КРЭВЕ́ (Krévé; сапр. Міцкявічус) Вінцас
(19.10.1882, в. Субартоніс Варэнскага р-на, Літва — 7.7.1954),
літоўскі пісьменнік, фалькларыст. У 1904—08 вучыўся ў Львоўскім і Кіеўскім ун-тах. У 1922—40 праф. Каўнаскага ун-та. У 1940 нам. прэм’ер-міністра і міністр замежных спраў Нар. ўрада Літвы. У 1941 прэзідэнт АН Літвы. З 1944 жыў у Аўстрыі, ЗША. Друкаваўся з 1909. У літ. легендах «Паданні Дайнаўскай даўніны» (1912), гіст. драмах «Шарунас» (1911), «Скіргайла» (паст. 1924) адлюстраваў гіст. мінулае літ. народа, у кн. апавяданняў «Пад саламяным дахам», драм. аповесці «Зяць» (абедзве 1922), аповесці «Вядзьмар» (1939) — вясковы побыт, непарыўную сувязь чалавека і прыроды. Яго творы спалучаюць рамантычнасць і экзатычнасць, фалькл. стылізацыю і інтэрпрэтацыю біблейскіх сюжэтаў з элементамі крытычнага рэалізму, псіхал. і побытавай дакладнасцю. Збіраў і публікаваў літ. фальклор. Выкарыстоўваў матывы інд. і перс. легенд («Усходнія казкі», 1930). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Кенька.
Тв.:
Рус. пер. — Колдун: Рассказы и повесть. М., 1963.
т. 8, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1240,
бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі 15 ліп. ў сутоках р. Нява і Іжора. Шведы планавалі захапіць вусце Нявы і г. Ладага, каб мець магчымасць авалодаць важным участкам шляху з «варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада. Разам са шведамі ў паходзе ўдзельнічалі нарвежцы і фіны. Войска ўзначальваў ярл (князь) Біргер (зяць караля Эрыка XI, фактычны правіцель Швецыі). Наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч на чале невял. коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан рушыў да Нявы, раптоўна і нечакана напаў на праціўніка. У выніку шведскае войска было разгромлена. Наўгародцы, іжорцы і ладажане страцілі 20 чал. Вядомы імёны 6 найб. храбрых воінаў, сярод якіх Якаў Палачанін, лоўчы князя, які з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко». Пасля Н.б. Аляксандра Яраславіча сталі называць Неўскім (гл. Аляксандр Неўскі).
Літ.:
Пашуто В.Т. Героическая борьба русского народа за независимость (XIII в.). М., 1956;
Тихомиров М.Н. Борьба русского народа с немецкими интервентами в XII—XV вв. // Тихомиров М.Н. Древняя Русь. М., 1975.
т. 11, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн. Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г. — Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн. Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн. Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн. Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял. кн. ВКЛ Вітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.
Л.У.Калядзінскі.
т. 4, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)