ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,

сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.

Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБАРЦУМЯ́Н (Віктар Амазаспавіч) (н. 18.9.1908, Тбілісі),

армянскі астраном і фізік; заснавальнік сав. тэарэт. астрафізікі. Акад. АН СССР (1953) і АН Арменіі (1943). Герой Сац. Працы (1968, 1978). Замежны чл. АН многіх краін. Скончыў Ленінградскі ун-т (1928). Стваральнік і дырэктар Бюраканскай астрафіз. абсерваторыі (1946). З 1947 прэзідэнт АН Арменіі. Навук. працы па фізіцы зорак і туманнасцяў, зорнай дынаміцы, пазагалактычнай астраноміі, касмагоніі, ядз. і тэарэт. фізіцы. Адкрыў і даследаваў зорныя сістэмы новага тыпу (т.зв. зорныя асацыяцыі). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.

Тв.:

Проблемы современной космогонии. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.).

В.А.Амбарцумян.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІРЫ́ДЫ,

метэорны паток з радыянтам у сузор’і Ліры. Вядомы з 687 да н.э. Звязаны з каметай 1861 I. Назіраецца штогод каля 21 красавіка. Л. давалі вял. зорныя дажджы ў 1803, 1922, 1958.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫ ЧАС,

сістэма адліку часу, у якой працягласць сутак вызначаецца па кульмінацыях пункта вясенняга раўнадзенства ў месцы назірання (гл. Зорныя суткі). Роўны прамому ўзыходжанню (у гадзіннай меры) нябеснага свяціла ў момант яго верхняй кульмінацыі. Выкарыстоўваецца ў астраноміі.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЗНІК (лац. Auriga),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Капэла (α Возніка) 0,1 візуальнай зорнай велічыні, 90 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У сузор’і ёсць падвойныя зоркі, зорныя скопішчы. На тэр. Беларусі відаць увесь год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Вознік.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНАЕ НЕ́БА,

сукупнасць касмічных аб’ектаў (пераважна зорак), бачных з Зямлі на начным небе. Пры найлепшых умовах назірання простым вокам можна бачыць адначасова каля 2,5 тыс. зорак, у т. л.: 1-й зорнай велічыні — 13, 2-й — 40, 3-й —100, 4-й — 500, 5-й — 1600 і г.д. Большасць зорак размешчана паблізу Млечнага Шляху, а ўсяго на небе (у абодвух паўшар’ях) налічваецца каля 6 тыс. зорак да 6-й зорнай велічыні. Для зручнасці арыенціроўкі З.н. ўмоўна падзелена на 88 участкаў — сузор’яў (гл. табл.). Падзел зорак на сузор’і (у т. л. Задыяк) адносіцца да глыбокай старажытнасці. Яркія зоркі ў сузор’ях абазначаюцца літарамі грэч. алфавіта (некаторыя з іх маюць уласныя назвы); больш слабыя — лічбамі; аднесеныя да пэўнага тыпу (напр., пераменныя) — вял. лацінскімі літарамі. Яшчэ больш слабыя зоркі абазначаюцца назвай каталога і нумарамі, пад якімі яны значацца ў каталозе. Большасць аб’ектаў З.н. мс на назіраць толькі з дапамогай тэлескопаў. Яны даюць магчымасць выяўляць зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі, туманнасці галактычныя, галактыкі, квазары, скопішчы галактык і інш.; целы Сонечнай сістэмы: планеты, спадарожнікі планет, малыя планеты, каметы; штучныя касм. аб’екты: штучныя спадарожнікі Зямлі, касм. зонды і інш. Некат. з пералічаных аб’ектаў можна назіраць і простым вокам, напр., рассеяныя зорныя скопішчы Плеяды і Гіяды ў сузор’і Цяльца, Яслі ў сузор’і Рака; шаравыя зорныя скопішчы ў сузор’ях Тукана і Цэнтаўра; галактычную туманнасць у сузор’і Арыёна; галактыкі ў сузор’і Андрамеды; Вял. і Малое Магеланавы Воблакі; планеты: Венеру, Юпітэр, Марс, Сатурн, Меркурый, Уран; малую планету Весту, каметы; найб. яркія ШСЗ. Удзень, акрамя Сонца, на небе простым вокам відаць толькі Месяц і Венера. Выгляд З.н. бесперапынна мяняецца з прычыны бачнага сутачнага вярчэння нябеснай сферы, абумоўленага вярчэннем Зямлі, а таксама павольна мяняецца з прычыны абарачэння Зямлі вакол Сонца. Карту З.н. гл. на ўклейцы.

Літ.:

Дагаев М.М. Наблюдения звездного неба. 6 изд. М., 1988;

Зигель Ф.Ю. Сокровища звездного неба: Путеводитель по созвездиям и Луне. 5 изд. М., 1986.

Я.​У.​Чайкоўскі.

т. 7, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯ́ЗАНЫ СТАН,

стан сістэмы часціц (цел), пры якім іх адносны рух адбываецца ў абмежаванай прасторы на працягу прамежкаў часу, большых за характэрныя для гэтай сістэмы перыяды. Для ўтварэння З.с. неабходна існаванне сіл прыцяжэння паміж усімі (або асобнымі) часціцамі сістэмы на некат. адлегласцях паміж імі. Прыклады З.с.: элементарныя часціцы (адроны і рэзанансы), ядры атамныя, атамы, малекулы, падвойныя зоркі, зорныя скопішчы, планетныя сістэмы.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫ́РАЎ (Пірымкул) (н. 24.9.1928, кішлак Кенгкол Ура-Цюбінскага р-на Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),

узбекскі пісьменнік. Скончыў Ташкенцкі ун-т (1951). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў «Студэнты» (1957), «Сонца ў крыві» (1963), аповесцей «Вольнасць» (1970), «Легенда» (1981), раманаў «Тры карані» (1958), «Чорныя вочы» (1966), «Алмазны пояс» (1977), «Зорныя ночы» (1979), у якіх узнімае надзённыя праблемы сучаснасці, раскрывае духоўны свет інтэлігенцыі, працаўнікоў вёскі. Аўтар кнігі нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Роздум» (1971).

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛО́Г (ад грэч. katalogos пералік, спіс),

сістэматызаваны пералік прадметаў (кніг, рукапісаў, экспанатаў, тавараў і інш.), падабраных па пэўнай прыкмеце і размешчаных у канкрэтна-вызначаным парадку, што аблягчае іх пошук. Даведачнае выданне аналагічнага характару (напр., К. выставак маст. твораў, К. марак і інш.). Можа быць у выглядзе картак, кніг, альбомаў (часам ілюстраваных), камп’ютэрных звестак. К. бібліятэчны — пералік твораў друку, што ёсць у бібліятэцы. Паводле сваёй структуры падзяляецца на алфавітны, сістэматычны, прадметны, нумарацыйны і інш., паводле прыналежнасці — чытальніцкі і службовы, па ахове фонду — ген., спец., зводны. Існуюць таксама К. краязнаўчыя, мясц. друку, зорныя каталогі.

т. 8, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЕЛА́Н, Магальяінш (партуг. Magalhães, ісп. Magallanes) Фернан (каля 1480, г. Саброза, Партугалія — 27.4.1521), партугальскі мараплавец, экспедыцыя якога ажыццявіла першае кругасветнае плаванне. У 1519—21 узначаліў іспанскую экспедыцыю (5 суднаў, 265 чал.) у пошуках зах. шляху да Малукскіх а-воў. Абследаваны паўд. берагі Паўд. Амерыкі, адкрыты праліў паміж Вогненнаю Зямлёю і мацерыком (гл. Магеланаў праліў), 3 астравы з групы Марыянскіх (у т. л. в-аў Гуам), перасечаны Ціхі ак. (1520, назву далі спадарожнікі М.). Экспедыцыя М. назірала зорныя сістэмы (гл. Магеланавы Воблакі) і сузор’е Паўд. Крыж; даказала шарападобнасць Зямлі, наяўнасць Сусветнага ак., атрымала ўяўленне пра памеры Зямлі. М. забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам в-ва Мактан (Філіпінскія а-вы). У Іспанію вярнуўся адзін карабель пад кіраўніцтвам Х.​С.​Элькана.

Ф.Магелан.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)