ЗАЛАТЫ́ СТАНДА́РТ,

грашова-валютная сістэма, заснаваная на золаце як грашовым тавары. Упершыню быў аформлены ў Вялікабрытаніі ў канцы 18 ст., але шырокае развіццё атрымаў у канцы 19 ст. З.с. выступаў у форме золатаманетнага, залатазліткавага і золатадэвізнага. Золатаманетны стандарт характарызаваўся свабоднай чаканкай і абарачэннем залатых манет, разменам грашовых сродкаў на залатыя манеты, вывазам і ўвозам золата. З пачаткам 1-й сусв. вайны золатаманетны стандарт практычна перастаў існаваць (у ЗША да 1934). Залатазліткавы стандарт, які ўзнік пасля вайны, прадугледжваў толькі размен грашовых сродкаў на залатыя зліткі, а золатадэвізны — на замежную валюту (долары і фунты стэрлінгаў). Пасля сусв. эканам. крызісу 1929—33 абмен на залатыя зліткі захавалі толькі ЗША у адносінах з афіц. органамі інш. краін. У 1971 гэты абмен быў спынены і З.с. перастаў існаваць.

В.​А.​Драздоў.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́ ЗАПА́С,

цэнтралізаваны рэзервовы фонд золата ў злітках і манетах, які належыць дзярж. казначэйствам або цэнтр. банкам, а таксама міжнар. валютна-крэдытным арг-цыям. З 1970-х г. практычна замарожаны; выкарыстоўваецца ў некаторых выпадках як забеспячэнне крэдытаў замежных дзяржаў або міжнар. арг-цый, а краінамі, што сталі на шлях развіцця, — для атрымання замежнай валюты шляхам продажу металу на рынках золата, аўкцыёнах, фін. органам інш. краін. Пэўная частка дзярж. З.з. вылучаецца для прам-сці або прадаецца прыватным асобам (як правіла, у выглядзе залатых манет). Асн. частка З.з. ў сярэдзіне 1990-х г. прыпадала на прамыслова развітыя краіны (77% ад сусветных), на 130 краін, што сталі на шлях развіцця (13%). У першай пяцёрцы па З.з. знаходзіліся ЗША — 8,1 тыс. т, Германія — 3,7 тыс. т, Францыя — 3,2 тыс. т, Італія —2,6 тыс. т, Швейцарыя — 2,6 тыс. т (усяго 20,2 тыс. т). Агульныя сусв. афіцыйныя З.з. ў 1980 складалі 35,8 тыс. т, у 1994—34,2 тыс. т. Гл. таксама Золатавалютныя рэзервы.

В.​А.​Драздоў.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Залаты медаль імя Ю. А. Гагарына 3/283

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Залаты медаль міру» імя Ф. Жаліо-Кюры 10/132

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Залаты медаль «Серп і молат» Героя Сацыялістычнай Працы 3/457; 7/574—575 (укл.), 575

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЕДЗЯ́РАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 24.12.1947, в. Янглічы Канашскага р-на, Чувашыя),

бел. спартсмен (стралк. спорт). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1971). Засл. майстар спорту СССР (1973). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1977). З 1972 інструктар Спартклуба БВА. Сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у асабістым першынстве. Перамогі на чэмпіянатах свету: 1973 (г. Мельбурн, Аўстралія) — 2 залатыя медалі ў камандным, залаты і сярэбраны — у асабістым першынствах; 1974 (г. Тун, Швейцарыя) — 2 залатыя медалі ў камандным, сярэбраны ў асабістым першынствах, 2 залатыя медалі ў камандным першынстве 1975 (г. Мюнхен, Германія), 1979 (г. Лінц, Аўстрыя). Перамогі на чэмпіянатах Еўропы: 1973 (г. Доргмунд, Германія) — залаты медаль у камандным першынстве; 1977 (Бухарэст) — залаты медаль у камандным і сярэбраны ў асабістым першынствах; 1978 (г. Зуль, Германія) — залаты медаль у камандным і бронз. ў асабістым першынствах; 1979 (г. Грац, Аўстрыя) — сярэбраны медаль у асабістым першынстве; 1980 (Осла) — залатыя медалі ў камандным і асабістым першынствах. Чэмпіён СССР у асабістым (1972—74) і камандным (1978) першынствах. Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР. Усе перамогі атрыманы ў практыкаванні «Бягучы дзік».

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАЧЭ́НКА (Анатоль Рыгоравіч) (н. 28.5.1922, г. Гомель),

расійскі географ і картограф. Акад. Расійскай экалагічнай акадэміі (1992). Д-р геагр. н. (1963), праф. Санкт-Пецярбургскага ун-та (1964). Скончыў Ленінградскі ун-т (1947). Навук. працы па ландшафтазнаўстве, фіз.-геагр. раянаванні, складанні ландшафтных картаў (рэдагаваў Ландшафтную карту Беларускай ССР маштабу 1:600 000; 1984), пытаннях экалогіі. Залаты медаль імя П.​П.​Сямёнава-Цян-Шанскага (1963), Вял. залаты медаль Расійскага геагр. т-ва (1995).

В.​А.​Ярмоленка.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕРП І МО́ЛАТ»,

залаты медаль у СССР, устаноўлены ў 1940 як знак асаблівай адзнакі Героя Сацыялістычнай Працы.

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУЛЕ́Й ((Apuleius) Луцый) (каля 125, г. Мадаўра, Паўн. Афрыка — каля 180),

старажытнарымскі пісьменнік, аратар. Адукацыю атрымаў у Карфагене і Афінах. З яго літ. спадчыны дайшла невял. частка: авантурна-алегарычны раман «Метамарфозы» («Залаты асёл») у 11 кнігах з устаўнымі навеламі (у т. л. казка пра Амура і Псіхею, кн. 4—6), у якім рэаліст. і сатыр. малюнкі з жыцця рымскай правінцыі 2 ст. н.э. спалучаюцца з эротыкай, фантастыкай і містыкай, — адзін з першых псіхал. раманаў у еўрап. л-ры; «Апалогія, ці Слова ў абарону супраць абвінавачання ў магіі»; зб. урыўкаў з рытарычных прамоў Апулея «Фларыды»; навукова-філас. трактаты і інш. На бел. мову «Метамарфозы» пераклаў П.​Бітэль.

Тв.:

Бел. пер. — Метамарфозы, ці Залаты асёл // Лонг. Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою...: Раманы. Мн., 1991;

Рус. пер. — «Метаморфозы» (и другие сочинения): Пер. с лат. М., 1988.

Ілюстрацыя М.​Селешчука да рамана Апулея «Залаты асёл». Мінск. 1991.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВО́Й (Георгій Цімафеевіч) (15.4.1921, с. Фёдараўка Карлаўскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 30.6.1995),

савецкі касманаўт. Ген.-лейт. авіяцыі (1977), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1968), лётчык-касманаўт СССР (1968), засл. лётчык-выпрабавальнік СССР (1961). Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію (цяпер імя Ю.​А.​Гагарына; 1956). У 1964—69 у атрадзе сав. касманаўтаў. 26—30.10.1968 пілатаваў касм. карабель «Саюз-3», адпрацоўваў збліжэнне з беспілотным касм. караблём «Саюз-2». Працягласць палёту 3,95 сут. У 1972—87 нач. Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР, залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 3, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)