БЕ́ВЕРЫДЖ ((Beveridge) Уільям Генры) (5.3.1879, г. Рангпур, Бангладэш — 16.3.1963),
англійскі вучоны-эканаміст. Чл. Брытанскай акадэміі (1937). У 1919—37 дырэктар Лонданскай школы эканам. і паліт.навук. У 1940—44 прэзідэнт Каралеўскага эканам.т-ва. Паслядоўнік Дж.М.Кейнса, імкнуўся спалучыць яго ідэі з ліберальнай дактрынай, выступаючы за больш непасрэдны кантроль дзяржавы над эканомікай. Гал. тэма яго даследаванняў — беспрацоўе. У 1942 па даручэнні брыт. ўрада распрацаваў «план Беверыжда», які прадугледжваў спалучэнне дзярж. палітыкі поўнай занятасці з сац. страхаваннем і ўсеагульнай бясплатнай сістэмай аховы здароўя. Гэты план пакладзены ў аснову сац. палітыкі Вялікабрытаніі пасля 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́Е ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны суб’ект гаспадарання з правамі юрыд. асобы. Формы ўласнасці — любыя. Адметныя адзнакі М.п. — крайне невял. доля ў агульным па краіне аб’ёме дзейнасці, якая з’яўляецца профільнай для прадпрыемства, і абмежаванні колькасці працуючых (адрозніваюцца ў розных сферах эканомікі). Да М.п. адносяцца вытв. і кансалтынгавыя фірмы (гл.Кансалтынг), многія прадпрыемствы рознічнага гандлю і сферы абслугоўвання. М.п. ўзмацняе дзелавую актыўнасць грамадзян і пашырае спектр іх магчымасцей, садзейнічае структурнай перабудове эканомікі, дэманапалізацыі вытв-сці і развіццю канкурэнцыі, вырашэнню праблемы занятасці насельніцтва, аператыўнаму рэагаванню вытв-сці канкрэтных тавараў і паслуг на змены спажывецкага попыту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (МАП; International Labour Organization),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1919 паводле рашэння Парыжскай мірнай канферэнцыі як аўт.арг-цыяЛігі нацый. У 1946 стала першай спецыялізаванай установай ААН. У 1999 у МАП больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. МАП аб’ядноўвае на роўных правах урады, прадпрымальнікаў і працоўных з мэтай выпрацоўкі мер па ахове і паляпшэнні ўмоў працы, забеспячэнні поўнай занятасці і росту ўзроўню жыцця, заахвочванні супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Органы МАП: Адм. савет і Міжнар. бюро працы. Месцазнаходжанне — г. Жэнева (Швейцарыя). Нобелеўская прэмія міру 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ГУ ((Pigou) Артур Сесіл) (18.11.1877, г. Райд, Вялікабрытанія — 7.3.1959),
англійскі эканаміст, прадстаўнік кембрыджскай школыпаліт. эканоміі. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1908—43 кіраваў у ім кафедрай. З 1918 чл. валютнага К-та, у 1919 чл. каралеўскай камісіі па падаходных падатках, у 1924—25 чл. кабінета міністраў па пытаннях грашовага абарачэння. Даследаваў праблемы тарыфнай палітыкі, цыклічных ваганняў у прам-сці, занятасці, дзярж. фінансаў («Прамысловыя ваганні», 1929; «Даследаванне грамадскіх фінансаў», 3-е выд. 1947), распрацоўваў канцэпцыю «эканомікі дабрабыту». У кн. «Эканоміка дабрабыту» (1920) выклаў пачаткі тэорыі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, адно з палажэнняў якой — неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканам. жыццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙНС (Keyns) Джон Мейнард, барон Тылтан (5.6.1883, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 21.4.1946), англійскі эканаміст, паліт. дзеяч, заснавальнік кейнсіянства. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1906), з 1908 выкладаў у ім. Праф. (1920). У 1911—45 рэдактар час. «Economic Journal» («Эканамічны часопіс»). Чл.брыт. дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. У 2-ю сусв. вайну адыграў важную ролю ў кіраванні ваен. эканомікай Вялікабрытаніі. Адзін са стваральнікаў Міжнар. валютнага фонду і Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця. Аўтар шэрагу прац у галіне грашовага абарачэння і фінансаў: «Эканамічныя наступствы Версальскага мірнага дагавора» (1919, крытыка эканам. зместу Версальскага мірнага дагавора 1919). «Трактат аб грошах» (1930), «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936, сфармуляваны асн. прынцыпы попытавай тэорыі нац. даходу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКАПЕ́НКА (Станіслаў Іванавіч) (н. 8.1.1939, в. Кляпін Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст і гасп. дзеяч. Канд.эканам.н. (1989). Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (1961). З 1975 у Гомелі: дырэктар з-да пластмасавых вырабаў, з-да сантэхабсталявання, ВА «Белэмальпосуд», з-да пускавых рухавікоў. З 1990 нам. старшыні Гомельскага аблвыканкома. З 1992 ген. дырэктар «Гомсельмаша». З 1955 прарэктар Гомельскага тэхн. ун-та імя П.В.Сухога. Навук. працы па праблемах сац.-эканам. развіцця, рыначных адносін і занятасці насельніцтва.
Тв.:
Практикум по экономике производства и нормированию труда. Мн., 1994;
Рынок труда и занятость населения. Мн., 1995 (у сааўт.);
Основы рыночной экономики. Мн., 1993 (разам з У Дз.Арэшчанкам, А.Д.Янушкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1916.
Дублінскае паўстанне 19 16, нацыянальна-вызв. паўстанне супраць англ. панавання ў Ірландыі. Падрыхтавана ірл. рэвалюцыянерамі, незадаволенымі затрымкай з увядзеннем закона аб гомрулі. Яны спадзяваліся ўзняць агульнанац. паўстанне і вызваліць краіну, зыходзячы з занятасцібрыт.узбр. сіл на франтах 1-й сусв. вайны. Адбылося 24—30.4.1916 пераважна ў Дубліне. У першы дзень паўстання (велікодны панядзелак, адсюль яшчэ адна назва — Велікоднае паўстанне) больш за 1 тыс.ірл. валанцёраў і рабочых пад кіраўніцтвам П.Пірса і Дж.Коналі занялі шэраг стратэг. пунктаў Дубліна, утварылі часовы ўрад на чале з Пірсам і абвясцілі незалежную Ірл. рэспубліку. Паўстанне не атрымала шырокай падтрымкі ірл. грамадства і было разгромлена англічанамі. Арыштавана каля 3500 ірландцаў, Пірс, Коналі і інш. кіраўнікі (16 чал.) пакараны смерцю. Пасля паражэння І.п. сярод ірландцаў павялічыўся аўтарытэт паліт. арг-цыі Шын фейн, якую англічане абвінавацілі ў падрыхтоўцы паўстання.
Літ.:
Колпаков АД. Ирландия на пути к революции, 1900—1918 гг.М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,
установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.
Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж.цэнтры занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т САЦЫЯЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў Мінску ў 1990. У складзе ін-та 7 навук. аддзелаў: сац. палітыкі, сацыялогіі працы і эканам. сацыялогіі, сацыялогіі асобы і сац. стратыфікацыі, сацыялогіі культуры, сацыялогіі навукі, сац. дэмаграфіі і занятасці насельніцтва, сац. псіхалогіі асобы і калектыву.
Асн. кірункі даследаванняў: дынамікі сац. структуры, інтарэсаў і патрэбнасцей розных груп і слаёў насельніцтва, асаблівасцей іх становішча і дзейнасці ў грамадстве; структуры рынку і мабільнасці рабочай сілы ва ўмовах развіцця рыначных адносін; паводзін асобы, сац. асаблівасцей іх узаемадзеяння ў экстрэмальных умовах канфліктаў і катастроф (уключаючы Чарнобыльскую); сацыялагічнае назіранне і прагназаванне эканам., сац. і паліт. працэсаў грамадскага развіцця ва ўмовах станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь і інш. Выдадзены працы: «Дэмаграфічныя асновы народнагаспадарчага планавання» А.А.Ракава (1990), «Вытокі хрысціянства: культурна-гістарычны генезіс» В.П.Оргіша (1991), «Сацыядынаміка навуковага калектыву» В.І.Русецкай (1992), «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» А.У.Рубанава (1994), «Эканамічная сацыялогія» Г.М.Сакаловай, «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» Я.М.Бабосава (абедзве 1995), «Адукацыя ў трансфарміруемым грамадстве» В.А.Кліменкі (1996), «Асновы канфлікталогіі» Бабосава (1997) і інш. У Ін-це працуе акад.Нац.АН Беларусі Я.М.Бабосаў (дырэктар з 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС ЗАКО́НАЎ АБ ПРАЦЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КЗаП),
адзіны заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы працоўнага права, што дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь. Рэгулюе адносіны, заснаваныя на працоўным дагаворы і звязаныя з удзелам работнікаў і іх прадстаўнікоў у кіраванні прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі; у арганізацыі працы, у дзейнасці прафсаюзаў і вядзенні калект. перагавораў, у прафес. падрыхтоўцы работнікаў на вытв-сці, забеспячэнні занятасці насельніцтва; кантроль і нагляд за выкананнем прац. заканадаўства. Зацверджаны законам 23.6.1972 і дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі ў рэдакцыі законаў ад 15.12.1992, 16.7.1993, 2.2.1994, 6.9.1995. Складаецца з 19 глаў і 257 артыкулаў. У Кодэксе выкладзены агульныя палажэнні, вызначана сфера дзейнасці заканадаўства аб працы, замацаваны асн. правы работнікаў; рэгламентуюцца пытанні заключэння і дзеяння калект. і прац. дагавораў, адпачынку, рабочага часу, зарплаты, яе форм, сістэм і памераў; вызначаюцца ўмовы прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці за прычыненую імі матэрыяльную шкоду наймальніку, прац. дысцыпліны, аховы працы; вызначаюцца абавязкі работнікаў і наймальніка, устанаўліваюцца віды ўзнагароджанняў і спагнанняў. Спец. главы прысвечаны працы жанчын і моладзі, працы асобных катэгорый работнікаў, у т. л. на сумесных і замежных прадпрыемствах, працы на кантрактнай аснове, правам прафес. саюзаў, дзярж.сац. страхаванню і інш.