ПАЎПРАСТО́РА,
сукупнасць пунктаў прасторы, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць Ax + By + Cz + D > 0 (ці Ax + By + Cz + D < 0), дзе A, B, C і D — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама плоскасць (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + Cz + D = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.
т. 12, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРПЕ́ЙСКАЯ СКАЛА́ (Saxum Tarpeium),
у Старажытным Рыме стромкі ўцёс з зах. боку Капіталійскага ўзгорка, з якога скідвалі асуджаных на смерць дзярж. злачынцаў. Паводле аднаго з паданняў, назва паходзіць ад імя Луцыя Тарпея, якога скінулі адтуль за апазіцыю цару Ромулу. Паводле другой версіі, Тарпеяй звалі дачку военачальніка Капіталійскай крэпасці Спурыя Тарпея, якая ў час вайны з сабінамі паказала ворагам патайны ход, за што паплацілася жыццём.
т. 15, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЫНГАМІЭЛІ́Я [ад грэч. syrinx (syringos) трубка, трубчастая поласць + myelos мозг],
хранічная хвароба нерв. сістэмы з пераважным пашкоджаннем спіннога мозга. Характарызуецца разрастаннем гліі і ўтварэннем поласцей у шэрым рэчыве. Найчасцей выяўляецца пасля траўмаў, інфекцый і інш. Тыповая праява С. — пакутлівы боль (звычайна з аднаго боку ў вобласці верхніх канечнасцей, шыі, лапаткі). Прыкметы: расстройствы болевай і тэмпературнай адчувальнасці, парэзы, паралічы, атрафія мышцаў рук, ног. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўтычнае.
т. 14, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНО́ЛЕУМ (ад лац. linum лён, палатно + oleum алей),
палімерны рулонны матэрыял для пакрыцця падлогі.
Паводле зыходнай сыравіны (сувязнага) падзяляюць на полівінілхларыдны, гліфталевы (алкідны Л.), калаксілінавы (нітралінолеум) і гумавы (рэлін). Вырабляюць без асновы (адна- і шматслойны) і на ўмацаванай (тканіннай) або цеплагукаізаляцыйнай аснове. Прамысл. вытв-сць Л. — джутавай тканіны, пакрытай з аднаго боку слоем аксідаванага алею, распачалі ў 1864 у Вялікабрытаніі. Выкарыстоўваюць у буд-ве.
т. 9, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1918.
Падпісаны паміж Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй з аднаго боку і Румыніяй з другога 7.5.1918 у г. Бухарэст (Румынія). Паводле яго Румынія ўступала Аўстра-Венгрыі пагран. ўчасткі (каля 6 тыс. км²), вяртала Балгарыі Паўд. Дабруджу, над Паўн. Дабруджай усталёўвалася сумеснае кіраванне краін герм. блока. Пасля паражэння у 1-й сусв. вайне краін герм. блока Румынія адмовілася ратыфікаваць дагавор і ён быў адменены Версальскім мірным дагаворам 1919.
т. 3, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р 1229, Смаленская гандлёвая праўда,
гандлёвае і паліт. пагадненне паміж Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з аднаго боку і Рыгай і Гоцкім берагам (Готландам) — з другога. Дагавор замацоўваў мірныя добрасуседскія адносіны бакоў, вызначаў меры адказнасці за злачынствы супраць прыезджых, рэгламентаваў парадак разгляду судовых спраў. Усім купцам гарантаваўся вольны гандаль і свабоднае карыстанне воднымі шляхамі па ўсёй Зах. Дзвіне, яе прытоках, па вадзе і па беразе.
Я.А.Юхо.
т. 5, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗІСНАЯ СЕ́ТКА,
сістэма трохвугольнікаў, якая выкарыстоўваецца ў геадэзічных вымярэннях. Забяспечвае пераход з неабходнай дакладнасцю ад непасрэднага вымярэння на мясцовасці кароткага базіса геадэзічнага да больш доўгага (зыходнага) боку аднаго з трохвугольнікаў, якія ўваходзяць у склад самой трыянгуляцыі. Базісная сетка будуецца ў тых выпадках, калі непасрэднае вымярэнне зыходных бакоў трыянгуляцыі немагчымае ці нерэнтабельнае. Звычайна форма базіснай сеткі блізкая да ромба, малая дыяганаль якога служыць базісам, а большая — зыходным бокам трыянгуляцыі.
т. 2, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДАГАВО́Р 1955 аб аднаўленні незалежнай і дэмакратычнай Аўстрыі.
Заключаны 15.5.1955 у Вене СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй з аднаго боку і Аўстрыяй — з другога. Набыў сілу 27.7.1955. Уключае абавязкі вял. дзяржаў паважаць незалежнасць і тэр. цэласнасць Аўстрыі ў граніцах на 1.1.1938, забараняе далучэнне Аўстрыі да Германіі (аншлюс), абавязвае ўрад Аўстрыі не дапускаць дзейнасці фаш. арг-цый і забяспечваць дэмакр. свабоды. 26.10.1955 аўстр. парламент прыняў канстытуцыйны закон аб пастаянным нейтралітэце Аўстрыі.
т. 6, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЗДЭНСКІ МІР 1745.
Заключаны 25.12.1745 y Дрэздэне паміж Прусіяй (кароль Фрыдрых II) з аднаго боку, Аўстрыяй (эрцгерцагіня Марыя Тэрэзія) і Саксоніяй (курфюрст Аўгуст III) — з другога. Завяршыў 2-ю Сілезскую вайну (гл. Сілезскія войны) — частку вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. Паводле яго Аўстрыя ўступіла Прусіі амаль усю Сілезію, а Фрыдрых II пагадзіўся прызнаць герм. імператарам мужа Марыі Тэрэзіі Франца Стафана Латарынгскага. Умовы Д.м. пацвердзіў Ахенскі мірны дагавор 1748.
т. 6, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКТЭА́Т (ад лац. bractea тонкая бляха),
сярэбраная манета, якую ў 12—14 ст. чаканілі на тонкім манетным кружку толькі з аднаго боку (верхнім штэмпелем) так, што малюнак на ёй атрымліваўся на аверсе выпуклы, на рэверсе ўвагнуты. З’явіўся ў краінах Зах. Еўропы ў выніку змяншэння масы дэнарыя ў канцы 11 ст. Сярэдневяковаму брактэату папярэднічалі залатыя брактэаты ў ант. Грэцыі (4—2 ст. да н.э.), брактэаты — упрыгожанні герм. плямёнаў (5—6 ст.).
т. 3, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)