вялікі князь маскоўскі і ўсяе Русі [з 1533], першы рус. цар [1547—84], З дынастыі Рурыкавічаў. Сын вял.кн.Васіля III Іванавіча і княгіні Алены Васілеўны Глінскай (гл.Глінскія). У 7 гадоў застаўся сіратой, выхоўваўся ва ўмовах баярскага кіравання, якое вызначалася зацятай барацьбой груповак Бельскіх, Шуйскіх і Глінскіх. Самаст. правіў з 1549. Пры ім пачалі склікацца Земскія саборы, складзены Судзебнік 1550. У 1549—60 правёў рэформы цэнтр. і мясц. кіравання, арміі, суда, фінансаў і інш. Для барацьбы з рэшткамі феад. раздробленасці і баярскай апазіцыяй увёў апрычніну (1565, адмяніў у 1572), фізічна знішчаў сваіх праціўнікаў, канфіскоўваў іх уладанні. За дэспатычны характар празваны Грозным. Пры ім узмацнілася запрыгоньванне сялян: увёў часовую забарону ў 1581 сял. выхаду ў Юр’еў дзень. У знешняй палітыцы прытрымліваўся курсу на пашырэнне межаў дзяржавы. У часы яго праўлення далучаны Казанскае ханства (1552), Астраханскае ханства (1556), у залежнасць трапіла Сібірскае ханства (1555, далучана ў 1581), Вял. Нагайская арда (1557). Вёў Лівонскую вайну 1558—83, у 1562 на чале 80-тысячнага войска ўступіў у межы ВКЛ, што прывяло да вял. разбурэнняў і чалавечых ахвяр на тэр. Беларусі. Пры І. IV наладжаны гандл. сувязі з Англіяй (1553), створана 1-я друкарня ў Маскве. У гістарыяграфіі пра яго з пач. 17 ст. складвалася канцэпцыя «двух Іванаў» — мудрага дзярж. дзеяча ў 1-й пал. царавання і тырана ў 2-й. І. IV быў адукаваным для свайго часу чалавекам; аўтар пасланняў кн. А.М.Курбскаму, англ. каралеве Лізавеце I, швед. каралю Юхану III і інш. Вобраз І. IV шырока адлюстраваны ў фальклоры, л-ры (М.Ю.Лермантаў, А.К.Талстой, А.М.Талстой), выяўл. мастацтве (І.Я.Рэпін, В.М.Васняцоў, М.М.Антакольскі).
Літ.:
Ткаченко В.А. Московские великие и удельные князья и цари. М., 1992;
Зимин А.А., Хорошкевич А.Л. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982;
Скрынников Р.Г. Царство террора: Монография. СПб., 1992;
Яго ж. Великий государь Иоан Васильевич Грозный. Т. 1—2. Смоленск, 1996;
Альшиц Д.Н. Начало самодержавия в России;
Государство Ивана Грозного. Л., 1988.
Іван IV Васілевіч Грозны. Малюнак з «Вялікай гасударавай кнігі» («Царскага тытулярніка»), 1672.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1514,
адбылася пад Оршай (Віцебская вобл.) паміж войскамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы.
Неўзабаве пасля капітуляцыі Смаленска перад рус. войскамі (жн. 1514) вял.кн. маскоўскі Васіль III паслаў 80-тысячнае войска з коннікаў, дваран і «дзяцей баярскіх» на чале з кн. М.І.Булгакавым-Голіцам і І.А.Чалядніным у напрамку Оршы і Друцка. Паводле польскіх гісторыкаў, кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт I Стары сабраў апалчэнне ВКЛ пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛкн. К.І.Астрожскага (16 тыс. коннікаў), 14 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай пяхоты, атрады паноў з Малой Польшчы і шляхціцаў-добраахвотнікаў з Вял. Польшчы (2500 коннікаў). Паводле звестак рускага гісторыка М.К.Любаўскага, польскіх коннікаў было 4 тыс., а частка польскіх салдатаў засталася ў Бярэсці і Барысаве. Жыгімонт застаўся ў Барысаве з 4-тысячным войскам, а асн. сілы (больш за 30 тыс.чал.) на чале з Астрожскім пайшлі пад Оршу. Атрадамі войска камандавалі Ю.Радзівіл, Я.Свярчоўскі і інш. Папярэднія баі адбыліся 27.8.1514 на р. Бярэзіна, пазней на р. Друць. Перад бітвай рус. войска пераправілася на левы бераг Дняпра і стала паміж Оршай і Дуброўнам на р. Крапіўна. Частка конніцы князя Астрожскага без страт пераправілася цераз Дняпро. Вышэй па цячэнні па наплаўным мосце раку перайшлі пяхота, конніца і артылерыя. Астрожскі павёў войска ў атаку на палкі Булгакава-Голіцы. Чаляднін у бой не ўступіў, а калі ўдар абрынуўся на яго палкі, то ад бою ўхіліўся Булгакаў-Голіца. Пад выглядам адступлення Астрожскі ўцягнуў праціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскіраваных гармат. Пасля гэтага ён зноў нанёс удар па палках Булгакава-Голіцы, якія былі разбіты і часткова трапілі ў палон. Былі разгромлены і палкі Чалядніна. У рус. войску пачалася паніка. Многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне. Паводле летапісаў і звестак рускіх гісторыкаў, рус. войска страціла 40 тыс.чал. У палон трапілі Булгакаў-Голіца, Чаляднін і яшчэ 8 ваявод, 17 інш. военачальнікаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. воінаў. Пераможцам раздалі 20 тыс. трафейных коней і палавіну абозу. Аршанская бітва — адна з буйнейшых бітваў на тэр. Еўропы ў пач. 16 ст. Перамога ў ёй дала магчымасць вярнуць Дуброўну, Мсціслаў і Крычаў. Смаленск узяць не ўдалося, аднак пасля бітвы да 1518 не адбывалася ўварванняў маск. войскаў на Беларусь. Пра бітву была складзена бел. песня, якая праслаўляла кн. Астрожскага, на тэму Аршанскай бітвы ў 1520—30-я г. напісана батальная карціна (аўтар невядомы, зберагаецца ў Нац. музеі ў Варшаве) — першая ва Усх. Еўропе.
Літ.:
Грыцкевіч А., Трусаў А. Бітва пад Оршай // Мастацтва Беларусі. 1990. № 8;
Военная энциклопедия. Пг., 1914. Т. 17. С. 186—187;
Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. № 6;
Зимин А.А. Россия на пороге нового времени. М., 1972. С. 166—167;
Zarys dziejów wojskowosci polskiej do roku 1864. Warszawa, 1965 Т. 1. S. 333—336. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. Т. 2. S. 378—384.