БАРКІ́,

курганны могільнік крывічоў (8—9 ст.), гарадзішча жал. веку і селішча 11—12 ст. каля в. Баркі Полацкага р-на. На могільніку даследавана 9 курганоў, у т. л. доўгі. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам на грунце. У шэрагу выпадкаў рэшткі крэмацыі змешчаны ў ямцы, накрытай гаршком. Знойдзены ўпрыгожанні (бронзавыя падвескі, грыўня, бранзалеты, шкляныя пацеркі і інш.), ляпныя гаршкі. Доўгі курган — пусты (кенатаф).

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕО́ПТЫЛЬ (ад грэч. koleos ножны, футарал + ptilon пяро),

калеоптыле, похвенны ліст першы ліст злакаў. Мае выгляд замкнёнай трубкі, дзе змешчаны малады праростак, ліставыя зачаткі (першы — пёрка) і конус нарастання, якія ён ахоўвае ад пашкоджання; не мае ліставой пласцінкі. Пры прарастанні зярняўкі К. прабівае глебу цвёрдай верхавінкай, разрываецца і праз прарыў выходзіць першы зялёны ліст (развіваецца з пёрка), потым К. засыхае.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІНА,

археалагічныя помнікі (2 селішчы, бескурганны могільнік) ранняга жалезнага веку каля в. Вароніна Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. На селішчах знойдзены фрагменты грубаляпной і чорнаглянцаванай керамікі зарубінецкай культуры і ляпной керамікі сярэднявечча. На могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змешчаны ў прадаўгаватых або круглых ямах. Пахавальны інвентар — драцяныя фібулы, бронзавыя шпількі, спіралепадобныя бранзалеты, жал. кольцы, нажы, спражкі і інш., гліняныя, пераважна глянцаваныя, пасудзіны розных форм.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,

1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып. — апісанне Крычаўскага графства А.​Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.​Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчык асн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.

2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.

М.​Ф.​Шумейка, І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРБЕ́РАЎ (Хрыста Хрыстаў) (28.8.1935, Сафія — 23.12.1967),

балгарскі публіцыст, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). Першы ў Балгарыі пачаў перакладаць бел. прозу з арыгінала. На балг. мову пераклаў некаторыя вершы А.​Куляшова («Выбраныя вершы і паэмы», Сафія, 1963, разам з Н.​Вылчавым), П.​Броўкі, раман І.​Шамякіна «Сэрца на далоні» (Сафія, 1965). У анталогіі «Беларускія апавяданні» (1968) у яго перакладзе змешчаны творы 29 бел. аўтараў. Пераклады Бярберава вызначаюцца высокім маст. узроўнем.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАЙКЕ́ВІЧ (Ян Андрэй Гінтоўскі) (1599 ці 1609—1674),

бел. і польскі пісьменнік, педагог, царкоўны дзеяч. Са шляхецкага роду Андрайкевічаў герба «Побуг» Ваўкавыскага пав. Быў рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума. Аўтар «Мемарыяла бессмяротнай памяці...» (Вільня, 1667), дзе змешчаны партрэты і гербы Сапегаў, а таксама твора «Гарчычнае зерне горкай пакуты... Хрыста...» (Вільня, 1673), перавыдадзенага ў Вільні (1688, 1757), Замосці (1701), Калішы (1746, 1756), Кракаве (1881); у 1719 перакладзены на ням. мову.

У.​Г.​Кароткі.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАЙНІХО́Н СІ»

(«Гісторыя вялікай Японіі»),

калектыўны шматтомны гіст. яп. твор. Складзены ў асноўным у 1657—1720 у княстве Міто па даручэнні кн. Міцукуні Такугава [1628—1700), завершаны ў 1906. Асвятляе паліт. гісторыю Японіі ад старажытнасці да 15 ст. (барацьбу князёў супраць сёгунаў з дынастыі Такугава за вяртанне ўлады імператару). У 1-м выданні змешчаны 243 кнігі (73 тэксты і 170 біяграфій), пазней дапоўнены табліцамі і матэрыяламі (153 кнігі). Неаднаразова перавыдаваўся.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (сапр. Пракоф’еў) Аляксандр Аляксандравіч

(13.4.1923, С.-Пецярбург — 10.1.1960),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1948). Аўтар зб-каў вершаў «Зорка пакаленняў» (1959) і «Сонца Ленінграда» (1961). Перакладаў на рус. мову творы ўкр., эст., чэшскіх і інш. паэтаў. Першыя пераклады з бел. паэзіі змешчаны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (Л., 1948). Пераклаў паэму «Безназоўнае» і шмат вершаў Я.​Купалы, асобныя творы П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка, М.​Лужаніна, В.​Віткі і інш.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1729?—46? у г. Пінск Брэсцкай вобл. Належала езуітам. Выпускала кнігі на лац. і польскай мовах (вядома 8 назваў, ёсць звесткі яшчэ пра 3): літургічныя выданні, панегірыкі, казанні, белетрыстычныя зб-кі «Усякай усячыны», складзеныя смаленскім кашталянам паэтам К.​Несялоўскім. У зб-ках змешчаны вершы складальніка, дакумент. і эпісталярныя матэрыялы, легенды, апокрыфы, эпітафіі і інш.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.

т. 12, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Маці-гераіня» (у арт. змешчаны спіс маці-гераінь па Беларускай ССР) 4/543; 7/98—105; 11/640; 12/365

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)