 майстар, прараб, нач. буд. ўпраўлення, кіраўнік будтрэста ў Мінску і Салігорску. З 1966 нам. міністра буд-ва БССР. У 1967—77 старшыня Мінскага гарвыканкома, у 1977—78 1-ы нам. старшыні Дзяржплана БССР, з 1978 нам., з 1983 1-ы нам., у 1986—90 Старшыня Савета Міністраў БССР. Чл. ЦК КПБ у 1971—90, ЦК КПСС у 1986—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1970—90, СССР у 1984—91.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Сяргей Валер’евіч) (н. 20.6.1961, г. Магілёў),

бел. пісьменнік, літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1991). Скончыў БДУ (1985). З 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1980. Даследуе праблемы сучаснай бел. паэзіі (зб. арт. «Як пакахаць ружу», 1989; «Партрэт шкла», 1991), шматмоўную л-ру ВКЛ (кн. «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.», 1993). Аўтар п’ес «Драўляны рыцар» (паст. 1988), «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (паст. 1991), «Трышчан, або Блазны на пахаванні» (паст. 1995), «Люстэрка Бландоі» (паст. 1996 пад назвай «Заложніца кахання»), «Саламеі і амараты» (паст. 1996), «Стомлены д’ябал» (паст. 1997), створаных на аснове літ. твораў і фалькл. матэрыяле, і інш. Піша для дзяцей.

Г.​В.​Кажамякін.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Іван Сідаравіч) (29.5.1913, г. Ярцава Смаленскай вобл., Расія — 17.12.1987),

бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1969). Д-р тэхн. н., праф. (1966). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т (1941). З 1947 у тэхн. ВНУ Pacü. З 1962 у БПІ. З 1964 у Мінскім радыётэхн. ін-це (у 1964—73 рэктар). У 1976 у Ін-це тэхн. кібернетыкі, у 1977—84 — Ін-це прыкладной фізікі АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі і аптымізацыі электронных прылад звышвысокіх частот, прыкладной электрадынаміцы, узаемадзеянні эл.-магн. выпрамянення з рэчывам. Распрацаваў шэраг прылад і прыстасаванняў звышвысокіх частот.

Тв.:

Основы теории и расчета устройств СВЧ: Радиоволноводы и резонансные системы. Мн., 1972;

Конструирование и расчет. полосковых устройств. М., 1974 (у сааўт.);

Прикладная электродинамика. Мн., 1978.

М.​П.​Савік.

І.С.Кавалёў.

т. 7, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Мікалай Андрэевіч) (н. 1.6.1937, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1994; чл.-кар. 1992), д-р вет. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1959). З 1964 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага (з 1988 дырэктар). З 1992 акад.-сакратар Аддз. жывёлагадоўлі і вет. медыцыны Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1997 намеснік. Навук. працы па эпізааталогіі прыродна-ачаговых хвароб свойскай і дзікай жывёлы на Беларусі, распрацоўцы экспрэс-метадаў дыягностыкі, спосабаў прафілактыкі і лячэння інфекц. паталогіі жывёл.

Тв.:

Новые методы диагностики зоонозных инфекций. Мн., 1982 (у сааўт.);

Бешенство животных. Мн., 1990 (разам з М.​Р.​Таршысам, П.​П.​Кузняцовым);

Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.).

М.А.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Анатоль Анатолевіч) (н. 13.1.1939, г. Гомель),

бел. фізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1989). Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1961). З 1964 у Ін-це фізікі, з 1971 у Ін-це электронікі Нац. АН Беларусі (з 1982 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, нелінейнай оптыцы вадкіх крышталёў, апрацоўцы аптычнай інфармацыі. Развіў метады кіравання параметрамі выпрамянення цвердацелых лазераў для задач атрымання і апрацоўкі інфармацыі; устанавіў асн. заканамернасці палярызацыі выпрамянення лазераў на фарбавальніках і нелінейна-аптычных з’яў, што ўзнікаюць у вадкакрышт. анізатропных асяроддзях пад уздзеяннем выпрамянення цвердацелых лазераў. Дзярж. прэмія СССР 1985. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Оптические квантовые генераторы с просветляющимися фильтрами. Мн., 1975 (разам з У.​А.​Піліповічам);

Поляризация излучения, генерируемого растворами сложных молекул (з ім жа) // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;

ОВФ в нематиках, активированных красителями, в поле импульсного излучения рубинового лазера (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1995. Т. 22, № 8.

А.А.Кавалёў.

т. 7, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Іван Кірылавіч) (падп. псеўд. Іван Гаўрылавіч, Стрэльскі, Неўскі; 12.6.1906, в. Бабічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 3.2.1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую камуніст. с.-г. школу імя Леніна ў Мінску (1938). З 1940 сакратар Заслаўскага райкома КП(б)Б. У пач. вайны па заданні ЦК КП(б)Б пакінуты ў тыле ворага для падп. работы. Удзельнічаў у стварэнні партыз. атрада каля Асінторфа. З канца жн.пач. вер. 1941 прыступіў да стварэння ў Мінску гар. падп. арг-цыі, з ліст. 1941 сакратар Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, кіраваў падп. барацьбой у горадзе і разгортваннем партыз. руху ў прыгарадных раёнах. У пач. кастр. 1942 арыштаваны гітлераўцамі, падвяргаўся катаванням. Фашысцкія карныя і прапагандысцкія органы з правакацыйнымі мэтамі імкнуліся скампраметаваць падп. гарком і яго сакратара. Паводле звестак падпольшчыкаў, павешаны ў ліку дзесяці кіраўнікоў мінскага падполля на гар. стадыёне «Дынама». Быў ілжыва абвінавачаны ў здрадзе радзіме, у крас. 1990 рэабілітаваны ЦК КПБ.

К.​І.​Дамарад.

І.К.Кавалёў.

т. 7, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Павел Нічыпаравіч) (18.11.1912, в. Склімін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 2.9.1995),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1978). Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі імя Кірава (1936). З 1955 рэдактар час. «Вожык», у 1967—72 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкаваўся з 1943. Звяртаўся да падзей вайны, актуальных тэм сучаснасці, узнімаў маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў «Прага бою» (1945), «У новы дзень» (1952), «Апавяданні» (1956), «Павер, кахаю...» (1969), «Судзі сябе сам» (1992), аповесці «Падзенне Хвядоса Струка» (1967), зб-каў гумару «Пісьмо ў два адрасы» (1959), «Як здароўе, доктар?» (1972), дакумент. аповесці «Дзень першы, ноч апошняя» (1980), аднаактовых п’ес, нарысаў. Пісаў для дзяцей: аповесці «Андрэйка» (1948), «Лёнька Гром» (1961), «Чырвоны лядок» (1969), зб-кі апавяданняў «Згублены дзённік» (1954), «Малы мужчына» (1966), «Жыві сабе, зайчык!» (1975), кн. «Намеснік бабулі» (1992) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1972;

Пакінь нас, трывога. Мн., 1982;

Выбранае Аповесці, апавяданні. Мн., 1987.

М.​П.​Кенька.

П.Н.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)