апаратура, прызначаная для стварэння, падтрымання, выкарыстання і вымярэння вакууму. Да вакуумнай тэхнікі адносяцца металічныя (часам шкляныя) вакуумныя ўстаноўкі (рабочыя камеры) з вакуумнымі помпамі; вакуумная арматура (клапаны, вентылі, краны, засаўкі, нацякальнікі і інш.); сродкі вымярэння ціску (вакуумметры), цечашукальнікі (заснаваныя на выяўленні пробных рэчываў).
Устаноўкі абсталёўваюць таксама вакуумнымі пячамі, вакуумфільтрамі, электрычнымі, электроннымі і інш. прыладамі. Вял. значэнне ў вакуумнай тэхніцы маюць вакуумна-шчыльныя злучэнні (раздымныя, паяныя, зварныя). Вакуумная тэхніка шырока выкарыстоўваецца ў электроніцы (напр., вакуумная напыляльная тэхніка), фізіцы цвёрдага цела і плазмы, ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, металургіі (гл.Вакуумная металургія), розных тэхнал. працэсах (пры вакуумаванні бетону, сталі і матэрыялаў, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, нанясенні на вырабы вакуумных пакрыццяў, зварцы і пайцы металаў, сушцы метадам сублімацыі тэрмаадчувальных рэчываў, атрыманні звышчыстых матэрыялаў і інш.). У вял. вакуумных камерах імітуюць умовы касм. прасторы.
Літ.:
Розанов Л.Н. Вакуумная техника. М., 1982;
Кузьмин В.В., Левина Л.Е., Творогов И.В. Вакуумметрическая аппаратура техники высокого вакуума и течеискания. М., 1984.
У.М.Сацута.
Да арт. Вакуумная тэхніка. Вакуумныя помпы: а — эжэктарная (струменная); б — крыягенная з аўтаномным халадзільным прыстасаваннем.Да арт. Вакуумная тэхніка. Электронны іанізацыйны вакуумметр: 1 — калектар; 2 — анод; 3 — катод.Да арт. Вакуумная тэхніка. Вакуумна-шчыльныя злучэнні: а — раздымныя з эластычнай пракладкай (1 — пракладка, 2 — фланцы); б — паяныя (1, 3 — злучальныя дэталі; 2 — прыпой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ ВЯЛІ́КІХ ПАЎША́Р’ЯЎгалаўнога мозга,
верхні слой шэрага рэчыва на бакавой і медыяльнай паверхні і на аснове паўшар’яў галаўнога мозга чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл; найвышэйшы аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы. Складаецца з нерв. клетак (нейронаў, каля 10 млрд.), іх адросткаў (нерв. валокнаў) і прамежкавай тканкі (нейрагліі). Таўшчыня кары на розных участках паўшар’яў ад 1,3 да 5 мм; плошча паверхні ў чалавека да 0,22 м².
На паверхні кары — барозны і звіліны. Асн. 3 баразны: цэнтр., латэральная і цемянна-патылічная. Барозны падзяляюць паўшар’і на лобную, цемянную, сківічную і патылічную долі; вылучаюць таксама 5-ю астраўковую долю. Нерв. клеткі кары маюць розную форму (зорчатыя, верацёнападобныя, павукападобныя, гарызантальныя, пірамідныя), велічыню (шыр. 5—50 мкм, даўж. 10—130 мкм), колькасць і даўжыню адросткаў; на розных яе ўзроўнях групуюцца ў пласцінкі або слаі. Найб. тыповыя гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца), размешчаныя ў 5-м слоі пярэдняй цэнтр. звіліны. Ад кожнага цела гэтых клетак адыходзяць кароткія адросткі — дэндрыты і адзін доўгі нейрыт (аксон), які дае пачатак рухальным праводным шляхам. Адросткі нерв. клетак ідуць у глыбіню мозга і ўтвараюць яго нервова-валакністы кампанент — белае рэчыва, валокны якога па даўжыні, сувязях і функцыі падзяляюцца на злучальныя (асацыяцыйныя. звязваюць асобныя ўчасткі кары аднаго паўшар’я), спаечныя (камісуральныя, аб’ядноўваюць кару розных паўшар’яў), праекцыйныя (правадніковыя, звязваюць кару паўшар’яў з ядрамі ніжэйшых аддзелаў цэнтр.нерв. сістэм — з падкоркавымі ядрамі, ствалавой ч. галаўнога мозга і ядрамі спіннога мозга). Самая стараж.ч. кары — палеакортэкс, складаецца з адной пласцінкі клетак, займае 0,6% ад пл. кары; уласна старая кара, або архікортэкс — з 2—3 слаёў (2,2% ад пл. кары), новая кара ці неакортэкс — з 6 пласцінак (95,6% плошчы). Паміж новай і старой карой ёсць прамежкавая, або мезакортэкс, з 4—5 пласцінак (1,6% плошчы). У залежнасці ад будовы нерв. клетак, іх прасторавых суадносін і лакалізацыі функцый у кары паўшар’яў вылучаны 52 палі — мазгавыя цэнтры (коркавыя ядры), месцы вышэйшага аналізу і сінтэзу нерв. імпульсаў. У архітэктоніку (слаістую будову) таксама ўключаюць міэла-, ангія- і гліяархітэктоніку. Лакалізацыя функцый (прывязка да палёў) адносная, чым тлумачыцца магчымасць частковай кампенсацыі страчаных функцый. Пры парушэннях участкаў кары сімптомы раздражнення яе аддзелаў выяўляюцца прыпадкамі: лакалізаванымі сутаргавымі (маторнымі), бяссутаргавымі (сенсорнымі, вегетатыўна-вісцэральнымі, з псіхапаталаг. выявамі) ці паліморфнымі. Сімптомы выпадзення (выключэнне функцый) аддзелаў кары могуць суправаджацца парэзамі (паралічамі), расстройствамі органаў пачуццяў, мовы, псіхікі. Дыфузнае пашкоджанне кары ў дародавы або ранні дзіцячы перыяд прыводзіць да затрымкі псіхамоўнага развіцця ці алігафрэніі, у больш позні час — да дэменцыі (прыдуркаватасці).
Літ.:
Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;
Шаде Дж., Форд Д. Основы неврологии: Пер. с англ.М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́Л (ад лац. canalis труба, жолаб) у гідратэхніцы, штучнае рэчышча (вадавод) правільнай формы ў грунтавой выемцы або насыпе з безнапорным рухам вады; від гідратэхнічных збудаванняў. У папярочным сячэнні маюць трапецаідальную і паліганальную (у мяккіх грунтах), прамавугольную (у скальных пародах) і інш. формы. Памеры сячэння вызначаюць гідраўл. разлікам па прапускной здольнасці, дапушчальных скарасцях (якія не размываюць і не заглейваюць рэчышча) і г.д. Адкосы і дно ўмацоўваюць бетоннымі і гравійнымі пакрыццямі, каменным машчэннем (накідам), фашынна-галлёвым і плятнёвым мацаваннем, грунтавымі і плёначнымі экранамі, дзернаваннем і інш. На К. будуюць шлюзы, на К. з мех. пад’ёмам вады — помпавыя станцыі, у месцах перасячэння з вадатокамі — акведукі, дзюкеры, трубы, з шляхамі зносін — масты, віядукі, тунэлі, у месцах рэзкіх пераломаў рэльефу — спалучальныя збудаванні (перапады, быстратокі, пераходы), а таксама рэгуляцыйныя збудаванні.
К. бываюць: суднаходныя (злучальныя — злучаюць паміж сабой суднаходныя рэкі і азёры, моры; абводныя — для абыходу неспрыяльных участкаў воднага шляху; спрамляльныя — для скарачэння даўжыні звілістага шляху; падыходныя — для падыходу суднаў да партоў, гарадоў; энергетычныя (дэрывацыйныя — падводзяць ваду да гідраэлектрычных станцый, адводныя — адводзяць яе ад турбін); арашальныя, або ірыгацыйныя (сістэма магістральных, размеркавальных, уласна арашальных і вадаскідных К. для падачы вады на арашальныя землі); асушальныя (сістэма магістральных, падвадных, адводных, нагорна-лоўчых, скідных К., збіральнікаў, асушальнікаў для збору і адводу вады з забалочаных і залішне ўвільготненых тэрыторый); водаправодныя (для падачы вады ад крыніцы водазабеспячэння да прамысл. раёна, горада); абвадняльныя (забяспечваюць патрэбы с.-г. спажыўцоў, у асн. жывёлагадоўлі, у бязводных і засушлівых раёнах); лесасплаўныя, рыбаводныя і інш. Большасць К. комплекснага прызначэння. Буд-ва арашальных К. пачалося за 4400 г. да н.э. ў Егіпце, суднаходных — з 6 ст. да н.э. (К. ад Ніла да Чырвонага мора). Распачата да н.э. і ў 7 ст. закончана буд-ва часткі Вялікага канала ў Кітаі. У 8—6 ст. да н.э. арашальныя К. будавалі ў Харэзме, Урарту, у 12—13 ст. у Грузіі. У сярэдневякоўі суднаходныя К. будавалі пераважна ў Галандыі, Францыі, Англіі. Найб. значныя каналы міжнародныя — Суэцкі канал, Панамскі канал; пабудаваныя ў СССР — Беламорска-Балтыйскі канал. Волга-Данскі суднаходны канал, канал імя Масквы, Каракумскі канал.
На Беларусі адзін са старэйшых Агінскі канал; суднаходныя Дняпроўска-Бугскі канал і Мікашэвіцкі канал. З К. і вадасховішчаў складаюцца Вілейска-Мінская водная сістэма і Сляпянская водная сістэма. На вял.ЦЭС (Лукомскай, Бярозаўскай) па К. падводзіцца або скідваецца вада для ахаладжэння энергет. установак. Аўгустоўскі і Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) К. страцілі гасп. значэнне. У раёнах масавага асушэння зямель вял. колькасць меліярац. К., сярод якіх вылучаюць самацёчныя (для скіду лішняй вады з с.-г. плошчаў) і падвадныя (для падачы вады ў наліўныя вадасховішчы, на арашэнне, абвадненне). Агульная даўжыня К. адкрытай асушальнай сеткі на Беларусі (1997) каля 160 тыс.км, больш за 16 тыс.км рэчышчаў (ці іх участкаў) малых і сярэдніх рэк каналізавана.
Г.Г.Круглоў, А.А.Макарэвіч.
Да арт.Канал. Найбольш пашыраныя формы папярочнага сячэння: а — трапецаідальная; б — поліганальная; в — прамавугольная; г — парабалічная. Мацаванне адкосаў і дна меліярацыйных каналаў; д — каменнай адмосткай (1 — адмостка, 2 — дзёран); е — жалезабетоннымі плітамі (1 — пліты і П-падобныя распоркі, 2 — засыпка грунтавая, 3 — дзёран); ж — камянямі ў клетках з жалезабетонных бэлек (1 — бэлькі, 2 — каменнае машчэнне, 3 — гравій, 4 — пясок).