АБСЦЭ́СЫ МНО́ЖНЫЯ ў дзяцей, псеўдафурункулёз,

хвароба, якая характарызуецца гнойным запаленнем экрынавых потавых залоз. Узбуджальнік — залацісты стафілакок. Узнікненню спрыяюць расшыраныя і ўкарочаныя вывадныя пратокі потавых залоз у грудных дзяцей. На скуры ў вусцях праток з’яўляюцца пустулы (як шпілечная галоўка), якія прарываюцца з утварэннем гнойнай скарынкі. Адначасова ўзнікаюць шматлікія вузельчыкі і вузлы (памерам ад гарошыны да яйца) чырвона-бардовага колеру, якія потым размнажаюцца і прарываюцца з вадкім гноем. Высыпанні бываюць прыступамі і суправаджаюцца агульнай слабасцю, ліхаманкай, паносам. Хвароба працяглая; пры загойванні застаюцца рубцы. Лечаць УФ-апрамяненнем, пераліваннямі крыві маці, ін’екцыямі пеніцыліну; абсцэсы ўскрываюць, прамываюць антысептыкамі.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАРЦ (ням. Quarz),

мінерал, аксід крэмнію, SiO2; адзін з самых пашыраных пародаўтваральных мінералаў зямной кары. Крышт. мадыфікацыі: трыганальная (α-К., устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-К., устойлівы вышэй 573 °C). Крышталі прызматычныя ці дыпірамідальныя, часта ўтвараюць зросткі.Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Колер разнастайны: бясколерны К. — горны хрусталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацістыцытрын і інш. Бляск шкляны. Празрысты. Цв. 7. Крохкі. Шчыльн. 2,65 г/см³. П’езаэлектрычны. Паходжанне пераважна эндагеннае. Кварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прам-сці, монакрышталі К. — у оптыцы і як п’езаэлектрычны матэрыял, афарбаваныя разнавіднасці К. — у ювелірнай справе. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.

У.​Я.​Бардон.

Крышталі кварцу.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Ала Іванаўна) (н. 23.12.1951, г.п. Моніна Маскоўскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1996 выкладае ў Бел. ун-це культуры. У творчасці выкарыстоўвае традыцыі нар. маст. ткацтва. Сярод твораў батык «Кантрасты» (1976), серыя ручнікоў «Па матывах слуцкіх паясоў» (1978), габелены «Барысаў» (1980), «Адлюстраванне» (1984), пакрывала «Восень» (1982), серыі дэкар. тканін «Елачка», «Фактурная», «Святочная» (усе 1987), «Мажорны настрой» (1989), заслоны для палацаў культуры «Лясныя напевы» (1990) у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., «Экспромт» (1992) у г. Івацэвічы Брэсцкай вобл., «Залацісты» (1994) у г. Жодзіна Мінскай вобл., ручнікі «Кветкі», «Цецерукі», «Нацюрморт» (усе 1995), «Спадчына» (1996), «Золата Нясвіжа» (1997), дэкар. тканіна «Месячная дарога» (1998).

А.Непачаловіч. Ручнік «Цецерукі». 1995.

т. 11, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЯЛЕ́Ц (Ranunculus),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Больш за 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі каля 20 відаў, найб. вядомыя К.: едкі (R. acris), нар. назва курыная слепата, паўзучы (R. repens), пякучы (R. Dammula), залацісты (R. auricomus), шарсцісты (R. lanuginosus), шматкветны (R. polyanthemos), кашубскі (R. cassubicus), даўгалісты (R. lingua), ядавіты (R. sceleratus). Растуць на вільготных лугах, у лясах і інш.

Шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з пучком тонкіх каранёвых валаснікоў ці развітым карэнішчам. Лісце пальчата-раздзельнае або суцэльнае. Кветкі пераважна жоўтыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — шарападобны шматарэшак. Многія віды К. атрутныя для буйн. раг. жывёлы і авечак. Лек. і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Казялец: 1 — едкі; 2 — клубняносны; 3 — ядавіты.

т. 7, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,

дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс. га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс. га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс. га (па 17%).

Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч.Браслаўская града, у паўд.Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс. га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс. га), Бяльмонт (каля 12 тыс. га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.

На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.

П.​І.​Лабанок.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)