помнік архітэктуры 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1772 з цэглы ў г. Бяроза Брэсцкай вобл. У выніку перабудовы напярэдадні 1-й сусв. вайны будынак набыў рысы класіцызму (трохвугольны франтон, падвоеныя пілястры тасканскага ордэра, паўцыркульныя аконныя праёмы з руставанымі ліштвамі) і рэтраспектыўна-рускага стылю (закамары, шатровы дах званіцы і інш.). Мае традыцыйную 4-часткавую кампазіцыю: 3-ярусная званіца, трапезная, асн. аб’ём і апсіда з рызніцамі. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі 1-нефавага бесслуповага храма дамінуе званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1912—14 з цэглы ў г. Камянец Брэсцкай вобл. Мае 4-часткавую кампазіцыю: квадратны трохнефавы асн. аб’ём, пяцігранная апсіда, трох’ярусная званіца і трапезная. У аб’ёмна-пластычнай структуры храма выкарыстаны формы маскоўскай архітэктуры 17 ст.: званіца (васьмярык на чацверыку) завершана васьмігранным шатром, прарэзаным люкарнамі, з цыбулепадобнай галоўкай, какошнікі, броўкі, закамары асн. аб’ёму, пяцікупалле і інш.Асн. кубападобны аб’ём пастаўлены на высокі цокаль і завершаны светлавым цыліндрычным барабанам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, сухарыкі, закамары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎНІР (Сцяпан) (Стафан) Дзям’янавіч (1695, с. Гваздоў Кіеўскай вобл. — 1786),
украінскі дойлід. Прыгонны Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе працаваў больш як 60 гадоў пад кіраўніцтвам і сумесна з П.Няелавым, Г.І.Шэдэлем, І.Грыгаровічам-Барскім. Пабудовы К. ў стылі ўкр. барока: т.зв. Коўніраўскі корпус (1744—72), званіцы на Далёкіх (1754—61) і Блізкіх (1759—62) пячорах і інш. ў лаўры, Клоўскі палац (1754—58, з Няелавым), званіца Брацкага манастыра на Падоле (1756, не захавалася) — усе ў Кіеве; царква Антонія і Феадосія і званіца ў Васількове (1756—58), Троіцкая царква ў Кітаеве (1763—67) каля Кіева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗДЗЕЖСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1784 у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) на фундаменце царквы 1-й пал. 17 ст. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны ў плане асн. і алтарны зрубы аб’яднаны 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Гал. фасад завершаны трохвугольным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі купалкамі. Інтэр’ер зальны, з 4 слупамі ў сярэдзіне, над уваходам — хоры; захаваліся абразы 17—18 ст. Перад царквой — брама-званіца, накрытая 2-схільным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ШЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1886 у рэтраспектыўна-рус. стылі на месцы уніяцкага драўлянага храма 1795. Мае 4-часткавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю: званіца, трапезная, асн. аб’ём і апсіда. Верт. дамінанта — 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай. Цыбулепадобнае пяцікупалле ўвенчвае і 4-схільны дах асн. кубападобнага аб’ёму. Гал. і бакавыя ўваходы вырашаны магутнымі парталамі і апяразаны 3-лопасцевымі арачнымі нішамі. Фасады раскрапаваны прафіляванымі карнізамі з двухграннымі заломамі на бакавых плоскасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1867—71 з цэглы. У плане ўяўляе сабой традыц. 4-часткавую схему: званіца, трапезная, 3-нефавы квадратны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда, абапал якой прыбудаваны рызніца і ахвярнік. Над асн. аб’ёмам — 8-гранны светлавы барабан. У дэкоры выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, ліштвы акон, шатровыя з макаўкай завяршэнні і інш.Званіца і гал. светлавы барабан царквы маюць аднолькавую арх.-пластычную структуру: 8-гранная ў сячэнні канструкцыя завяршаецца какошнікам і шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Гэта надае кампазіцыі будынка цэласнасць і аб’ёмнае адзінства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн.Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.І.Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАНІ́ЛА (італьян. campanile),
званіца ў італьян. архітэктуры сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Будавалі ў выглядзе 4-граннай (часам круглай) вежы, якая звычайна стаяла асобна ад храма. Павелічэнне колькасці ці памераў праёмаў угару (ніжнія паверхі пераважна глухія) надае К. стройнасць і лёгкасць (вежа-К. ў Пізе). Прататыпам К. былі гар. вартавыя вежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬКО́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Вілейскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 43 км на У ад г. Вілейка і аднайменнай чыг. станцыі, 102 км ад Мінска. 56 ж., 29 двароў (1994). Пач. школа, б-ка, бальніца, амбулаторыя. Касцёл — помнік арх. неаготыкі пач. 20 ст.Званіца — помнік драўлянага нар. дойлідства канца 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ВАСКРАСЕ́НСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г. Барысаў. Пабудаваны ў 1874 (арх. П.Мяркулаў). Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка, завершана 9 галоўкамі. Арх.-дэкар. элементы з белай цэглы (какошнікі, ліштвы вокнаў і дзвярэй, раскрапоўка вуглавых пілястраў і інш.) ствараюць маляўнічы кантраст з цёмна-чырвонымі сценамі. У 1907 перад саборам пабудавана званіца (арх. В.Струеў) з больш сціплым дэкорам фасадаў.