1) серыя сав. (рас.) касм. караблёў (КК) аднаразовага выкарыстання для арбітальных палётаў вакол Зямлі; праграма іх распрацоўкі (з 1962) і запускаў (з 1966). Прызначаліся для вырашэння тэхн. і навук. задач у каляземнай касм. прасторы, дастаўкі экіпажаў (1—3 чал.) на борт арбітальных станцый і вяртання касманаўтаў на Зямлю; былі і беспілотныя мадыфікацыі. У 1967—81 на арбіты выведзены 40 «С.», у т. л. 2 беспілотныя. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «С.» да 6,9 т, даўж. 7,2 м, дыяметр 2,7 м.
Аб’ём жылых адсекаў 10,45 м³. Плошча панэлей сонечных батарэй да 14 м². Працягласць аўтаномнага палёту да 30 сут, у складзе арбітальнага комплексу — да 180 сут. На арбіту выводзіцца аднайм. ракетай-носьбітам з касмадрома Байканур.
Складаецца з 3 адсекаў, якія злучаны паміж сабой і аддзяляюцца пры пасадцы: спускальны апарат, дзе знаходзіцца экіпаж у час старту, стыкоўкі, расстыкоўкі і пасадкі; арбітальны (бытавы) адсек са стыковачным агрэгатам; прыборна-агрэгатны адсек з рухальнай устаноўкай. На базе «С.» распрацаваны КК «С. Т» (запускі ў 1979—86) і «С. ТМ» (з 1986) для дастаўкі экіпажаў адпаведна на арбітальныя станцыі «Салют» і «Мір» і вяртання касманаўтаў на Зямлю. «С. ТМ» выкарыстоўваецца як карабель-выратавальнік для Міжнар.касм. станцыі. Запушчаны 15 «С. Т» і 32 «С. ТМ» (2000). На аснове «С.» створаны таксама грузавы трансп.КК «Прагрэс».
2) Сав. (рас.) 3-ступеньчатыя ракеты-носьбіты (РН) для вывядзення на каляземныя арбіты пілатуемых і аўтам.касм. апаратаў. Стартавая маса (разам з КК) ~310 т, макс маса карыснага грузу ~7 т. Пры дапамозе РН «С.» з 1966 выводзіліся ў космас некаторыя ШСЗ серыі «Космас», цяпер выводзяцца КК «С.» і «Прагрэс». Запускаюцца з касмадромаў Байканур і Плясецк. РН «С.» з дадатковай 4-й ступенню, якая выкарыстоўвалася з 1961 для запуску ў космас некаторых касм. апаратаў серый «Венера», «Зонд», «Космас, «Маланка», «Марс», «Месяц», «Прагноз», называлася РН «Маланка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦ,
адзіны натуральны спадарожнік Зямлі, астр. знак . Другое па яркасці пасля Сонца свяціла (поўны М. свеціць у 465 тыс. разоў слабей за Сонца). Дыяметр 3476 км, маса 7,35∙1022кг (у 81 раз меншая за зямную); сярэдняя шчыльнасць 3343 кг/м³ (0,607 сярэдняй шчыльнасці Зямлі). Арбіта з эксцэнтрысітэтам 0,045 нахілена пад вуглом 5°9′ да экліптыкі. Сярэдняя адлегласць ад Зямлі 384,4 тыс.км. Перыяды абарачэння М. вакол сваёй восі і вакол Зямлі (сідэрычны месяц — 27,3217 сут) супадаюць, таму М. павернуты да Зямлі адным бокам. Але ў выніку лібрацыі Месяца з Зямлі назіраецца каля 60% яго паверхні. Адваротны бок М. ўпершыню сфатаграфаваны ў 1959 сав.аўтам. станцыяй «Месяц-3». Змена фаз Месяца, якія вызначаюцца ўзаемным становішчам М., Зямлі і Сонца, адбываецца з перыядам у 29,5306 сут (сінадычны месяц). Сіла цяжару на М. ў 6 разоў меншая, чым на Зямлі.
Паверхня М. падзяляецца на «моры» і «мацерыкі». Светлыя ўчасткі паверхні наз. «мацерыкамі», займаюць 60% плошчы. Гэта няроўныя, гарыстыя раёны з вял. канцэнтрацыяй кратэраў розных памераў (у большасці метэарытнага паходжання, ёсць і вулканічныя). 40% паверхні — «моры»: упадзіны, запоўненыя цёмнай лавай і пылам; напластаванні асобных лававых патокаў утвараюць валы і грады, у многіх месцах праяўляюцца разломы і расколіны. «Мацерыкі» перасечаны горнымі хрыбтамі, размешчанымі ўздоўж узбярэжжа «мораў». Найб. вышыня месяцавых гор дасягае 9 км. Паверхневы слой М. складаецца з раздробленых парод — рэгаліту (таўшчынёй да дзесяткаў метраў). Месяцавы грунт шэра-бурага колеру, адбівальная здольнасць 5—20%, складаецца з часцінак сярэдняга памеру 0,08—0,10 мм Аналіз месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, паказаў, што яны не падвяргаліся ўздзеянню вады. Атмасфера М. вельмі разрэджаная: канцэнтрацыя атамаў і малекул прыблізна ў 109 разоў меншая, чым у зямной атмасферы на ўзроўні мора. Яна фарміруецца ў выніку ўздзеяння на месяцавы грунт светлавых і цеплавых фатонаў сонечнага выпрамянення. Асн. газы ў атмасферы — неон, вадарод, гелій, аргон. Сутачныя перапады т-р ад 101 °C да -153 °C. Ва ўзорах месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, адсутнічаюць якія-н. мікраарганізмы ці сляды іх жыццядзейнасці. Відаць, стэрылізаваны радыяцыяй і вял. перападамі т-р паверхневы грунт пазбаўлены жыцця. Існуюць розныя гіпотэзы паходжання М., канчаткова гэта праблема не вырашана. М. даследуецца аптычнымі і радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. З 1959 (першая сав.аўтам. станцыя «Месяц-1») пачаліся даследаванні М. сав.аўтам. станцыямі серыі «Зонд», «Месяц», амер.аўтам. станцыямі і пілатуемымі караблямі серый «Сервеер», «Лунар Орбітэр», «Апалон», «Лунар Праспектар». Першы чалавек ступіў на паверхню М. 21.7.1969 (Н.Армстранг).
Літ.:
Фрондел Д.У. Минералогия Луны: Пер. с англ.М., 1978;
Черкасов И.И., Шварев В.В. Грунтоведение Луны. М., 1979;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Маров В.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд Месяца.Да арт.Месяц. Кратэр Капернік («Апалон-17», 1972, ЗША).