ПНЕЎМАНІ́Я,

тое, што запаленне лёгкіх.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ячмень,

гнойнае запаленне павека ці вейка.

т. 18, кн. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЫ́Т [ад грэч. us(ōtos) вуха + ...іт],

запаленне вуха. Адрозніваюць атыт вонкавы, сярэдні і ўнутраны. Вонкавызапаленне вушной ракавіны і вонкавага слыхавога праходу ў выніку траўматызму і пранікнення інфекцыі. Суправаджаецца болем у вуху, гноепадобнымі выдзяленнямі, зніжэннем слыху, ацёчнасцю вушной ракавіны. Сярэдні востры (запаленне барабаннай поласці, еўстахіевай трубы) узнікае пры пранікненні ў поласць сярэдняга вуха мікробаў. Прыкметы: колючы боль у вуху, паніжэнне слыху, павышэнне тэмпературы цела. Сярэдні хранічны цягнецца гадамі, у барабаннай перапонцы ўтвараецца ўстойлівая адтуліна, з вуха цячэ гной, паніжаецца слых. Унутраны (запаленне ўнутр. вуха — вушнога лабірынта), лабірынт гнойны, калі гінуць канцы слыхавога нерва ў лабірынце вуха, што прыводзіць да страты слыхавой і вестыбулярнай функцый, і лабірынтыт серозны — ацёк тканкі; пасля завяршэння працэсу вестыбулярная функцыя аднаўляецца, слыхавая — часткова. Сімптомы: галавакружэнне, расстройства раўнавагі, млоснасць, ірвота, зніжэнне або поўная страта слыху. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Атыты могуць прыводзіць да глухаты, менінгітаў, абсцэсаў мозгу, сепсісу.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАНГІІ́Т, лімфангіт (ад лімфа + грэч. angeion пасудзіна),

запаленне лімфатычных сасудаў пры наяўнасці першаснага гнойна-запаленчага ачага (нагноеныя раны, фурункул, трафічная язва і інш.). Сімптомы Л.: балючыя чырв. цяжы, сеткаваты чырв. малюнак на скуры (як галінкі дрэва), павышэнне т-ры цела да 39—40 °C, ацёкі, абмежаванасць руху. Дробныя лімфатычныя сасуды ад ачага запалення збіраюцца па напрамку да сэрца ў вял. чырв., балючыя цяжы і выклікаюць запаленне лімфавузлоў (лімфадэніт). Лячэнне тэрапеўтычнае.

В.​Я.​Рэбека.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫАРТЭРЫІ́Т ВУЗЕ́ЛЬЧЫКАВЫ, хвароба Кусмаўля-Маера,

інфекцыйна-алергічнае захворванне злучальнай тканкі артэрый (пераважна дробных і сярэдніх). Адносіцца да рэўматычных хвароб, таксама да сістэмных васкулітаў (запаленне крывяносных сасудаў). Найчасцей пашкоджваюцца сасуды нырак, радзей — каранарныя артэрыі сэрца, брыжэйкі, печані, галаўнога мозга. Пры пашкоджанні злучальнай тканкі ў сценках артэрый могуць развіцца ачагі фібрыноіднага некрозу з эксудатыўным і прадукц. запаленнем (напр., прадукц. васкуліты). Адрозніваюць П.в. востры (інфаркты і кровазліцці ў органах) і хранічны (склератычныя змены з далейшай недастатковасцю органаў). У нырках развіваецца падвостры ці хранічны гламеруланефрыт — двухбаковае дыфузнае запаленне.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫКАРДЫ́Т (ад перы... + грэч. kardia сэрца),

запаленне калясардэчнай сумкі. Прычыны ўзнікнення: рэўматызм, туберкулёз, мікробнае запаленне, траўмы і інш. Пры П. назіраецца павышаная эксудацыя (выпат)., што вядзе да сціскання сэрца, зніжэння яго функцый. Пры хуткім нарастанні эксудату сэрца можа спыніць сваю дзейнасць (патрабуецца пункцыя перыкарда). Прыкметы П.: боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, задышка, агульная слабасць і інш. Пры павольным нарастанні выпату ў перыкардзе праяўляюцца прыкметы сардэчнай недастатковасці — з’яўленне выпату ў жываце, печані. У патагенезе такога стану — дысталічны дысбаланс прытоку крыві да сэрца (перадсэрдзі, асабліва правае, сціскаюцца хутчэй, чым астатнія камеры сэрца). Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. У жывёл часцей бывае П. траўматычнага паходжання.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНАПАСТЫ́Т (ад грэч. balanos галоўка палавога члена + posthion крайняя плоць + ...іт),

запаленне скуры галоўкі палавога члена і ўнутр. лістка крайняй плоці. Бывае ў любым узросце. Лячэнне, што і пры баланіце. Ускладненні: фімоз, парафімоз.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФІМО́З,

ушчамленне галоўкі палавога члена чалавека і жывёл у звужанай адтуліне крайняй плоці. Прыкметы: боль, ацёк, мацэрацыя і гнойнае запаленне скуры органа і крайняй плоці. Працяглы П. вядзе да ўзнікнення язваў, некрозу. Лячэнне хірургічнае.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́ЛАСЦЬ,

інтэртрыгінозны дэрматыт, запаленне скуры, якое ўзнікае пры трэнні і мацэрацыі. Прычыны: узмоцненае потавыдзяленне, нетрыманне мачы, белі і інш. Часта бывае ў дзяцей першага года жыцця, у поўных людзей. Можа ўскладняцца пры далучэнні інфекцыі (інфекц. П.). Лячэнне тэрапеўт., захаванне гігіены скуры.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАРТРЫ́Т (ад полі... + артрыт),

артрыт множны, артрыт рэўматоідны, адначасовае або паслядоўнае запаленне шматлікіх суставаў. Прычыны: інфекцыя (стафілакок, стрэптакок, вірусы і інш.), хранічныя танзіліт і халецыстыт, рэўматызм, парушэнні абмену рэчываў і функцый залоз унутр. сакрэцыі. Прыкметы і лячэнне П. гл. ў арт. Артрыт.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)