АДВЕ́ДКІ,
традыцыйны звычай бел. радзіннай абраднасці — наведванне парадзіхі пасля родаў; лакальныя назвы водведы, адведзіны, провідкі, наведы. У адведкі ішлі звычайна замужнія жанчыны ў першыя 2—3 дні (на Палессі — у 2 тыдні і болей) пасля родаў, каб дапамагчы парадзісе і яе сям’і. Паводле звычаю ў адведкі неслі з сабою яешню, хлеб, кашу, сыр, мёд, на Палессі яшчэ боршч, аладкі, варэнікі і інш. Звычай захаваўся, але ў адведкі сталі хадзіць і мужчыны, і незамужнія.
т. 1, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭА́Т (ад лац. laureatus увенчаны лаўрам),
асоба, якой прысуджана дзярж. або міжнар. прэмія, а таксама пераможца мастацкіх конкурсаў. Тэрмін «Л.» узнік у Стараж. Грэцыі, дзе ганаровым вянком з галінак лаўра ўзнагароджваліся пераможцы якіх-н. спаборніцтваў. Такі ж звычай існаваў у Стараж. Рыме. Звычай узнагароджваць пераможцаў лаўровым вянком захаваўся да цяперашняга часу. У Рэспубліцы Беларусь Л. называюць асоб, якім прысуджана дзярж. прэмія, а таксама пераможцаў конкурсаў музыкантаў, майстроў эстрады, спарт. спаборніцтваў і да т.п.
т. 9, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПРАДКІ, вячоркі,
даўні звычай бел. вясковых дзяўчат збірацца вечарамі з работай у адной хаце. Пачыналіся ад Пакроваў (1 кастр. с.ст.) і доўжыліся да Вялікадня. На П. звычайна пралі, ткалі, вышывалі. Прыходзілі і хлопцы, якія плялі лапці, вырэзвалі лыжкі, рамантавалі калаўроты для дзяўчат. На П. жартавалі, расказвалі цікавыя здарэнні, казкі, паданні, былічкі, загадвалі загадкі. У перадсвяточныя вечары дзяўчаты прыносілі невял. пачастунак, пасля якога моладзь спявала песні, танцавала пад гармонік ці скрыпку. Звычай не захаваўся.
Л.І.Мінько.
т. 12, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Завіванне барады» (старадаўні звычай) 4/418, 465
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́Т (араб. звычай),
звычаёвае права ў некаторых мусульманскіх народаў. Склаўся пры родаплемянных адносінах. Прызнае кроўную помсту, выкраданне нявест, мнагажонства, цялеснае пакаранне і інш.
т. 1, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБРАЦІ́МСТВА,
звычай родавага ладу, паводле якога двое ці некалькі людзей, якія не з’яўляліся сваякамі, з мэтай узаемнай падтрымкі ўступалі ў саюз, што адпавядаў кроўнай роднасці; суправаджаўся пэўнымі абрадамі.
т. 11, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМА́ЦЫЯ (ад лац. crematio спальванне),
трупаспаленне. Звычай К. быў шырока распаўсюджаны ў старажытнасці. Існавала мноства яе разнавіднасцей, найчасцей трапляецца змяшчэнне рэшткаў К. ў пахавальную урну. У наш час К. адбываецца ў крэматорыі.
т. 8, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДЗЬКАВА́ННЕ,
у беларусаў звычай аддаваць дзяцей шляхты на выхаванне ў сялянскую сям’ю. Быў пашыраны ў канцы 16—18 ст. і выкліканы жаданнем выхаваць у дзяцей станоўчыя фіз. і духоўныя якасці простага народа: працавітасць, сілу, вынослівасць, непераборлівасць у ядзе і адзенні, любоў да зямлі.
т. 6, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСТ (перс.),
у звычаёвым праве Ірана права недатыкальнасці прыстанішча на тэр. свяшчэнных месцаў. Пашыраны ў мусульм. краінах Усходу звычай даваць прыстанішча ў мячэцях, грабніцах, дамах вышэйшых духоўных асоб. З 19 ст. права бест часам мелі памяшканні замежных пасольстваў, місій і інш. устаноў, якія карысталіся экстэрытарыяльнасцю.
т. 3, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКА́Н,
у рымскай міфалогіі бог разбуральнага і ачышчальнага полымя (адсюль звычай спальваць у яго гонар зброю пераможанага ворага). Вулкан меў свайго жраца — фламіна і свята Вулканалій (адзначалася 23 жн.). Пазней шанавалі як бога, што абараняў ад пажараў. Разам з Вулканам услаўлялі багіню Маю, якой 1 мая фламін прыносіў ахвяру. Адпавядае грэч. Гефесту.
т. 4, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)