ВУЛКА́Н,

у рымскай міфалогіі бог разбуральнага і ачышчальнага полымя (адсюль звычай спальваць у яго гонар зброю пераможанага ворага). Вулкан меў свайго жраца — фламіна і свята Вулканалій (адзначалася 23 жн.). Пазней шанавалі як бога, што абараняў ад пажараў. Разам з Вулканам услаўлялі багіню Маю, якой 1 мая фламін прыносіў ахвяру. Адпавядае грэч. Гефесту.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБАТА́НТЫ (ад франц. combattant воін, баец),

у міжнародным праве асобы, якія ўваходзяць у склад узбр. сіл ваюючых дзяржаў і прымаюць удзел у ваен. дзеяннях. К. з’яўляюцца: асабовы склад сухапутных, ваенна-марскіх і ваенна-паветр. сіл; партызаны, асабовы склад апалчэння і добраахвотніцкіх атрадаў, калі яны маюць на чале асобу, адказную за сваіх падначаленых, пэўны, бачны здалёку знак адрознення, выконваюць у сваіх дзеяннях правілы вядзення вайны, адкрыта носяць зброю ў час ваен. сутыкнення, а таксама ў час, што папярэднічае яму; экіпажы гандл. марскіх суднаў і самалётаў грамадз. авіяцыі, калі яны пераабсталяваны ў ваенныя. Сучаснае міжнар. права разглядае ў якасці К. байцоў, якія ўдзельнічаюць у нац.-вызв. войнах. У выпадку, калі насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі пры набліжэнні непрыяцеля не паспела сфарміравацца ў рэгулярныя часці, але бярэцца за зброю, таксама прызнаецца К. Захопленыя варожым бокам К. карыстаюцца рэжымам ваеннапалоннага. Найб. поўны прававы статус К. вызначаецца ў адпаведных міжнар. канвенцыях.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1942 да ліп. 1944 у Браславе; налічвала 13 чал. Арганізатары і кіраўнікі А.​А.​Васілеўскі і Э.​А.​Ціранаў. Падпольшчыкі вялі антыфаш. прапаганду, здабывалі для партызан дакументы, разведданыя пра варожыя гарнізоны, зброю, боепрыпасы, медыкаменты, выратавалі 150 сав. і парт. работнікаў і ваеннапалонных; трымалі сувязь з Азяраўскім камсамольска-маладзёжным падполлем.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНДЗІ́Р (ад лац. mundus убор, убранне),

1) верхняя частка ваеннага і цывільнага адзення, пры якой належала насіць галаўны ўбор, зброю і ордэны. У пач. 17 ст. тэрмін «М.» абазначаў усё абмундзіраванне вайсковае, а таксама рыштунак салдата і афіцэра (у Расіі — стральцоў).

2) Частка форменнага адзення ваеннаслужачых у арміях шэрагу краін. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь тэрмін «М.» не выкарыстоўваецца. Гл. таксама Форма адзення.

С.​М.​Абрамаў.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з восені 1941 да студз. 1944 у Мазыры і Мазырскім р-не. У вер. 1941 В.​І.​Крыцкі (працаваў бургамістрам горада) і М.​Ю.​Майсееў (працаваў нам. бургамістра па Мазырскім р-не) стварылі падп. групу. Карыстаючыся высокімі пасадамі ў акупац. адміністрацыі, яны ўладкоўвалі на працу ва ўправу і інш. ўстановы падпольшчыкаў, якія ратавалі ад вывазу ў Германію сав. грамадзян, зрывалі мерапрыемствы акупантаў, збіралі і перадавалі партызанам зброю, харч. прадукты, медыкаменты, папярэджвалі іх пра карныя аперацыі. У кастр. 1941 на чале з Дз.​А.​Казлоўскім створана група, якая падбірала для партызан людзей, зброю, боепрыпасы, звесткі разведкі. У маі—жн. 1942 многія падпольшчыкі былі арыштаваны і расстраляны акупантамі. З чэрв. 1943 пад кіраўніцтвам падп. Палескага абкома і Мазырскага райкома КП(б)Б дзейнічала група на чале з К.​В.​Катлінскім, якая мела радыёперадатчык і перадавала камандаванню Чырв. Арміі звесткі разведкі; у снеж. 1943 гэта група расфарміравана, большасць яе членаў пайшла ў партызаны. У Мазыры на магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

А.​М.​Адаська.

т. 9, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЭРНАТЫ́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,

асобны від працоўнай дзейнасці, якім замяняецца тэрміновая ваенная служба. Альтэрнатыўная служба датычыцца грамадзян, што прыгодныя да ваен. службы ва ўзбр. сілах, але па сваіх рэліг., пацыфісцкіх перакананнях або інш. прычынах не могуць прымяняць зброю і баявую тэхніку і адмаўляюцца ад ваен. службы. Грамадзяне, якія знаходзяцца на альтэрнатыўнай службе, працуюць санітарамі, даглядаюць састарэлых і інш. Альтэрнатыўная служба існуе ў многіх краінах (напр., Бельгіі, Галандыі, Германіі, Францыі і інш.).

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадам імя Шчорса (камандзір П.​В.​Пранягін і ням.-фаш. захопнікамі 13.9.1942 у раёне Агінскага канала. Атрад з баямі выйшаў 10—13.9.1942 да 10-га шлюза, захопленага карнікамі (каля 100 гітлераўцаў), частка атрада перайшла ўброд р. Шчара і ўдарыла ў фланг праціўніка, асн. сілы партызан атакавалі ворага і ў выніку 5-гадзіннага бою знішчылі больш за 60 гітлераўцаў, захапілі зброю, боепрыпасы.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР (Таццяна Стафанаўна) (13.4.1924, Масква — 13.6.1944),

удзельніца партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дачка венг. камуніста, удзельніка венг. рэвалюцыі 1919. У 1941 добраахвотна пайшла на фронт, разведчыца, медсястра. З жн. 1942 на тэр. Беларусі: вяла разведвальную і дыверсійную работу, распаўсюджвала сав. газеты, лістоўкі ў Мінску, здабывала зброю, боепрыпасы, медыкаменты для партызанаў. З 1943 у складзе спец. групы ў Мінскай вобласці. Загінула ў баі з карнікамі каля в. Макаўе Барысаўскага р-на.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКРУСТА́ЦЫЯ (лац. incrustatio ад incrusto пакрываю чым-н.),

від дэкарыравання вырабаў узорамі ці сюжэтнымі кампазіцыямі з кавалачкаў дрэва, косці, металу, перламутру, якія ўразаюцца ў паверхню вырабаў і адрозніваюцца ад яе колерам ці матэрыялам; творы, выкананыя ў гэтай тэхніцы. Пашырана І. дрэвам па дрэве (інтарсія), металам па метале (насечка), каменем па камені; часта выконваецца інш. матэрыялам, чым матэрыял прадмета, што ўпрыгожваецца. І. выкарыстоўвалі ў скульптуры і рэчах дэкар.-прыкладнога мастацтва Стараж. Усходу і антычнасці, у аздабленні зах.-еўрап. мэблі рэнесансу і барока. На Беларусі ў 12—13 ст. была пашырана І. залатымі і сярэбранымі пласцінамі па жалезе і медзі, косцю па дрэве (наканечнік кап’я 12 ст., інкруставаны серабром, знойдзены на Мінскім замчышчы). Часам насечка спалучалася з чарненнем. У 17—18 ст. І. аздаблялі зброю, мэблю, посуд, літургічнае начынне і інш. Бел. майстры-інкрустатары працавалі ў Маск. дзяржаве пры царскім двары і ў Аружэйнай палаце, дзе выраблялі мэблю, інкруставалі перламутрам ці насякалі золатам і серабром шаблі, мячы, пішчалі і інш. зброю. У 18—19 ст. І. заняпала. Сёння ў тэхніцы І. працуюць некат. мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Я.​М.​Сахута.

Куфэрак. Інкрустацыя перламутрам. Карэя. 18—19 ст.

т. 7, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА (археалагічная культура плямёнаў энеаліту) (пач. 5-га — пач. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. паўд. Туркменістана. Назва ад паселішчаў каля аула Анаў (каля Ашгабада). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло ў дамах з гліняных блокаў ці сырцовай цэглы. Нябожчыкаў хавалі ў ямах у скурчаным стане; у магілы клалі посуд, прылады працы, зброю з каменю і медзі, упрыгожанні. Посуд А. пласкадонны, размаляваны фарбаю (геаметрычны арнамент),

характэрны тэракотавыя жаночыя статуэткі. Найб. вядомы помнік анаўскай культуры — Намазга-Тэпэ.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)